Яго alter ego
І вось, прыйшоў час, калі народнаму мастаку нашай краіны Леаніду Дзмітрыевічу Шчамялёву спаўняецца 95! Цяжка паверыць у гэтую лічбу. Здаецца, што гэта нейкі ягоны жарт, прыдуманы пад дыктоўку неразлучнага з ім героя палотнаў, які вось ужо амаль 60 гадоў пры мастаку ў ролі вядучага. А раптам гэты вядучы — ён сам? Дакладней, ягоны двайнік — Леанід Шчамялёў, галоўны персанаж карцін, партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажных песень і эпасаў, бліскучых малюнкаў.
Менавіта так. Уся ягоная творчасць — гэта Аўтапартрэт. Асоба, дзівосна светлая і чыстая, незаплямленая канонамі, штампамі і догмамі, часам неспакойная, імклівая, нястрыманая ў эмоцыях, часам спакойная і засяроджаная — да пары.
Але не — лічба 95 рэальная. Шматлікія кнігі, энцыклапедыі, каталогі, альбомы сведчаць: 5 лютага ў маэстра пэндзля ўгодкі — не проста круглыя, а пашанотныя! І ўсё ж, калі размова пра Шчамялёва, нават такім аб’ектыўным сведчанням верыш з цяжкасцю, і на языку круціцца штосьці кшталту радкоў з дзіцячага Хармса: “Еще двадцать, еще тридцать, ну еще туда-сюда, а уж сорок, ровно сорок — это просто ерунда!” Ну, калі памножыць сімвалічныя “сорак” на два ды прыплюсаваць “пятнаццаць” — гэта і будзе самая існая шчамялёўская лічба, якая з’яўляецца чарговым стартавым падмуркам для новых творчых шуканняў.
Успамінаю калег-аксакалаў Леаніда Дзмітрыевіча — Мікеланжэла, Тыцыяна, Паўла Кузняцова, Ван Дангена, Аскара Какошку, Мартыроса Сар’яна, Пабла Пікаса, Хуана Міро, Сальвадора Далі, якія, будучы ў вельмі сур’ёзным узросце, не адыходзілі ад сваіх мальбертаў.
І хаця мой сябра-юбіляр у апошні час не часта бывае ў сваёй майстэрні, у хатніх абставінах ён з алоўкам у руках можа вельмі прыгожа прыгадаць маладосць. Вось пару дзён назад я гасціў у яго і радаваўся таму, як цудоўна для сваіх гадоў выглядае пасівелы маэстра. Як заўсёды, усмешлівы, добразычлівы, жыццялюбны...
Вядома, гады бягуць. Я і сам даўно ўжо не той 25-гадовы юнак сярэдзіны 1960-х, калі ўпершыню сустрэў 42-гадовага Леаніда. Падумаць толькі — столькі дзесяцігоддзяў мы побач, мы — сябры!
Пад крылом лёсу
Нягледзячы на нялёгкія жыццёвыя і творчыя перыпетыі, што выпалі на долю Шчамялёва ў 1960 — 1970-я гады, лёс беражліва ахоўваў Вадалея пад сваім надзейным крылом, не даваў яму аніводнага шанцу збочыць з мастакоўскай каляіны, якую ён абраў адразу ж пасля вайны. Відавочна, заслужыў ён гэтае права — права заўжды заставацца сабой: са сваім баявым, франтавым юнацтвам, з пасляваеннай падзвіжніцкай працай, з адданай і палкай любоўю да жывапісу, да навакольнага свету, да беларускай зямлі, што яго нарадзіла.
У Шчамялёва — усё “сваё”. Таму што ён, ад прыроды надзелены талентам, жыве — і ў сям’і і ў творчасці — у згодзе са сваімі пачуццямі і думкамі. Шлях творцы ён выбраў у маладосці безагаворачна. Што дапамагло яму пераадолець усе нягоды і няшчасці, якія сустракаліся на жыццёвым шляху? Магчыма, энергія Агні — касмічнага агню? Або набліжэнне да межаў загадкавай краіны Шамбалы — месца, дзе сутыкаюцца зямная будзённасць і космас? Няўжо Шчамялёў шукаў гэтае месца ўсур’ёз у далёкія 1960-я гады? “Прыйдзі ў Шамбалу...” Гэта азначае — стань лепшым, раскрый свае магчымасці, служы прыгажосці.
Віталь Цвірка, найбольш паважаны педагог Леаніда Дзмітрыевіча, аднойчы сказаў: “Не веру ў мастацтва, якое сублімуе ганебныя якасці чалавека — злосць, жорсткасць, агрэсіўнасць... Los Caprichos Гоі адлюстроўваюць ступені яго хваробы. А гэта часта падаецца як вялікае дасягненне”. Вельмі неардынарная ацэнка знакамітых афортаў выбітнага іспанца...
Інакш кажучы, творца павінен паказваць свет па законах гармоніі, дабрыні і любові да чалавека, каб глядач мог атрымліваць ад мастацтва радасць і надзею.
І смутак, і святло
Жывапіс Шчамялёва па палічках не раскладзеш. Не атрымаецца, нават калі іх, гэтых палічак, будзе шмат. Надзвычай шматбаковы яго жывапіс, у ім кожны можа знайсці нешта асабістае. І гэта не залежыць ад таго, француз глядач ці беларус, армянін ці амерыканец, рускі ці літовец, не залежыць ад узросту, прафесіі, светаадчування. Магчыма, таму што ў мастацтве Шчамялёва многае пераплялося. Там ёсць і смутак, і настальгічная журба па незваротна зніклым — па маладосці, па сябрах, якіх ужо няма, па старажытных гарадах і мястэчках, па спрадвечнасці быцця.
Але там многа і святла, фантазіі, казачнасці. У яго творах можна знайсці айчынную гісторыю, вайну, рэвалюцыю, паэзію белага снегу і блакітнага неба, вобразы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Канстанціна Каліноўскага, Льва Даватара, Міколы Гусоўскага, першага Вялікага князя ВКЛ Міндоўга, Аляксандра Пушкіна, Напалеона, Барыса Савінкава, Нестара Махно, шматлікіх сучаснікаў і блізкіх людзей, прыгожыя постаці жанчын і прыгожыя сілуэты коней, зыход лета, велічныя купалы храмаў, туманы ўначы, родную Віцебшчыну, Ясельду, Іслач, а таксама Грэцыю, В’етнам, Іспанію, Францыю, Літву...
Таямніца застаецца
Неяк я спытаў Леаніда: “У мастацтве ўсе шукаюць, і некаму здаецца, што ён знаходзіць залатое зерне, нехта вечна сумняваецца. А ты ці зрабіў сваё адкрыццё?” І вось што ён адказаў: “Магчыма, гэта падасца наіўным, але я веру ў прадвызначанасць: кожны мае свой шлях у жыцці і мастацтве. Чалавек толькі рэалізуе тое, што закладзена ў ім прыродаю. Таму кожны па-свойму адчувае жыццё, мае свой жыццёвы рытм, сваю прастору, свой колер часу, свой маштаб, урэшце. У мастацтве нельга адкрыць новае, у мастацтве можна адкрыць сябе. Жывапіс — толькі адлюстраванне візуальнай зацікаўленасці светам, нават калі мастак сваім палатном гаворыць табе: паглядзі, які прыгожы заход, які дзіўны твар, якія прыгожыя ружы, які асляпляльна белы снег... Добры жывапіс — гэта найперш адлюстраванне праблем духоўнага быцця чалавека, погляд мастака на сусвет, на мінулае і будучае праз прызму асабістага бачання. І не больш. Да гэтага я і імкнуся...”
...Вось ужо больш за паўстагоддзя я мару адкрыць таямніцу мастака — і не магу зразумець, з якой крыніцы бяруцца яго карціны, што вылучаюць тую самую энергію Агні? Чаму я заўжды ў яго майстэрні адчуваю сябе ўтульна, а за яе межамі — не вельмі? Леанід штораз спрабаваў усё гэта растлумачыць. І не растлумачыў да канца. Таямніца застаецца. Я шукаю ў паэтычных зборніках прыдатную для тлумачэння цытату — і не магу знайсці. І думаю, што так яно і павінна быць. Каб мы ведалі, хто і як дыктуе паэту вершы, хто напявае кампазітару музыку, хто водзіць пэндзлем жывапісца, то страцілі б і першага, і другога, і трэцяга. Страцілі б таямніцу жыцця.
Барыс КРЭПАК
Фота Яўгена КОКТЫША
Рэдакцыя “К” сардэчна віншуе народнага мастака, нашага даўняга сябра Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва з Юбілеем!