Дзесяць выканаўцаў змагаліся ў заключным трэцім туры за права ўдзельнічаць у конкурсе юбілейнага форуму мастацтваў.
— Сапернікі ў мяне былі моцныя, — дзеліцца ўражаннямі пра адбор Грос. — Аднак я стараўся абстрагавацца ад працэсу: падчас выступаў іншых канкурсантаў супернікаў проста сядзеў у зале ў навушніках ды слухаў музыку.
На адборы Аляксей праспяваў дзве песні — лірычную “Вею” Яўгена Алейніка і Юліі Быкавай ды джазавы стандарт “A Song For You” (калісьці ў родным Салігорску Грос граў у мясцовым джазавым аркестры). Апошнюю ён плануе пакінуць і для віцебскай конкурснай праграмы, але для таго, каб гэты сусветны хіт і песня кампазітара славянскай краіны на славянскай мове прагучалі ў фінале, яму трэба было прабіцца праз паўфінал з кампазіцыяй на мове беларускай.
— Будзем думаць з кіраўніцтвам прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, у якім я працую, што выбраць, — працягвае Грос. — Вядома, звярнуся па параду да Міхаіла Фінберга. Але, наколькі я разумею, спаборніцтва гэтае — перш за ўсё конкурс вакальны, а не “бітва” песень. Таму асноўную ўвагу ў падрыхтоўцы, напэўна, варта надаць менавіта спевам.
Паедзе на “Славянскі базар...” Аляксей толькі па перамогу. Ён ужо спрабаваў адабрацца на фэст летась — не атрымалася. Тройчы спрабаваў прабіцца скрозь сіта нацыянальных адбораў да “Еўрабачання” ды аднойчы — да “Новай хвалі”.
— Конкурсны багаж нават пачынае ціснуць! — усміхаецца Грос. — Час яго скінуць і што-небудзь заваяваць на міжнародным узроўні. Вельмі на гэта спадзяюся ў год юбілейнай “Славянкі”, ды і я як спявак спраўляю круглую дату: па вялікім рахунку, упершыню ў якасці вакаліста выйшаў на сцэну амаль 10 гадоў таму. Дагэтуль памятаю тое сваё хваляванне. А ці хвалююся я зараз? Дык ранавата ж яшчэ! Адказнасць, наадварот, ужо адчуваю: перад краінай, перад прадзюсарскім цэнтрам, перад роднымі і блізкімі. Але галоўная эмоцыя, якая перапаўняе ў дадзены момант: крута, я зрабіў гэта!
“Грос” з нямецкай мовы перакладаецца як вялікі. Ці стане гэткім спеваком Аляксей? Магчымасці для гэтага ў яго ёсць. А пакуль хочацца пажадаць яму першай вялікай перамогі ў творчай кар’еры. Перамогі, якую, у выпадку поспеху, заваюе і Беларусь!