Часопіс “Мастацтва” — адзіны ў краіне штомесячнік, прысвечаны практычна ўсім відам і жанрам сучаснага і даўняга мастацтва. Утвораны амаль 40 гадоў таму, ён ні на месяц не спыняў свае спатканні з аматарамі прыгожага. Колькасць выдадзеных нумароў паціху набліжаецца да 500, а сваё 40-годдзе з дня выхаду з друку першага нумара яшчэ пад назвай “Мастацтва Беларусі” выданне плануе адзначыць на самым пачатку вясны 2023 года.
Ініцыятарам заснавання часопіса быў вядомы этнограф Міхась Раманюк, які здолеў ад пачатку сабраць у рэдакцыі дасведчаных спецыялістаў у розных галінах мастацтва. З часам склад рэдакцыі абнаўляўся, у ім з’яўляліся больш маладыя, але не менш таленавітыя журналісты. Мяняўся і змест выдання. Цяпер “Мастацтва” пашырыла тэматычны дыяпазон і друкуе шмат матэрыялаў пра падзеі ў мастацкім жыцці за межамі краіны, тым самым упісваючы Беларусь у кантэкст агульнасусветных тэндэнцый.
“Мастацтва” аддае свае старонкі пад публікацыі, у якіх асвятляюцца падзеі ў такіх галінах, як выяўленчае мастацтва, музыка, харэаграфія, тэатр, кіно, архітэктура, дызайн. Жанр такіх публікацый шырокі і разнастайны. Гэта рэцэнзіі на выставы і спектаклі, агляды выстаў і фестываляў, інтэрв’ю і гутаркі як з вядомымі дзеячамі айчыннага і замежнага мастацтва, так і з тымі творцамі, чый шлях толькі пачынаецца, але яны маюць на ўласным рахунку такія дасягненні, якія былі ўжо заўважаны як спецыялістамі, так і шырокай грамадскасцю. Істотную частку публікацый займаюць артыкулы гістарычнага характару, прысвечаныя ў асноўным выяўленчаму мастацтву, тэатру, кіно, музыцы. Штогод рэдакцыя імкнецца ўводзіць новыя арыгінальныя рубрыкі, якія ў той ці іншай ступені маюць дачыненне да свету мастацтва.
У практыку рэдакцыі ў апошнія гады ўвайшла падрыхтоўка спецыялізаваных нумароў, прысвечаных мастацтву краін — суседак Беларусі, установам культуры, значным гістарычным юбілеям. Так, быў падрыхтаваны нумар да юбілею Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, пры падтрымцы мабільнага аператара А1 свет убачыў нумар у гонар 100-годдзя авангарднага мастацкага аб’яднання УНОВИС у Віцебску. Пры гэтым неабходна адзначыць, што большасць публікацый з’яўляюцца эксклюзіўнымі, асвятляючы падзеі, якія часцей за ўсё застаюцца па-за ўвагай іншых СМІ. У гэтым — адзін з моцных пунктаў рэдакцыйнай палітыкі: ніводная з ліку значных, гучных падзей не павінна застацца неадзначанай. І таму пра гэта часам немагчыма нідзе прачытаць, як на старонках гэтага штомесячніка.
Сёння рэдакцыя часопіса згрупавала пры сабе няхай і невялікае, але праверанае і адданае кола аўтараў, здольных выказацца на тую ці іншую тэму. Публікацыі асвятляюць падзеі не толькі ў сталіцы. “Мастацтва” мае пастаянных аўтараў у абласных і іншых буйных гарадах краіны, усюды, дзе віруе мастацкае жыццё і адбываюцца цікавыя мерапрыемствы і паказы. У гэтых мясцовасцях таксама маюцца і галерэі, і музеі, і тэатральныя трупы, працуюць арыгінальныя артысты, паўстаюць шматлікія мастацкія творы.
Неабходна адзначыць і знешні выгляд выдання. Мастацкі рэдактар часопіса — адзін з вядучых мастакоў-акварэлістаў Беларусі Вячаслаў Паўлавец, які мае вялікі досвед у тым ліку у афармленні кніжных і перыядычных выданняў. Вось чаму “Мастацтва” шмат увагі надае ілюстрацыям. Дастаткова сказаць, што ў кожным чарговым нумары змяшчаецца пад 100 фотаздымкаў, якія ўпоравень з тэкстамі таксама здольныя шмат распавесці чытачам. “Мастацтва” не было б сапраўдным ілюстраваным часопісам, калі б не імкнулася ствараць раўнавагу і адзінае цэлае з напісанага і адзнятага.
Імкнучыся не адставаць ад павеваў часу, “Мастацтва” актыўна падтрымлівае сваю старонку ў “Фэйсбуку”, анансуючы там у першую чаргу падрыхтоўку новых нумароў і выхад з друку чарговага.
І калі вы хочаце быць у курсе актуальных падзей у беларускім мастацтве, даведвацца пра тое, што значнага адбываецца за мяжой, вам варта аформіць падпіску на часопіс “Мастацтва” на 2022 год.
Падпісныя індэксы: 74958, 749582.