Размовы пра неабходнасць мець у рэспубліцы яшчэ адзін оперны тэатр — камерны, маладзёжны — пачаліся, бадай, у 1970 — 80-я: гэта было запаветнай марай нашага знакамітага рэжысёра, народнага артыста Беларусі Сямёна Штэйна. Дзякуючы яму, ажыццяўляліся нават камерныя аднаактовыя пастаноўкі (вядома, сіламі прызнаных оперных артыстаў) і ў фае Вялікага тэатра, і на сцэне тагачаснага Дома работнікаў мастацтваў — побач з цяперашнім Цэнтральным Домам афіцэраў. Потым тыя мары сталі настальгіяй — як і згадкі пра былую веліч дзесяткаў оперных тэатраў на Беларусі ў другой палове ХVІІІ ст.
Другі віток “марных” намаганняў пачаўся некалькі гадоў таму. Пра ўласны тэатр загаварыла Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі, дзе сіламі Опернай студыі штогод ладзяцца дыпломныя спектаклі. А народны артыст Беларусі Уладзімір Экнадзіёсаў, вярнуўшыся пасля некалькіх гадоў працы ў Расіі, загарэўся ідэяй адкрыць абласныя оперныя тэатры. Пачынаць думаў з Брэста, дзе ёсць і два сімфанічныя аркестры, і вопыт пастаноўкі музычных камедый. Немалаважным фактарам лічыў і тое, што гэты горад — радзіма беларускага кампазітара Уладзіміра Солтана, аўтара трох опер (“Дзікае паляванне караля Стаха”, “Пані Ядвіга”, дзіцячая “Мілавіца”), з якіх пастаўлена пакуль толькі першая. Але — не склалася. Бо для такой справы патрэбны грошы і энтузіязм: чым болей, тым лепей.
А вось у Маладзечне ўсё атрымалася — ды так хутка! Бо разам сышліся ўсе вектары жаданняў і магчымасцей. Пра оперу, як высветлілася, сапраўды марылі ўсе: і згаданы рэжысёр Беларускай оперы У.Экнадзіёсаў, і дырэктар Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.Кл. Агінскага, заслужаны дзеяч культуры рэспублікі Рыгор Сарока (чым бы гэткім незвычайным сустрэць 50-годдзе навучальнай установы?), і дырэктар Палаца культуры г. Маладзечна Святлана Сарока (што б яшчэ такое грандыёзнае зладзіць у Палацы?), і мясцовыя ўлады (мы не горшыя за сталіцу!), і, канешне, самі ўдзельнікі спектакля (хто, тым больш са спевакоў, не хацеў бы выйсці на вялікую сцэну?).
Але ж выйсці — яшчэ не значыць перамагчы. Мастацкія якасці пастаноўкі, зразумела, розныя. Як розныя паводле стылю сцэнічныя строі галоўных дзеючых асоб (іх пазычыў Вялікі тэатр оперы Беларусі) і ўдзельнікаў масавых сцэн. Вядома, наўрад ці трэба шукаць канцэптуальнасць у сцэнаграфіі — лепей проста падзякаваць мастаку Палаца Пятру Міхасёнку, які прапанаваў і два сцэнічныя заднікі (адзін з горнымі краявідамі, другі — з аблокамі на блакіце нябёсаў), і калоны, абвітыя плюшчам, і некалькі рознаўзроўневых подыумаў з лесвіцамі, і сапраўдны фантанчык на сцэне (каб не ён, відовішча асацыіравалася б з куды больш рэалістычным “Яўгенам Анегіным”, чым з філасофскай “казкай для дарослых”, прысвечанай не столькі сонечнаму, колькі боскаму святлу). Тым больш не трэба чакаць знаходак у рэжысуры: спектакль атрымаўся не проста традыцыйным, а яшчэ і абсалютна статычным, дзе адзіны кантраст паміж “жаночым паўднём” і “мужчынскімі прыцемкамі” ствараецца запальваннем зорак і факелаў у рэзка наступіўшай цемры.
Але гэта ніяк не зніжала глядацкую цікавасць: сачыць за развіццём вядомага сюжэта (праграмку са сціслым лібрэта бясплатна атрымаў кожны!) было надзвычай займальна, бо асабіста я ўпершыню (!) пачула ў оперы абсалютна ўсе словы. На дзіва высокім быў і музычны бок спектакля — пры тым, што ствараўся ён выключна “сваімі сіламі”, без запрашэння знакамітыхоперных зорак. Нароўні з выкладчыкамі вучылішча спявалі яго былыя і, галоўнае, цяперашнія навучэнцы. Яно і зразумела: Маладзечна здаўна славілася сваёй вакальнай школай, асабліва сярод мужчынскіх галасоў. Больш за ўсіх уразіў 3-курснік Анатоль Сіўко (кароль Рэнэ), прычым не толькі шыкоўным голасам і вялікім дыяпазонам, але і больш экспрэсіўнай трактоўкай вобраза.“Дачку” яго вельмі кранальна спявала выкладчыца, лаўрэат Міжнароднага конкурсу Наталля Шыбко (у дзявоцтве — Александровіч). Дзякуючы пяшчотнаму меца-сапрана яшчэ адной выкладчыцы — Маргарыты Васілевіч, сардэчна клапатлівай атрымалася Марта. Самая ж цяжкая доля выпала 3-курсніку Уладзіміру Дзмітруку: партыя Вадэмона патрабуе такой падрыхтоўкі і, асабліва, вытрымкі, якімі можа пахваліцца далёка не кожны тэнар, а тым больш — пачатковец. Таму нядзіўна, што прыгожы па тэмбры голас выканаўцы хутка стаміўся, вымушаючы свайго ўладальніка пераходзіць то на занадта драматычныя фарбы, то на фальцэт.
Дырыжор Р.Сарока імкнуўся да большай кантрастнасці раздзелаў партытуры (аркестр, як мог, ішоў за ім, хаця рэплікі духавых маглі б быць ярчэйшымі), да больш рухавых, чым заўсёды, тэмпаў. Часцей гэта дапамагала спевакам, але былі моманты, калі і перашкаджала, то надаючы жанравасць партыі лекара Ібн-Хакія (студэнт БДАМ Андрэй Саўчанка), то ператвараючы гімнічнае ўсхваленне прыгажосці Сусвету ў хуткі марш.
Але блін не атрымаўся камяком — наадварот! Ды ўсё ж самым дзіўным, мабыць, была рэакцыя слухачоў: ніводнага шоргату — і такі гром апладысментаў, такое мора кветак, якіх, я ўпэўнена, не бачыла ніводная трупа свету. Скажаце, таму, што маладзечанцы зрабілі сабе падарунак самі? Але ж яны зрабілі яго не толькі сабе, але і ўсёй краіне, прымусіўшы спадзявацца, што “оперны сіндром” стане добрай тэндэнцыяй павароту грамадскасці да скарбніц музычнай класікі (ці ж гэта не “оперная рэвалюцыя”, пра якую гаварылі ледзь не ўсе выступоўцы, уключаючы афіцыйных асоб?), а да таго ж, тэндэнцыяй яшчэ больш высокага стаўлення артыстаў да сваёй прафесіі. Бо калі так спяваюць навучэнцы, дык як трэба спяваць зоркам?..
Фота Юрыя ІВАНОВА