Імя кампазітара Нестара Фёдаравіча Сакалоўскага, аўтара музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, на той час яшчэ не каледж, а Гомельскае музычнае вучылішча атрымала ў 1958 годзе. Але гісторыя ўстановы вядзецца ад 1921 года, калі навучанне ў музычным тэхнікуме ішло па чатырох спецыяльнасцях — фартэпіяна, аркестравыя інструменты, арган, сольныя спевы. У 1988 годзе пры вучылішчы адкрылася дзіцячая музычная школа, а ў 1994-м вучылішча стала каледжам мастацтваў.
За гэты час адукацыю атрымалі каля сямі тысяч навучэнцаў, якія цяпер і самі навучаюць іншых і якія бліскуча выступаюць на сцэнах канцэртных залаў не толькі Беларусі, але і іншых краін. Сярод выдатных выпускнікоў Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў — народныя артысты БССР Міхаіл Дрынеўскі і Яраслаў Пятроў, народныя артысты Рэспублікі Беларусь Анатоль Ярмоленка, Мікалай Скорыкаў і Яўген Гладкоў, заслужаныя артысты і заслужаныя дзеячы мастацтваў, дактары мастацтвазнаўства і многія іншыя выдатныя прадстаўнікі сучаснай Беларусі.
Цяпер у каледжы 440 вучняў і 156 выкладчыкаў, навучанне ідзе па 15 спецыяльнасцях. Выпускнікі атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю на базе 9 і 11 класаў сярэдняй школы, пасля заканчэння каледжа становяцца артыстамі і кіраўнікамі самадзейных хароў і аркестраў, фальклорных і харэаграфічных ансамбляў, настаўнікамі дзіцячых школ мастацтваў, рэжысёрамі абрадаў і свят, арганізатарамі культурнай дзейнасці. У Гомельскім каледжы навучэнцы атрымліваюць не толькі адукацыю, але і запатрабаваную і сапраўды прыгожую прафесію, якая ў далейшым жыцці дае маладым спецыялістам радасць творчасці. Многія пасля ідуць і ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а хтосьці потым і вяртаецца ў родны каледж, каб працягваць справу сваіх настаўнікаў.
У якасці адной з буйнейшых арт-пляцовак горада каледж мастацтваў імкнецца падзяліцца прыгажосцю музыкі далёка за межамі сваіх уласных сцен і таму арганізуе вялікую колькасць выязных канцэртаў. У канцэртных праграмах знаходзіцца месца і класічнаму матэрыялу для фартэпіяна і струнных інструментаў, і фаварытам масавага слухача — гітары, саксафону, баяну. Практычна ўсе канцэрты адбываюцца з выступленнямі вакалістаў эстраднага і акадэмічнага кірункаў. Асаблівай папулярнасцю ў публікі карыстаюцца праграмы з удзелам усіх 12 творчых калектываў каледжа, у ліку якіх Заслужаныя аматарскія калектывы.
Кожны год гісторыя каледжа папаўняецца новымі ўзнагародамі, дыпломамі і перамогамі яго навучэнцаў на буйных музычных форумах як у Беларусі, так і за межамі. Толькі з IX Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча вучні і выкладчыкі каледжа прывезлі 10 дыпломаў і грамат. Падобных трыумфальных выступленняў на конкурсах у гісторыі гамяльчан нямала.
Цяпер заканчваецца рамонт і падрыхтоўка аўдыторый да новага навучальнага года, распрацоўваецца экспазіцыя Музея гісторыі каледжа, прымеркаваная да стогадовага юбілею. У планах — стварэнне музычна-асветніцкага лекторыя.