Дадуць ці не дадуць “…Маску”, гадаць не будзем. Ганарова ўжо само вылучэнне. Бо яго, як зразумела і без каментарыяў, рабіў не беларускі бок, а расійскія тэатры, якія запрашалі нашых пастаноўшчыкаў. Дзякуючы гэтаму ў Разані быў пастаўлены спектакль “…і пакаранне”. У горадзе Кургане, па ініцыятыве і пры падтрымцы творчага аб’яднання “КультПраект” (Масква) — спектакль “Эдып”.
Што ж, парадуемся за нашых творцаў. Тым больш, што беларускія “лялечных спраў майстры” даўно ўжо знайшлі прызнанне ў замежжы, у тым ліку на самых прэстыжных еўрапейскіх фестывалях і пляцоўках. Дый наша айчынная Нацыянальная тэатральная прэмія, якая праводзілася двойчы, засведчыла, што лялечнікі, асабліва гродзенскія і сталічныя, — “наперадзе планеты ўсёй”. “Пікавая дама” таго ж Алега Жугжды стала сапраўдным тэатральным “бестселерам”. Аляксей Ляляўскі быў адзначаны за лепшую рэжысуру (“Драй швэстэрн”). Ягоны вучань Аляксандр Янушкевіч таксама зарэкамендаваў сябе адным з самых “крутых” эксперыментатараў, асабліва ў спектаклях “Вянчанне”, “Дзяды” і нават у дзіцячым “…Карлсане”. Дзеці і дарослыя добра ведаюць лялькі мастака Валерыя Рачкоўскага, які выпусціў безліч спектакляў. Людміла Скітовіч працуе ў Магілёве, але сталічным тэатралам знаёма яе афармленне пастаноўкі “Дзівосныя авантуры паноў Кубліцкага ды Заблоцкага”, што паказвалася летась у рамках Творчай лабараторыі на базе Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек.
Але да радасці прымешваюцца і ноткі горычы: беларуская Нацыянальная прэмія сёлета “адпачывае”. Яе вырашылі праводзіць раз на два гады. Вядома, грошы любяць падлік, але ж хочацца, каб нашы майстры знаходзілі як мага часцей падтрымку ды пашану на радзіме. Бо нярэдка здараецца наадвапрот: айчыннае ўганараванне, на жаль, прыходзіць як “водгук” на замежнае. А ў нас на таго “дзівака”, не падобнага на іншых, глядзяць падазрона: маўляў, чаго ён “выкручваецца”…