Навуковы супрацоўнік музея Галіна Хомка зрабіла для журналістаў невялікую экскурсію і прадставіла пяць батлеек, выкананых у розных тэхніках у мінулым ды пазамінулым стагоддзях. Яна нагадала, што батлейка на Беларусі пачынае сваю гісторыю з XVI стагоддзя: “Самі батлейкі паходзяць з рытабляў — перанасных алтароў, якія аддавалі ў вёску, ці мястэчка — падалей ад буйнога горада. І такія рытаблі не знікалі: іх ператварылі ў тэатр”.
Наша старажытная батлейка захавала свой старажытны выгляд: скрыні ці шафы. Спачатку гэтым лялечным тэатрам кіравалі семінарысты. Тады ён меў толькі верхнюю частку — так званае неба, але потым, калі ў XVIII стагоддзі за справу ўзяліся рамеснікі, з’явілася і другая частка гэтага тэатра — так званая зямля.
На выстаўцы прадстаўлены вельмі розныя ўзоры батлейкі, сярод якіх — Магілёўская, 2-й паловы XIX стагоддзя, двух’ярусная саламяная Вілейская, а таксама рэканструкцыя Ельнінскай батлейкі канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя.
Экспазіцыю, што будзе працаваць у Музеі гісторыі рэлігіі да канца студзеня наступнага года, дапаўняюць фігуры з розных батлеек і постаці з калядных ясляў, якія прывезены ў музей з-за мяжы.
Андрэй МЯЛЕШКА
Гродна
Фота аўтара