Таксама 1 кастрычніка адбылося адкрыццё Дзён кіно Рэспублікі Беларусь у Казахстане. На працягу некалькіх дзён казахскія гледачы мелі магчымасць пазнаёміцца з мастацкімі, дакументальнымі і анімацыйнымі беларускімі фільмамі, сярод якіх ігравыя “Правілы геймера”, “Вайна. Застацца чалавекам”, “Франка”, “Адна дарога”, “Будні дзень”, “Фота на памяць”, “Авантуры Пранціша Вырвіча”, “Лёс дыверсанта”, а таксама неігравыя “Вяда”, “Добрых дзяўчынак не б’юць” і “Лебедзі”.
У рамках Дзён кіно Рэспублікі Беларусь у Казахстане таксама адбыўся конкурс маладых кінематаграфістаў “Кіно за пяць дзён”, майстар-класы, круглыя сталы, прэзентацыі і творчыя сустрэчы з удзельнікамі кінафестывалю. Беларуская дэлегацыя абмеркавала з калегамі перспектывы супрацоўніцтва ў стварэнні сумесных фільмаў і дыстрыбуцыі, адбыўся абмен досведам у арганізацыі і правядзенні кінафестываляў.
2 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі Казахстана адкрылася выстава “Сучасная Беларусь вачыма маладых мастакоў”. У экспазіцыі былі прадстаўлены работы, якія адлюстроўваюць прыгажосць усіх куткоў беларускай зямлі. Увечары таго ж дня ў канцэртнай зале “Казахстан” адбыўся гала-канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі. Казахстанская публіка горача вітала выступленні Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, Алёны Ланской, Жанэт, Аляксандра Саладухі і гурта “Аўра”.
А 3 кастрычніка ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Нур-Султане адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары. У Казахстане пражываюць больш за шэсцьдзясят тысяч беларусаў, дзейнічаюць трынаццаць грамадскіх аб’яднанняў, якія захоўваюць беларускія нацыянальныя традыцыі, звычаі і абрады, вывучаюць гісторыю і мову свайго народа і займаюцца арганізацыяй святаў і культурных мерапрыемстваў.
Таксама Анатолій Маркевіч наведаў вядучыя арганізацыі культуры Нур-Султана: тэатры оперы і балета, Казахстанскую нацыянальную акадэмію харэаграфіі і “Назарбаеў Цэнтр”. Былі абмеркаваныя перспектывы супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, удзелу ў міжнародных фестывалях, што праводзяцца ў Беларусі і Казахстане, гастроляў вядучых тэатраў.