Павіншаваць імяніннікаў прыехалі Сафія Ратару, народны артыст Малдовы Канстанцін Масковіч, лепшыя беларускія артысты — ад эстрадных да оперных. Такая жанрава-стылёвая размаітасць невыпадковая: аркестр на чале са сваім нязменным кіраўніком Віктарам Бабарыкіным з самага пачатку ўзяў курс не толькі на так званы пратакольны рэпертуар, музычнае суправаджэнне ўрадавых сустрэч і іншых афіцыйных мерапрыемстваў. Калектыў выконваў і выконвае самыя разнастайныя творы — як кажуць, ад барока да рока (між іншым, адзін з канцэртаў так і называўся). Бо тут сабраны лепшыя маладыя музыканты, скрозь — лаўрэаты прэстыжных міжнародных конкурсаў. Няма нічога дзіўнага і ў тым, што апошнім часам адным з цэнтральных стылёвых маякоў аркестра стаўся менавіта сімфа-рок, бо гэта адпавядае сусветным трэндам.
Калектыў плённа супрацоўнічае з лепшымі салістамі — зноў-такі, розных творчых кірункаў. Цікава, што многія з іх самі абіраюць для сваіх выступленняў менавіта гэты аркестр, бо ён добра зарэкамендаваў сябе не адно ў Беларусі, але і ў іншых краінах. Справа не толькі ў гастролях (а аркестр пабываў нават у Іране і Венесуэле), не толькі ў багатай фестывальнай геаграфіі нашых музыкантаў, але і ў тым міжнародным розгаласе, якім суправаджаецца кожны значны праект калектыва — з Дзмітрыем Хварастоўскім, дзе гучаць оперныя арыі ды рамансы, ці з гуртом Scorpions, дзе выконваецца, адпаведна, зусім іншы рэпертуар. Такіх сольнікаў з замежнымі зоркамі — безліч! Мішэль Легран, Дэміс Русас, Хасэ Карэрас, Ванэса Мэй, Тота Кутуньё, Крыс дэ Бург, Сара Конар, Робін Гіб, Аль Бана, Аль Дзі Меола, Алясандра Сафіна, Эдуард Арцем’еў, Ігар Крутой, Мікалай Наскоў, Мікалай Трубач… Дарэчы, многія з пералічаных майстроў не абмяжоўваліся адным канцэртам, а працягвалі сумесныя выступленні, што нават пераходзілі ў шчырае сяброўства з калектывам. І ў гэтым — дадатковае сведчанне высокага прафесійнага ўзроўню нашых інструменталістаў.
А колькі юных айчынных зорачак запаліў Прэзідэнцкі аркестр! Гэта і дзеці — удзельнікі праектаў “Я спяваю!”, і маладыя эстрадныя выканаўцы. З 2012-га аркестр стаў суправаджаць выступленні ўдзельнікаў Рэспубліканскага конкурсу “Белазаўскі акорд” у Жодзіне. Сёлета, праўда, было выключэнне: конкурс супаў з юбілеем па даце. Але Віктар Бабарыкін, які да ўсяго ставіцца з вялікай адказнасцю, знайшоў у сваім напружаным графіку некалькі гадзін, каб паўдзельнічаць у працы журы, бо конкурсныя праслухоўванні і гала-канцэрт праходзілі ў дзённы час, а юбілей — увечары. Ды ўвогуле, заўважыўшы кагосьці з адораных беларускіх спевакоў, Бабарыкін запрашае папрацаваць разам. Для кагосьці такое супрацоўніцтва застаецца “аднаразовым”, а хтосьці працягвае яго доўгія гады — усё залежыць ад саміх вакалістаў і іх здольнасці супраціўляцца “зорнай хваробе”. Што ж, пажадаем калектыву і надалей — не хвараць ды імкнуцца да зорак. І хапаць іх нават з нябёсаў.