Не толькі герой эпіграм
У 1846 годзе ва ўводзінах сваіх “Успамінаў” Булгарын пісаў: “…дажыў да таго, што магу сказаць у вочы зайздрасці і літаратурнай варажнечы: што ўсе пісьменныя людзі (…) ведаюць пра маё існаванне!”
Я, здавалася б, скончыў і школу, і ВНУ. Наведаў там нямала заняткаў па літаратуры. Пра Булгарына нам распавядалі хіба мімаходзь, і менавіта ў сувязі з Пушкіным. Згадвалі яго эпіграмы, ды яшчэ ўрывак з паэмы “Тарас на Парнасе”. Няўжо такую сваю вядомасць меў на ўвазе сам літаратар?
Пісьменным (паводле Булгарына) я стаў хіба пазалетась, маючы ўжо 64 гады ад нараджэння, калі ўпершыню прачытаў яго творы. Здарылася гэта пасля таго, як у Нацыянальным гістарычным архіве Рэспублікі Беларусь мне пашчасціла адшукаць напісаную лацінай метрыку, дзе гаварылася пра смерць бацькі пісьменніка — Бенедыкта Булгарына: “1801 года месяца чэрвеня 14 дня ў маёнтку Маковішчы памёр высакародны Бенедыкт Булгарын, харунжы былой Польшчы, 47 гадоў, пахаваны 16 таго ж месяца на могілках Глускага парафіяльнага касцёла па-за мястэчкам Глуск”.
З “Успамінаў” я даведаўся, што Булгарын паводле свайго паходжання не паляк, як сцвярджаюць шматлікія крыніцы, а мой зямляк — род ягоны доўгі час жыў у ваколіцах Глуска. Сям’я арандавала маёнтак Маковішчы (цяпер Маковічы) у пяці вёрстах ад мястэчка. Адпаведна, я мог нават след у след хадзіць па тых сцяжынах, якія калісьці вымяраў сваімі крокамі Тадэвуш!
Варта адзначыць, што ва ўсіх энцыклапедыях месца нараджэння будучага пісьменніка пазначана так: маёнтак Перышава, цяперашні Уздзенскі раён. Па словах самаго Булгарына, маці неўзабаве яго прадала, каб расплаціцца з пазыкамі свайго мужа. Пасля гэтага сям’я і пасялілася ў Маковішчах.
Ягоныя бітвы
Пра сваю знаходку я паведаміў у глускую газету “Радзіма”, дзе Булгарына адразу прынялі за рэвалюцыянера — мусіць, пераблытаўшы з савецкім урадоўцам Мікалаем Булганіным. Неўзабаве там з’явіўся артыкул пра знаходжанне Тадэвуша ў Глуску ў 1807 годзе. Але парадокс: працытаваўшы ўрывак з аўтабіяграфічных “Успамінаў”, аўтар прыводзіць супярэчлівую біяграфію Булгарына з іншай крыніцы! А менавіта — з Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона (1890), дзе Тадэвуш Булгарын прадстаўлены як паляк і “сын катаржніка”. Хаця Булгарын нездарма клянецца ва “Уводзінах”, што ўсё напісанае ім — “сущая истина”. І дадае: “узгадваючы пра мае дзіцячыя гады, я выкладаў падзеі амаль у храналагічным парадку”.
Узяўшыся за гэты твор, мы адразу пераконваемся, што ён памятаў і цаніў свае гістарычныя карані: “Нарадзіўся я ў былым Мінскім ваяводстве былога Вялікага Княства Літоўскага (у якім продкі мае спрадвеку былі княжымі баярамі, якія мелі адно значэнне са старажытнымі баярамі рускімі), у маёнтку Перышаве, які належаў маці маёй, народжанай Бучынскай (герба Стрэмя)...”
Чаму ж тады ён увайшоў у гісторыю як паляк? Мабыць, нацыянальнасць была вызначана па канфесійнай прыналежнасці яго продкаў: “Пры Жыгімонце III (1587 — 1632) наша фамілія
перайшла ў каталіцкую веру і атрымала некалькі маёнткаў пад рознымі тытуламі”. У той самы час, як піша Булгарын, бацька ягоны заўсёды вызначаўся сваёй верацярпімасцю.
“Тата мой застаўся малалетнім сіратой пасля смерці бацькоў, з вельмі добрай маёмасцю, і апекунамі яго былі родны дзядзька і знакаміты князь Карл Радзівіл”, — распавядае ён. І неўзабаве аспрэчвае яшчэ адзін радок з энцыклапедый. Па яго словах, калі ўвесну 1795 года ў маёнтак Маковішчы прыйшлі расійскія вайскоўцы, Бенедыкт сустрэў іх прыязна і гасцінна — што не адпавядае яго характарыстыцы як “заўзятага рэспубліканца і таварыша Касцюшкі”.
Зусім не падобна на тое, што ён у мінулым 1794 годзе забіў рускага генерала і ўжо паспеў збегчы з сібірскай катаргі — як сцвярджаюць некаторыя крыніцы. Пагатоў, імператар Павел І, які, нібыта, вызваліў Бенедыкта ад пакарання, прыйдзе да ўлады толькі ў лістападзе 1796 года. Да гэтага варта дадаць, што 13 лістапада 1798 года Тадэвуш быў прыняты ў Сухапутны Шляхецкі кадэцкі корпус, у які ўладкоўваліся толькі родавыя дваране. Калі б яго бацька быў на катарзе, то ён быў бы пазбаўлены дваранскага стану. Але ж яго высокі тытул пацверджаны згаданай мною метрыкай аб смерці.
Пан Бенедыкт наогул быў асобай прыкметнай. Меў званне народнага грамадзянска-ваеннага камісара, павінен быў “міма сваёй волі” выконваць абавязкі маршалка шляхты, суддзі і “ўсіх паліцэйскіх уладаў”.
“Даследчыкі” дапоўнілі біяграфію Булгарына чуткамі пра яго баязлівасць, нават не згадаўшы пра ўзнагароджанне будучага пісьменніка ордэнам Святой Ганны — за мужнасць у бітве з французамі пад Фрыдландам у 1807 годзе.
Варта заўважыць, што тады яшчэ не прайшло і года пасля яго выпуску з Першага кадэцкага корпусу. Болей за тое — герою на той момант было толькі 18 гадоў!
Булгарын, паводле ўласных слоў, “дзесяць гадоў без малога не сыходзіў з каня, у бітвах і бівачным дыме прайшоўшы са зброяй у руках усю Еўропу, ад Тарнеа да Лісабона, праводзячы дні і ночы пад адкрытым небам, у трыццаць градусаў сцюжы ці спёкі, адпачываючы ў палатах вяльможаў, у дамах грамадзян і ва ўбогіх хацінах.” Агулам ён, паводле ўласных звестак, узяў удзел ажно ў 16 бітвах, не кажучы пра дробныя сутычкі. У сведкі пісьменнік заклікае сваіх баявых таварышаў: маўляў, ніводзін з іх не назаве яго баязліўцам і не скажа, што ён запляміў свой афіцэрскі гонар хаця б адным сумніўным учынкам.
Зрэшты, тая хлусня, якую выкарыстоўваюць “біёграфы” Булгарына, распаўсюджвалася ўжо пры яго жыцці. І Булгарын сам называе першапрычыну ўсяго негатыву пра яго. Гэта была сапраўдная “літаратурная варожасць, якая працягваецца ад гэтага часу і пяройдзе за межы маёй магілы”. Асноўныя канкурэнты ў гэтай барацьбе — Булгарын і Пушкін.
Выказванні апошняга пра Булгарына прыгадваць нават залішне — яны вядомыя ўсім. Той жа, наадварот, вызначаўся стрыманасцю: “Прызнаючы заўсёды геніяльнасць Пушкіна і Жукоўскага, (…) гаварылася смела і адкрыта пра іх творы, з указаннем на слабое для ўзвышэння прыўкраснага”.
Булгарын у сваіх “Успамінах” не хавае знаёмства з “рэакцыянерамі” Аракчэевым і Бенкендорфам. Ды ён і сам быў уладай — як сёння кажуць, “чацвёртай”. Ён быў праціўнікам “пераваротаў, узрушэнняў і трызнення аб вольнасці і роўнасці для масы народа”. І лічыў, што “лепш спусціць з ланцуга галоднага тыгра або гіену, чым зняць з народа аброць падпарадкавання ўладам і законам. Няма звера, больш лютага за раз’юшаную чэрнь! Хто бачыў народнае паўстанне, ведае, што гэта значыць!”
А яшчэ кажуць: “няма прарока ў сваёй айчыне”: рэвалюцыйныя падзеі амаль праз 60 гадоў пасля смерці Булгарына пацвердзілі праўдзівасць ягоных слоў. У выніку на ўзбочыне апынуліся цэлыя саслоўі, дык што ўжо казаць пра асобныя імёны? Пра яго хіба тыражаваліся эпіграмы. Праз іх ён і ўвайшоў у свядомасць сучаснага чалавека. “Няхай ворагі мае кажуць што заўгодна. Паклёп можа дзейнічаць толькі пры жыцці — а я пішу для дзяцей маіх”, — пераканана сцвярджаў Булгарын. І вельмі хацелася б, каб праўдзівая біяграфія Тадэвуша Булгарына з’явілася ў беларускіх энцыклапедыях.
На знявечаных могілках
Між тым, сляды Тадэвуша Булгарына губляюцца на Радзіме па-ранейшаму. Яшчэ ў 1960-я гады на каталіцкіх могілках Глуска было адчуванне вечнага супакою, і сярод хараства надмагілляў можна было блукаць як па залах музея. Цяпер усё іначай.
На знявечаным цвінтары ўжо ніколі не адшукаць магілу бацькі пісьменніка Бенедыкта, якую ў 1807 годзе паказалі яго сыну манахі-бернардынцы з мясцовага кляштара. Выламаныя з надмагілляў усе жалезныя крыжы — у тым ліку і той каваны крыж, які па даручэнні Тадэвуша паставіў у 1811-м на магіле яго бацькі адданы яўрэй Ёсель Моўшаў Дрэкслер.
На гэтых могілках спачывае нямала асобаў, датычных роду Булгарыных. У іх ліку Іосіф Дашкевіч, падстолій Гарадзенскі — уладальнік маёнтка Маковішчы, за які ён 12 гадоў вёў спрэчку з Булгарынымі. Ляжаць тут і прадстаўнікі роду Струмілаў, у аднаго з якіх сям’я знайшла прытулак у 1797 годзе, будучы выгнанай з Маковішчаў.
Агульным помнікам усім ім сёння служыць высокі безыменны крыж, які захаваўся на могілках на масіўным трохступеневым п’едэстале з чыгуну. Ды яшчэ несмяротныя “Успаміны” Булгарына — “хоць і кароткі, але верны нарыс цудоўнай эпохі”.
Эпіграмы — як і ўсё, што напісана пяром — нельга “вырубить топором”. Але іх можа выцесніць падобным. Таму і нарадзіліся ў мяне такія радкі:
Фадзей Булгарын на Радзiме
Ды не Фадзей — Тадэвуш быў.
Ды не, не быў —
Iзноў. Са мною —
У сваiх ён вечных творах
Ды ў маiм жыццi.
Васіль БАЛЕЙКА