Сцэна са спектакля "Цені" па п'есе Францішка Аляхновіча
А пачыналася ўсё так. Ля вытокаў конкурсу стаялі два чалавекі, дзве асобы. Гэта Бярута Семянкова, на той час метадыст Першамайскага раённага аддзела адукацыі, і былы кіраўнік літаратурнай часткі Коласаўскага тэатра, а цяпер асістэнт рэжысёра Святлана Дашкевіч. У сярэдзіне 1990-х Бярута Аляксандраўна курыравала конкурс школьных драмгурткоў і звярнулася да Святланы Мікалаеўны з прапановай паўдзельнічаць у якасці члена журы. Вельмі хутка раённы конкурс пашырыў свае рамкі і вырас да гарадскога форуму. Коласаўскі тэатр узяў яго пад сваё крыло. На той час ён меў асаблівую патрэбу ў маладых артыстах, шукаў юныя таленты, і “Школьны тэатр” гэтаму мог паспрыяць. Таму на той час мастацкі кіраўнік тэатра Валерый Маслюк падхапіў ідэю, першы “Школьны тэатр” прайшоў у 1996 годзе і меў статус фестывалю. З прыходам у 1997 годзе ў Коласаўскі тэатр Віталя Баркоўскага — рэжысёра, нацэленага на працу ў першую чаргу з моладдзю, — фестываль атрымаў новы віток развіцця. Баркоўскі сам праводзіў рэпетыцыі перад фестывальнымі праглядамі. А аднойчы пасля фэсту паставіў казку “А пры чым тут Кашчэй?”, дзе ў пары с прафесійнымі артыстамі працавалі старшакласнікі.
І сапраўды, неўзабаве трупу папоўнілі цікавыя маладыя артысты. Усе яны былі заўважаныя і адзначаныя ў свой час, рэкамендаваныя пасля заканчэння школы для залічэння ў віцебскую трупу. Аб тым, што ў Віцебску нараджаецца ўнікальны для Беларусі праект, адразу паведамілі ў Беларускую акадэмію мастацтваў. Уладзімір Мішчанчук, на той час загадчык кафедры майстэрства акцёра, а цяпер дэкан тэатральнага факультэта, асабіста прыязджаў на кожны конкурс. Пры гэтым камандзіравала выкладчыка сама навучальная ўстанова. Але не толькі гэта мела на ўвазе кіраўніцтва Коласаўскага тэатра, яно глядзела далей. Конкурс спрыяў папулярызацыі сцэнічнага мастацтва сярод падлеткаў, моладзі горада. Бо ўдзельнікі школьных тэатраў ды іх аднагодкі — гэта ж будучыя дарослыя гледачы Коласаўскага тэатра.
Была ў арганізатараў фестывалю такая мара — ці, можа, спадзеў — пашырыць яго рамкі да ўзроўню абласнога або нават рэспубліканскага. Але ў дзяржаве пачалі больш ашчадна лічыць грошы, і цяпер мы можам праводзіць “Школьны тэатр” толькі на гарадскім узроўні. І тым не менш фестываль жыве і застаецца прэстыжным. Адмянілі яго толькі аднойчы, у 2020 годзе, праз пандэмію. І цяпер, калі эпідэміялагічная сітуацыя палепшылася, ён аднавіўся. Апошнія гады ён праходзіць пры падтрымцы Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта, яго заснавальнікамі з’яўляюцца аддзелы адукацыі, а таксама ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама, ну і, вядома ж, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа.
Хочацца зазначыць яшчэ адну яго асаблівасць. Згодна з палажэннем конкурсу, усе сцэнічныя работы ставяцца па творах беларускіх аўтараў (як класікаў, так і нашых сучаснікаў) і абавязкова на беларускай мове. Такім чынам, фестываль спрыяе яшчэ і папулярызацыі, пашырэнню ўжытку роднага слова. Сёлета ў фестывальную афішу трапілі 12 спектакляў па творах беларускіх аўтараў. Сярод іх — Міхась Чарот, Уладзімір Караткевіч, Францішак Аляхновіч, Сяргей Кавалёў, Валерый Гапееў, Уладзімір Рудаў, Алесь Махнач, Улада Альхоўская.
Такім чынам, гран-пры конкурсу атрымаў тэатральны калектыў СШ № 45 (кіраўнік Канстанцін Ганчароў) за спектакль “Цені” па п’есе Францішка Аляхновіча. Шчыра кажучы, перад рэжысёрам стаяла вельмі складаная задача. Найперш — зацікавіць сваіх акцёраў дастаткова дарослым матэрыялам, у якім спалучаныя і сімвалісцкія элементы, і псіхалагічная падрабязнасць пражывання герояў, іх пачуцці і жарсці. Рэжысёр зусім не імкнецца прыкрыць усё ж такі непрафесійных выканаўцаў пластыкай альбо музыкай, якія б у нечым ім дапамаглі. Усё сканцэнтравана на акцёрах, яны максімальна наблізіліся да той плыні, якая называецца псіхалагічным тэатрам.
Юрый ІВАНОЎСКІ,
літаратурны рэдактар Нацыянальнага
акадэмічнага драматычнага тэатра
імя Якуба Коласа
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №20 ад 14 мая.