Напачатку пасяджэння міністр азнаёміў удзельнікаў з вынікамі Рэспубліканскай педагагічнай нарады, якая адбылася 24 жніўня з удзелам Кіраўніка дзяржавы А.Р.Лукашэнкі, а таксама выказаў падзяку арганізатарам і ўдзельнікам канцэрта, які прайшоў на сцэне Вялікага тэатра оперы і балета і быў прымеркаваны да згаданага мерапрыемства.
Аб падрыхтоўцы да правядзення Дня народнага адзінства распавяла начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Ірына Карповіч. Ва ўстановах бібліятэчнай сеткі цягам тыдня адбудуцца выставачныя праекты пад агульнай назвай “У сям’і адзінай”. Іх вынікі будуць падсумаваныя 15 верасня на базе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў рамках мерапрыемства “Тэрыторыя адзінства”, падчас якога, між іншага, запланаваная ўрачыстая перадача беларускіх гістарычных артэфактаў, вернутых з Расійскай Федэрацыі.
16 верасня на базе Нацыянальнага гістарычнага музея пройдзе тэлемост з удзелам прадстаўнікоў рэгіёнаў, падчас якога будуць прадстаўленыя артэфакты з музейных фондаў, звязаныя з гісторыяй міжваеннага перыяду ў Заходняй Беларусі. З гэтай нагоды і ў Нацыянальным гістарычным музеі адбудуцца тэматычныя выставы, прэс-канферэнцыя і круглы стол.
17 верасня на “Мінск-арэне” пройдзе форум “Мы — Беларусь”, а 18 верасня на пляцоўцы ля Храма-помніка Усіх Святых адбудзецца гала-канцэрт у рамках агульнарэспубліканскай акцыі “Харавое веча”. У рэгіёнах таксама ладзяцца абласныя і раённыя мерапрыемствы. На тэлеканале АНТ 17 верасня будуць прадстаўленыя фільмы, прысвечаныя падзеям 1921–1939 гадоў: “Рана на целе Беларусі”, “Тры дні свабоды”, а таксама мусіць выйсці стужка “Беларусьфільма” “Максім Танк. Натуральны, як лінія небасхілу”.
Падчас нарады Анатолій Маркевіч прадставіў новага начальніка аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры. Гэтую пасаду заняла Кацярына Панамарова, якая раней працавала на кінастудыі “Беларусьфільм” і тэлебачанні, а з 2019 года была намеснікам кіраўніка аддзела па кінематаграфіі.
Рэктар Беларускай акадэміі музыкі Кацярына Дулава выступіла з дакладам аб захадах, якія прадпрымаюцца па правядзенні капітальнага рамонту навучальнага корпуса акадэміі па вуліцы Інтэрнацыянальнай, 30. У адпаведнасці з праграмай развіцця акадэміі на 2021–2025 гады, сёлета ўвосень мусяць быць распачатыя работы па комплекснаму навуковаму даследаванню аб’екта, увесну 2022 года запланаванае абследаванне тэхнічнага стану канструкцый будынка, а затым да канца года мае адбыцца распрацоўка праектна-сметнай дакументацыі, пасля чаго ў 2023 годзе распачнуцца рамонтныя работы. Таксама плануецца ўзвядзенне прыбудовы да навучальнага корпуса.