— Прафсаюзы работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму клапоцяцца і бароняць інтарэсы сваіх членаў . Рэгулярна іх супрацоўнікі даводзяць самую неабходную і разнастайную інфармацыю да ўсіх, хто рупіцца ў галіне. Ці дапамагае газета “Культура” работнікам прафсаюза ў іх справе?
Міхаіл Жукевіч, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму:
— Безумоўна, наша абласная арганізацыя раіць супрацоўнікам галіны культуры рэгіёна выпісваць вашу газету. Лічу, што ў нашай справе па данясенні патрэбнай інфармацыі да людзей галіны “Культура” такая ж неабходная, як афіцыйнае выданне прафсаюзаў “Беларускі час”. Асабіста мне падабаецца маляўнічы папяровы варыянт выдання, хаця ведаю, што ў “Культуры” ёсць і сайт. Безумоўна, прыемна чытаць навіны і рэпартажы з нашага рэгіёна, але хацелася б часцей бачыць на старонках газеты даступны разбор афіцыйных пастаноў і каментарыі юрыстаў да іх. Лічу, гэта можа спатрэбіцца маладым кіраўнікам сферы культуры.
— З дапамогай Міністэрства культуры краіны працягваюцца рамонтныя работы на шматлікіх аб’ектах, дзе яны сапраўды неабходныя. Адзін з такіх — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску. Тут планава рамантуецца дах. Ці не перашкаджаюць правядзенню спектакляў гэтыя работы?
Юлія Харкевіч, намеснік дырэктара па арганізацыі гледача:
— Сапраўды, у будынку тэатра, якому больш за 35 гадоў, праводзіцца рамонт даху. Дзякуючы дапамозе Міністэрства культуры гэтая работа пачалася планава, і зімовае надвор’е не перашкодзіць якаснаму яе выкананню. Асноўнаму навагодняму спектаклю “Чароўны хлопчык”, а таксама іншым пастаноўкам рамонт даху не замінае.
— Навагодняя дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” праходзіць з 14 снежня 2021 года па 14 студзеня 2022 года. У гэты час ва ўсіх рэгіёнах краіны ў дзіцячых інтэрнатах, дамах сямейнага тыпу, бальніцах пройдуць урачыстыя канцэрты. А як да правядзення акцыі гатовы ў Магілёўскай вобласці?
Наталля Пушнова, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама:
— Для асаблівых дзетак традыцыйна арганізаваны абласны марафон “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”, які стартаваў 1 снежня на базе “Магілёўскага абласнога тэатра лялек”. 17 снежня ў рамках названай акцыі ў Магілёве адбылася цырымонія запальвання агнёў на галоўнай ёлцы вобласці. 18 снежня ў парку ў Падніколлі адкрылася інтэрактыўная пляцоўка “Казачны дом Дзеда Мароза”. 20 снежня ў магілёўскім Палацы грамадзянскіх абрадаў у 11 раз прайшоў Кадэцкі баль. 23 снежня ў Палацы культуры вобласці прайшоў абласны Навагодні баль, у якім прымалі удзел 50 юнакоў і дзяўчат — пераможцаў алімпіяд, конкурсаў, спартыўных спаборніцтваў. 25 снежня ў парку ў Падніколлі адбудзецца гарадское сямейнае свята “Чараўніцтва ў навагоднім парку”. Упершыню ў вобласці ў кінатэатры “Чырвоная зорка” 24 і 25 снежня адбудзецца інтэрактыўны мультымедыйны спектакль “Школа чараўнікоў”. 28 снежня ў Касцюковічах у рамках навагодніх мерапрыемстваў адкрыецца новы Раённы цэнтр культуры. 29 снежня на базе Палаца культуры вобласці адбудзецца свята для дзяцей з усёй вобласці. Рэзідэнцыі Дзеда Мароза будуць працаваць у Бабруйскім, Горацкім, Клічаўскім, Касцюковіцкім, Хоцімскім раёнах. У Чавускім раёне пройдзе калядны кірмаш “Да нас грукае Новы год”.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ