Міхаіл КАНЬКОЎ, загадчык Выставачнай залы Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, колішні старшыня абласнога аддзялення БСМ:
Разам з канцэптуальна асэнсаванымі ды прафесійна выкананымі работамі ў ёй маглі аказацца і рэчы спрэчныя. Але мы на гэта пайшлі, каб пабачыць, што цікава моладзі, чым жыве пакаленне. Справа ў тым, што мастакі абласной арганізацыі — пераважна людзі сталага ці пенсійнага ўзросту. Прыток моладзі — нязначны. І выстаўка мусіла выявіць, ці ёсць на дадзены момант на Брэстчыне творчыя рэзервы.
На маю думку, мэты мы дасягнулі, бо выстаўка засведчыла наяўнасць пытанняў, якія рана ці позна давядзецца вырашаць, — калі, зразумела, нам не абыякава, што будзе з мастацтвам заўтра. У прыватнасці, існуе праблема пераемнасці пакаленняў. Паміж старэйшымі і маладзейшымі — не тое каб прорва, але эстэтычныя арыенціры ў іх розныя. Мяркую, з гэтай прычыны мастакоў старэйшага пакалення не было на вернісажы. Не прыйшлі, хоць былі запрошаны…
Пэўнай частцы творчай моладзі ўласцівая ўпэўненасць у тым, што кожныя іхняя карціна, аб’ект ці інсталяцыя — новае слова ў мастацтве. З гадамі, з набыццём досведу максімалізм змяншаецца, а то і знікае. Пры вызначэнні стану ды перспектывы нашага выяўленчага мастацтва больш істотна тое, што рытм жыцця правакуе паспешлівасць ва ўсім, у тым ліку і ў творчасці. Мала хто з маладых мастакоў псіхалагічна скірававаны на грунтоўнасць, на тое, каб ствараць не столькі моднае, колькі актуальнае. Вось і на выстаўках усё больш замалёўкі, накіды, эцюды, эскізы. Паводле фармату — нібыта, карціна, а зместам ды формай — эцюд. Прысутнічае ў гэтым і прагматычны разлік: эцюд прадаць прасцей, чым карціну…
Сёлета адзначаем 70 гадоў Перамогі. У Брэсце запланавалі вялікую выстаўку. Але новых работ на ёй не будзе — толькі рэтраспектыва з фондаў Абласнога краязнаўчага музея і Музея абароны Брэсцкай крэпасці, бо няма грошай на закупку твораў. Стварэнне палатна ў матэрыяльным сэнсе абыходзіцца аўтару найменш мільёнаў у сем — восем. А што потым з ім рабіць, калі ніхто не купіць?.. Таму я не папракаю моладзь. Адна справа — рабіць нешта грунтоўнае, укладаць працу, час і матэрыяльныя сродкі, калі на твор ёсць грамадскі попыт ды дзяржаўная замова, іншая ж — на ўласную рызыку. Часам я думаю: добра ўжо тое, што маладых людзей вабіць мастацтва і ў творчасці яны бачаць магчымасць самарэалізацыі…
Міраўлад ПАЛАЧЫЧ, мастак:
Да свайго стылю ішоў доўга. Я называю яго сімвалічным гратэскам. Я шаную Паўночнае Адраджэнне: Босха, Брэйгеля, Мемлінга. Але ж мне блізкі і Мікола Селяшчук, які родам адсюль, з Брэстчыны, бо ён — асоба з ярка выяўленай індывідуальнасцю, а гэта сёння актуальна. Справа ў тым, што мы жывём у эпоху індывідуалізму. Гэта маё асабістае ўяўленне пра ролю мастака ў сучасным грамадстве. Хоць, уласна кажучы, такой яна была заўжды. Мэта мастака — быць непадобным да іншых, стварыць свой адметны стыль. Хаця ў сусветнай прасторы быць непадобным бадай немагчыма. Думаю, мой стыль і работы ўпісваюцца ў сусветнае “фэнтазі”...
Я працую ў Беларусі, хоць нарадзіўся ў Новасібірску і маю сербскія карані. Мае работы, як атрымліваецца, больш пасуюць не беларускай прасторы, а Германіі ці Чэхіі. Там я больш запатрабаваны. За мяжой мяне успрымаюць праз тэматыку ды стылістыку. Дома ж на мае карціны глядзяць праз прызму маёй асобы.
Жыву са свайго мастацтва. Свядома стварыў такую жыццёвую сітуацыю, каб не спадзявацца на альтэрнатыўную крыніцу прыбытку. Я вырашыў, што буду займацца мастацтвам. І сёння мая майстэрня працуе на мяне, а не я — на ўтрыманне майстэрні.
Пэўны час выкладаў у мастацкай школе. Не па размеркаванні, не адпрацоўваючы, а проста была ідэя папрацаваць у школе. Два гады вёў у старэйшых класах жывапіс і кампазіцыю. І не надта я там быў заняты, а ўсё адно зразумеў: сумяшчаць свабоднае плаванне ў творчасці і педагагічную дзейнасць немагчыма ці, прынамсі, вельмі складана — розныя псіхалагічныя станы.
Як і ў кожнага мастака, у мяне ёсць улюбёныя сюжэты. Адзін з іх — матылёк з сачком, матылёк, які палюе сам на сябе. Для мяне гэта сімвал закальцаванасці быцця, марнасці. Канешне ж, я маю на ўвазе чалавека і яго хуткаплыннае жыццё. Другі сімвал — слімак. Я яшчэ ў дзяцінстве любіў збіраць слімакоў і ракавіны. Гэта глабальны сімвал: спіраль, паводле якой прырода стварыла “дом” слімака, знак бясконцасці развіцця.
Марыя РАДЗЬКО, мастак:
Можна сказаць, што я жыву імгненнямі, але ж маю і грунтоўную тэму, над якой працую ад самага пачатку сваёй творчасці: людзі, што мяне атачаюць. Летась я ладзіла выстаўку “Ліліі і балоты”. Яна якраз была прысвечана маім сябрам. Яны падаюцца мне неверагодна таленавітымі, але пры гэтым незапатрабаванымі тут, у беларускай прасторы. Другая выстаўка называлася “Дыялогі”. У ёй мне хацелася асэнсаваць сутнасць сумоўя, тую парадаксальную сітуацыю, калі ў словах і ўчынках мудрага чалавека хапае глупства, а розум калі-нікалі дэманструе той, ад каго гэтага і не чакаеш…
Год жыла ў Берліне. Ва ўсіх адносінах гэта было вельмі карысна. І магу сказаць, што асяроддзе для людзей творчых прафесій значыць вельмі шмат. Яно моцна ўплывае на самаадчуванне мастака. У Беларусі мне прасцей быць мастаком з той прычыны, што я заўжды працую з жывой натурай. У Германіі за яе трэба плаціць, а тут стаіць чарга сяброў, якія чакаюць, што я іх намалюю. Гэтая акалічнасць нашмат аблягчае працэс. З іншага боку, у мяне тут няма прафесійнай майстэрні, працую дома. На дадзены момант жыццё ў Брэсце мяне задавальняе. Але, магчыма, мне проста бракуе досведу. Калі б я, напрыклад, пажыла на Таіці, мела б пра свет больш аб’ёмныя веды дый меркавала б інакш.
Часам у мяне пытаюць, ці хацела б я сумясціць выяўленчае мастацтва з іншымі відамі творчасці. Думаю, каб я ўмела рабіць нешта іншае добра, то і рабіла б. Наогул, склалася так, што дзякуючы настаўнікам я зразумела: хачу займацца менавіта мастацкай творчасцю. Я іграла ў пластычным тэатры, здымала кароткаметражны фільм. Калі бралася за кожную новую для сябе справу, імкнулася зразумець яе ва ўсіх дэталях. Але заўжды мне найбольш хацелася маляваць. І балканская экспедыцыя мяне ў гэтым канчаткова пераканала.
Вандроўка тая мела працяг ужо ў Беларусі. Ларыса Быцько, вядомы на Брэстчыне чалавек, спецыяліст па народным мастацтве, запрасіла мяне да ўдзелу ў экспедыцыях па вёсках. Без практычнай мэты — проста, каб зрабіць прыемнае, бо ездзілі мы туды, дзе ладзіліся святы. У гэтых экспедыцыях фіксавала пабачанае. Напачатку было проста цікава, а потым я зразумела, што пабачанае тут я ўспрымаю зусім не так, як на Балканах. Тут — маё. У беларускіх вёсках — людзі адной са мной зямлі ды гісторыі. І да бабуль я з таго часу стаўлюся інакш, чым да знаёмства з імі. Раней гэта было для мяне чымсьці далёкім, і ўнутраная дыстанцыя выбудоўвалася ад ўсяго гэтага. Цяпер жа я далучылася да іх жыцця, традыцый, перажыванняў. Калі чалавека малюеш, дык з ім знаёмішся. Вывучаеш рысы, твары і паціху пачынаеш разумець, якое жыццё ён пражыў. Вось такое знаёмства ў мяне і з гэтымі людзьмі адбылося. Мне здаецца, сваёй добразычлівай увагай, цікавасцю да гэтых людзей мы надалі ім радасці жыцця…
Канешне ж, для мяне, гараджанкі, гэты свет усё адно застаецца адстароненым. Калі я раней праязджала на машыне, аўтобусе ці ў цягніку каля якіх-небудзь вёсак, дык думала: як там увогуле могуць людзі жыць?.. Думала, каб я туды трапіла, дык, мабыць, з дому не выходзіла б, толькі малявала б і ў інтэрнэце сядзела… Цяпер, з аднаго боку, для мяне гэта — экзотыка, з іншага ж — адчуванне чагосьці роднага.