Першы прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Святлана ВІНАКУРАВА:
Вялікая ўвага сёння надаецца зберажэнню памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны і масавага знішчэння народа Беларусі ў яе гады. Прапанова замацаваць у асноўным законе нашай дзяржавы норму аб неабходнасці захавання памяці пра гэтыя падзеі з’яўляецца выключна актуальнай у наш час, асабліва з улікам таго, што жывых удзельнікаў вайны, на жаль, засталося ўжо не так шмат.
Што тычыцца захавання гістарычнай праўды, гэтае палажэнне варта ўспрымаць не як канчатковы вынік, а як працэс бясконцага высвятлення і вызначэння праўдзівай карціны падзей мінуўшчыны ў святле новых адкрыццяў, гістарычных фактаў, знаходак, крыніц і сведчанняў. Але гэта значыць таксама, што ўсе яны мусяць быць праўдзівымі і мець пад сабой грунтоўную доказную базу.
У аснове дасягненняў любой краіны ляжыць канструктыўная вытворчая праца. Гэта можа быць як вытворчасць матэрыяльных дабротаў, так і стварэнне духоўных каштоўнасцей, у прыватнасці — мастацкая творчасць. Таму неабходна выхоўваць і належную павагу да гэтай працы, што мусіць быць замацавана ў тым ліку і ў Асноўным Законе дзяржавы, павышаючы асабістую адказнасць кожнага грамадзяніна. Любое павышэнне дабрабыту мусіць быць дасягнутае толькі сумленнай працай.
Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр ХРАМОЙ:
2022-ы абвешчаны Годам гістарычнай памяці, таму мы разумеем, што на Нацыянальны гістарычны музей ускладаецца вялікая адказнасць за правільны паказ нашай гісторыі і яе асноўных момантаў, у тым ліку падзей Вялікай Айчыннай вайны, за недапушчэнне рэвізіянісцкіх тэндэнцый і адраджэння нацызму. Неабходна засяродзіцца на дэманстрацыі подзвігу беларускага народа, кансалідацыі беларускай нацыі ў выніку падзей восені 1939 года і канкрэтна 17 верасня як Дня народнага адзінства. Нацыянальны гістарычны музей у мінулым годзе ўзяў на сябе выкананне задачы па праўдзівым асвятленні згаданых этапаў развіцця і станаўлення нашай дзяржавы праз шэраг знакавых выставачных праектаў.
Сёння мы ўсведамляем, што неабходна ўзмацніць і актывізаваць работу ў такім напрамку таксама і ў рэгіёнах нашай краіны. У прыватнасці, можна згадаць прыклад музеефікацыі месца колішняга канцэнтрацыйнага лагера ў Бярозе-Картузскай, які існаваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1934 — 1939 гадах.
27 снежня 2021 года на ўсенароднае абмеркаванне вынесены праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Наш музей як метадычны цэнтр працуе з усімі абласнымі музейнымі ўстановамі для таго, каб акцэнтаваць іх увагу на неабходнасці засяродзіць сваю дзейнасць на тых палажэннях, якія датычацца сферы культуры ды захавання гістарычнай памяці і прапаноўваюцца да замацавання ў праекце новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя таго, Нацыянальны гістарычны музей сёння таксама рыхтуецца да адзначэння важных памятных дат і з уласнай гісторыі: да 100-годдзя з дня заснавання нашага філіяла — Дома-музея І з’езда Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, а таксама 10-годдзя Музея гісторыі сучаснай беларускай дзяржаўнасці.