— У аўторак, 14 верасня, у Палацы Незалежнасці Рэспублікі Беларусь запрацавала выстава “Пояс адзінства”. Хто паехаў на гэтую экспазіцыю ад Віцебскай вобласці і што адбывалася на мерапрыемстве?
Галіна Баркевіч, намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама:
— Ад Віцебшчыны на выставу “Пояс адзінства” паехалі майстры з Гарадоцкага і Глыбоцкага Дамоў рамёстваў. Яны правялі майстар-класы па ткацтве і ганчарным рамястве. Напрыклад, Марына Гушча прадстаўляла ажурнае ткацтва, якое з’яўляецца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчынай Беларусі. Святлана Скавырка прадэманстравала роспіс па тканіне, а Васіль Сіманковіч — майстэрства саломапляцення. Наша дэлегацыя таксама паглядзела на работы іншых абласных Дамоў рамёстваў, назапасіла ўражанняў. І гэта, безумоўна, вельмі добрая магчымасць для абмену вопытам і думкамі, бо краіна ў нас вельмі багатая на таленты і майстроў.
— Налета Орша стане культурнай сталіцай Беларусі. Як рыхтуецца горад да свята?
Сяргей Гарбачоў, начальнік аддзела культуры Аршанскага райвыканкама:
— Канешне, яшчэ, можа, трошкі і зарана планаваць культурную праграму, але Орша адназначна будзе гатова стаць культурнай сталіцай. Па Указе Прэзідэнта № 506 “Па развіцці Аршанскага раёна” ў нашых культурных установах атрымалася даць больш імпрэз лепшай якасці. Звязана гэта ў тым ліку і з правядзеннем капітальнага рамонту ў гарадскім Палацы культуры, а таксама ў Капыльскім Доме культуры, Балбасаўскім Доме культуры ды ў іншых культурных установах раёна. Закуплена і адмысловае абсталяванне. Так што Аршаншчына рыхтуецца, каб годна сустрэць наступны, 2022 год у якасці культурнай сталіцы.
—Адным з цэнтральных месцаў святкавання Дня народнага адзінства ў Брэсцкай вобласці стане Бяроза, і невыпадкова. У міжваенны час менавіта тут існаваў польскі канцэнтрацыйны лагер Бяроза-Картузская. Што адбудзецца 17 верасня ў Бярозе?
Дзмітрый Капітанчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Бярозаўскага райвыканкама:
— Адкрыццё абноўленага памятнага знака вязням канцлагера і часовай музейнай экспазіцыі стане адным з цэнтральных мерапрыемстваў свята. За час падрыхтоўкі да Дня народнага адзінства адбылося ўсталяванне дзвюх памятных гранітных пліт, якія дапоўнілі існуючы абеліск. Мастацкі праект рэалізавалі скульптары Аляксей Сарокін і Алесь Шаціла. Пры правядзенні рэканструкцыі абнавілі мемарыяльную пліту, а перад помнікам паклалі плітку шасціграннай формы — трылінку, менавіта тую, што выраблялі вязні канцлагера. У цэнтры горада таксама будуць працаваць гандлёвыя і выставачныя пляцоўкі, “Горад майстроў”, атракцыёны для дзяцей. На стадыёне ДЮСШ горада Бярозы адбудзецца раённы этап рэспубліканскіх спаборніцтваў “Шкаліяда”, пройдуць спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Пасля жыхароў і гасцей Бярозы чакае канцэрт на Цэнтральнай плошчы горада. Завершыцца дзень святочным салютам. А 18 верасня Бярозу і Брэст звяжа абласной аўтапрабег “У адзінстве — наша сіла!”.