— Пасланне Кіраўніка дзяржавы паказала глабальную панараму падзей, палітычных і эканамічных працэсаў, якія адбываюцца сёння ў нашай краіне і ў свеце. Вялікае ўражанне зрабіла прапанаваная ў нечаканай форме магчымасць для грамадства адказаць на тры важныя пытанні, якія датычацца далейшага развіцця і шляху нашай краіны. Гэтая прапанова была выслуханая і прынятая з вялікай увагай і зацікаўленасцю, яна прымушае задумацца аб выкліках будучыні, задумацца, ці гатовыя мы да іх, ці гатовыя працаваць па-новаму ў сучасных абставінах.
Фармат выступу Прэзідэнта дазволіў нам быць не пасіўнымі слухачамі, але актыўнымі ўдзельнікамі абмеркавання надзённых пытанняў. Мяркую, нікога не пакінулі абыякавымі нязвыклая для нас тэма вайны і міру, пытанні, звязаныя з эканамічным развіццём Беларусі. Маю ўвагу прыцягнула таксама тэма канстытуцыйнай рэформы, бо, як член Канстытуцыйнай камісіі, я маю ўяўленне аб тым, як праходзілі работа над праектам Канстытуцыі і яго абмеркаванне, як Прэзідэнт каментаваў гэты працэс і ўносіў у яго свае карэктывы.