У праграме — трэнінг ад ужо вядомай кампаніі B2B Doc для дакументалістаў і “VR-лабараторыя мастацкіх праектаў”, вынікам якой маюць стаць першыя фільмы для віртуальнай рэальнасці. (Да 20 кастрычніка яшчэ можна падаць заяўку на ўдзел). А таксама — штогадовы пітчынг кінапраектаў, ацэньваць якія будуць міжнародныя спецыялісты рынку кіно.
— Індустрыяльная платформа застаецца вернай абраным кірункам, — падкрэслівае яе каардынатар Лізавета Бобрыкава. — Гэта адукацыя, наладжванне стасункаў паміж беларускімі і міжнароднымі кінематаграфістамі. І, зразумела, прасоўванне беларускага кіно.
Ужо вядома, што гасцямі сёлетняй платформы стануць дырэктар анімацыйнага фестывалю Tindirindis Валентас Аскініс, сцэнарыст і прафесар Чыкагскага ўніверсітэта Рональд Фальзонэ. Пытанні кінадыстрыбуцыі будуць абмеркаваныя падчас дыскусіі паміж беларускімі прадстаўнікамі і незалежнымі экспертамі міжнароднага рынку.
— Мы хочам даць зразумець, што кінастудыя адкрыта да супрацоўніцтва і гатовая да самых нечаканых яго формаў, — кажа генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі. — Што яна наладжвае кантакты і шукае партнёраў ды сяброў. Што мы маем вялікую гісторыю і магчымасці для рэалізацыі творчых ідэй.
У рамках платформы таксама пройдзе прэзентацыя конкурсу паўнакупальных фільмаў, які адбудзецца ў Мінскім Планетарыўме 3 — 4 лістапада. Пра гэту ініцыятыву, якая прадстаўляе інавацыйны напрамак у кінаіндустрыі — у бліжэйшых нумарах “К”.