Пачатак акцыі быў пакладзены ў 1994 годзе, калі ў старажытным Полацку Агонь асвяціў першае свята беларускай асветы і кнігадрукавання. За гэты час экспедыцыя праехала некалькі дзясяткаў тысяч кіламетраў, хрэсным ходам з Непагаснай Лампадай і цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконай Пакрова Прасвятой Багародзіцы прайшлі каля трох мільёнаў чалавек, а Дабрадатным Агнём былі асвечаны сотні храмаў і манастыроў.
Падчас экспедыцыі. / Фота аўтара
Штогод у экспедыцыі ўдзельнічаюць прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы, грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, педагогі і журналісты. Сёлета ўпершыню ў гісторыі праекта экспедыцыю ўзначаліў архірэй — кіраўнік Сінадальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі Праасвяшчэнны Веніямін, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі. Таксама арганізатарам і кіраўніком праекта выступіў беларускі навукоўца Аляксандр Лапата-Загорскі. Прыняла ўдзел у ХХІІІ экспедыцыі і яе заснавальнік, пісьменніца Ніна Загорская — у статусе ганаровага кіраўніка.
Маршрут экспедыцыі прайшоў праз вёскі, мястэчкі і гарады Дзяржынскага, Баранавіцкага, Салігорскага, Акцябрскага, Калінкавіцкага, Светлагорскага, Жлобінскага, а таксама Рагачоўскага раёнаў. Традыцыйна ўдзельнікі экспедыцыі наведалі Святое поле пад Баранавiчамi. Менавіта тут, на месцы колішніх баёў Першай сусветнай вайны, і была знойдзена ў 1983 годзе абпаленая ікона Пакрова Прасвятой Багародзіцы — адна са святыняў экспедыцыі. Як і ў папярэднія гады, каля Крыжоў памяці на магілах перапахаваных парэшткаў спачылых мясцовых жыхароў і воінства Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны адбылася ліція, пасля чаго экспедыцыя скіравалася ў Баранавічы, дзе ў мясцовым дзяржаўным універсітэце адбылася сустрэча са студэнтамі. Яшчэ адной ВНУ, якую наведалі ўдзельнікі экспедыцыі, стаў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Апроч таго разам з прадстаўнікамі экспедыцыі ў Гомельскай абласной бібліятэцы адбылося адкрыццё Х Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”. У рамках мерапрыемства адбылося выступленне пераможцаў абласного конкурса чытальнікаў “Захаваем мір разам!”
Шматлюднымі аказаліся сустрэчы экспедыцыі ў Акцябрскім і Калiнкавiцкiм раёнах. Адметнасцю наведвання апошняга стала ўскладанне кветак i ліція па загiнулых у Азарычах, на месцы канцэнтрацыйнага лагера перыяду Вялікай Айчыннай вайны.
Каб уявіць маштаб праекта, адзначу некалькі фактаў. Да прыкладу, у Светлагорску мабiльныя групы экспедыцыi наведалі дзевятнаццаць аб’ектаў, у тым ліку школы горада, каледжы, лiцэй, раённую бiблiятэку, музей, сацыяльна-педагагiчны цэнтр. Насычанай была праграма і ў Жлобіне. Асветнікі наведалі раённую бібліятэку, нядзельныя школы прыходаў, школьны музей праваслаўнай культуры, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі “Хоспіс”.
Завяршылася экспедыцыя ў Рагачове, дзе адбылася закладка Сада Малітвы і святочная літургія ў царкве Аляксандра Неўскага, а таксама ўдзел у святочных урачыстасцях Дня беларускага пісьменства.