Перад сустрэчай з выкладчыкамі кіраўнік ведамства наведаў вучэбныя класы і пазнаёміўся з юнымі талентамі. На ўроку акадэмічных спеваў атрымалася заспець першакурсніцу Уладзіславу Дарашэвіч. Дзяўчына марыць пра вялікую сцэну і таму збіраецца прыкласці максімум намаганняў падчас навучання. Безумоўна, поспех будучай артысткі залежыць не толькі ад яе ўпартасці, але і ад школы. Каледж імя Глінкі можа даць старт годнай кар’еры, што пацвярджае гісторыя: некаторыя выпускнікі сталі салістамі Вялікага тэатра Беларусі і Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, удзельнікамі творчых калектываў блізкага і далёкага замежжа.
Таксама Анатолій Маркевіч пабываў у вялікай канцэртнай зале на рэпетыцыі народнага хору. Гэты калектыў адзначаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У скарбонцы хору — дыпломы рэспубліканскага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі», міжнародных спаборніцтваў у Расіі і Аўстрыі.
На дыялогавай пляцоўцы міністр культуры абмеркаваў з калектывам каледжа праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі, а таксама ключавыя тэзісы Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Анатолій Маркевіч раскрыў гісторыю Асноўнага Закона і абгрунтаваў неабходнасць абнаўлення дакумента.
— Пасля прыняцця Канстытуцыі адбылося шмат падзей. Заканамерна, што Асноўны Закон патрабуе карэктываў. Іх дыктуе само жыццё. Пры гэтым мы не скасоўваем ранейшыя напрацоўкі, бо навошта бурыць падмурак і сцены дома, калі яны трывалыя, — адзначыў Анатолій Мечыслававіч. — Краевугольныя камяні застаюцца некранутымі. У абноўленай Канстытуцыі застанецца паняцце сацыяльна арыентаванай дзяржавы. І мы бачым, што праект выклікаў шчырую зацікаўленасць народа.
Тэму дыялогавай пляцоўкі не абмяжоўвалі канстытуцыйнай рэформай. Супрацоўнікі каледжа звярнуліся да міністра культуры з пытаннямі пра сістэму музычнай адукацыі. Сярод прапаноў ад выкладчыкаў — пашырыць спіс творчых конкурсаў, пераможцы якіх маюць права паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы і каледжы без іспытаў. Завяршылася сустрэча канцэртам навучэнцаў і творчых калектываў каледжа.
Данііл ШЭЙКА