Беларусы свету сустрэліся ў Мінску
У Мінску ўжо другі дзень праходзяць мерапрыемствы ІІ Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Як паведамляла ўжо “К”, сёлета паўдзельнічаць у маштабным форуме прыехалі каля 250 гасцей з 18 краін свету. Напрыклад, сапраўдным адкрыццём для публікі стануць выступленні творчай вакальнай групы іспанцаў, якія спяваюць на беларускай мове і захоўваюць традыцыі беларускай народнай творчасці, а таксама ансамбля “Славянская душа” з французскага Ліёна. З творчымі дасягненнямі суайчыннікаў, якія сёння пражываюць у іншых краінах, яшчэ можна пазнаёміцца і сёння, і заўтра. У выхадныя артысты будуць радаваць жыхароў ды гасцей сталіцы пад час канцэрта-падарунка Мінску на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту, а таксама ў Белдзяржфілармоніі і выступляць з канцэртамі ў аграгарадках Мінскай вобласці. Спецыяльна да фестывалю прымеркаваны фотавыстаўка ды розныя экспазіцыі. Для ўдзельнікаў форуму прадугледжана экскурсійная праграма, якая ўключае, у тым ліку, наведанне Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прагулкі па гістарычных мясцінах Мінска. Акрамя таго, у рамках фестывалю пройдзе пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі. Карэспандэнты “К” напярэдадні міжнароднага форуму распыталі гасцей свята аб тым, як яны пачуваюць сябе на беларускай зямлі, чым жывуць, пра што мараць, і, канешне ж, пра тое, з якімі творчымі калектывамі завіталі на Беларусь…