У гэтым рэчышчы спецыяльны праект Рэспублікі Беларусь “Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу” выглядаў даволі выйгрышна: праз сваю фармальную “зробленасць”, арганічна спалучаную з ідэйнай неабсяжнасцю. Перафразуючы яго ж назву, ён стаў адэкватным — і часу, і, што немалаважна, прасторы. У самых розных сэнсах, балазе сучаснае мастацтва любіць з імі гуляцца.
Будынак Музея сучаснай гісторыі Расіі ў Маскве ведаюць як “дом з браневічком”. Калі б гэты класіцыстычны асабняк на Цвярской насялялі прывіды, ім давялося б рэгулярна высвятляць паміж сабой адносіны. Некалі там збіраў V.I.P.-персон Англійскі клуб, потым у яго арыстакратычных інтэр’ерах размясціўся небезвядомы Музей рэвалюцыі, а потым і ён стаў анахранізмам…
Шлях наведвальніка да беларускай выстаўкі наскрозь працінае ўсе гэтыя часавыя і сэнсавыя пласты: іх не абмінеш нават чыста фізічна. Гэтыя рэмінісцэнцыі ствараюць добры кантэкст для праекта з назвай “Дэкадзіроўка. Архетып адэкватнага часу”. Адказам на пытанне, што ж такое адэкватны час, ён так і не забяспечвае, але… Па словах куратара праекта Наталлі Шаранговіч, творы сучаснага мастацтва даваць адказы і не павінны — адно ствараць нагоды для роздумаў.
Архітэктанічна экспазіцыя выклікае цьмяныя алюзіі на будову храма — зрэшты, зразумела ж, цалкам свецкага і зямнога. І да таго ж, створанага на контрпунктах. Чырвоная дарожка, што вядзе кудысьці ўглыб залы, выклікае асацыяцыі з урачыста-парадным абліччам мінулай эпохі, аднак яна скіроўвае да “алтарнай часткі”, абклеенай савецкімі шпалерамі. Менавіта там, бы нейкі “каўчэг”, знаходзіцца эпіцэнтр выстаўкі — інсталяцыя Канстанціна Селіханава. Серыйныя скульптурныя персанажы, чые “абяствараныя” галовы выглядаюць бы нейкія атавістычныя адросткі, заспеты аўтарам на шляху з бясконцасці ў бясконцасць. Але ж тыя бясконцасці — цалкам штучныя: гэта банальны аптычны эфект, які спараджаюць два люстэркі, размешчаныя адно насупраць другога.
А пасярэдзіне дывановай дарожкі месціцца своеасаблівы “рэдзі-мэйд” таго самага аўтара — аўтэнтычны паднос з гранёнымі шклянкамі, поўнымі малака.
√
— Гэтая работа завязана на маіх асабістых успамінах, — кажа Канстанцін Селіханаў. — Памятаеце, як у піянерлетніку нас паілі такім малаком — падагрэтым, з пенкай? Гэта маё мінулае, гэта наша агульнае мінулае, памяць, асацыяцыі…
Зрэшты, нават не пакаштаваўшы таго малачка (гэта, канешне ж, у музеі недапушчальна), можна заўважыць, што яно нейкае несапраўднае. Так і ёсць: у шклянкі наліты парафін. Думаецца, не толькі з тэхнічных або гігіенічных прычын (малако ж псуецца), але і дзеля таго, каб падкрэсліць пэўную іррэальнасць тых праяў жыцця, якія могуць вярнуцца да нас толькі ў выглядзе ўспамінаў.
Сцены гэтага своеасаблівага калідора-дромаса займаюць фотаздымкі Андрэя Шчукіна. Адзін з іх, значна павялічаны ў памерах, стварае візуальную пару да скульптурнай чаргі. Гэта твор з серыі “Агрэгатны стан”, які выяўляе квадратычны злепак марожанай рыбы: такія самыя ненатуральныя варункі, што вядуць да страты індывідуальнасці. Іншыя ж творы нібы дэманструюць “адступленне ад тэмы”: баксёрскія пальчаткі, старая кепка, працятая цвіком… Зрэшты, на думку самаго аўтара, ніякага дысанансу тут узнікаць не павінна.
— Тры серыі нібыта ўзаемадапаўняюць адна адну, — тлумачыць ён. — Бокс — гэта агрэсія, стан барацьбы, супраціўленне. “Агрэгатны стан” — своеасаблівая алегорыя стану ўнутранага. “Кінестэтыка” — мінімалістычныя нацюрморты, своеасаблівыя “партрэты прадметаў”, якія могуць казаць “самі за сябе” — і, на мой погляд, здатныя распавесці пра чалавека больш, чым яго фотавыява. Я часам гуляюся з гэтымі рэчамі, правакую іх на канфлікты паміж сабой, альбо, наадварот, на ўтварэнне вычварных сувязей, здатных спараджаць іншыя сэнсы. Прымушаю двухвымерную выяву набываць трэцяе вымярэнне — сэнсавую глыбіню…
√
Звыклыя для нас мастацкія выстаўкі — гэта набор артэфактаў, кожны з якіх мае пэўнае значэнне сам па сабе, але сабраныя разам, яны не здатныя ўтвараць новыя сэнсы. Сучасны, куратарскі фармат — поўная таму супрацьлегласць.
Ёсць нейкі генеральны канцэпт, на які ў той ці іншай меры працуюць усе творы, аднак на “самастойнае плаванне” яны часцяком не здатныя: бракуе самакаштоўнасці і самадастатковасці. Як падаецца, куратар Наталля Шаранговіч здолела знайсці своеасаблівую “залатую сярэдзіну”: з аднаго боку, і мастацкія практыкі абодвух удзельнікаў, і ўласна іх творы цалкам здатныя да “аўтаномнага” існавання, з іншага ж — трапляючы на адну пляцоўку, яны ўтвараюць зладжаную драматургію экспазіцыі.
На першы погляд можа падасца, быццам прастора выглядае трохі пуставата: можна было б выкарыстаць яе больш “эканомна” ды эрганамічна. Аднак куратар лічыць такі падыход непрымяняльным.
— Ствараючы экспазіцыю, мы зазвычай баімся пакідаць пустую прастору, — кажа Наталля Шаранговіч. — Але гэта як белыя старонкі ў кнізе: вазьміце любы прыстойны альбом — вы пабачыце там пэўныя прагалы, паўзы. Яны патрэбны, бо таксама адыгрываюць сваю ролю, дазваляючы лепш успрымаць інфармацыю. Вось і мы ставілі перад сабой мэту, каб пакінутая незапоўненай прастора “грала” на кожную выстаўленую работу. І я вельмі рада, што гэтым разам мы маглі прымяніць нармальны еўрапейскі падыход да экспазіцыі: прасторы нам не бракавала…
Паколькі Маскоўскае біенале ўключае пад сотню разнастайных падзей, у выставачных залах сталіцы Расіі пад час яго правядзення становіцца даволі цесна — не ў прамым сэнсе, вядома, а ў фігуральным. Гэтым разам у плане выбару месца для беларускага праекта ўсё “зраслося”. Выстаўка настолькі добра дапасавалася да экспазіцыі Дзяржаўнага цэнтральнага музея сучаснай гісторыі Расіі, што выглядае заканамерным працягам папярэдняй залы, прысвечанай “злому эпох” — з элементамі інсталяцыі ў выглядзе чорных чалавечкаў і персанажамі тэлешоу “Лялькі”.
На думку генеральнага дырэктара ўстановы Сяргея Архангелава, выстаўкі сучаснага мастацтва і сапраўды могуць удала дапоўніць экспазіцыю гістарычнага музея.
— Гэта нібы пераход ад гісторыі да сучаснасці, — кажа ён. — Зрэшты, мяжа тут увогуле няўмольна тонкая, бо сённяшні дзень ужо заўтра стане гісторыяй, і задача нашай установы — трымаць руку на пульсе гэтых працэсаў. Мы ж не музей палеанталогіі або археалогіі...
Сюрпрызы вернісажу
Адкрыццё выстаўкі наведалі прадстаўнікі беларускага пасольства ў Маскве і Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. У ліку гасцей быў і кіраўнік Сакратарыята старшыні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы Уладзімір Матвейчук, які запомніўся многім нашым чытачам у якасці міністра культуры Рэспублікі Беларусь.
— Натуральна, я па-ранейшаму сачу за жыццём беларускай культуры — і газетай “Культура” ў тым ліку, — распавёў ён. — І шчыра рады, што ў Маскве нашы творчыя набыткі прадстаўлены ў самым шырокім сваім дыяпазоне. Зусім нядаўна быў на выдатным канцэрце класічнай музыкі. Цяпер вось — цікавыя эксперыменты нашых сучасных творцаў… Магу засведчыць, што такая інтэнсіўная і сістэмная работа па прэзентацыі нашай культуры робіць вельмі важную справу ў плане фарміравання іміджа беларускай дзяржавы. Знаходзячыся ў Маскве і пастаянна сустракаючыся з кіраўнікамі рознага ўзроўню, ты вельмі выразна гэта адчуваеш…
√
Вернісаж выстаўкі быў па-музейнаму рэспектабельны, але ўсё ж не пазбаўлены сюрпрызаў. Адзін з іх — з’яўленне нашай знакамітай зямлячкі Алены Свірыдавай. Як выявілася, яна даўно сябруе з фатографам Андрэем Шчукіным.
— Яшчэ гадоў дваццаць таму ён рабіў маю першую прафесійную фотасесію, — распавяла поп-дзіва. — І вось, калі мы сёння зноў убачыліся, калі я зноў зірнула на тыя здымкі (Андрэй мне іх падарыў), дык адразу зразумела, што за прамінулы час ні я, ні ён зусім не змяніліся, нягледзячы на ўсе знешнія абставіны…
Як выявілася, у гэтага фотамастака нямала розных прыхільнікаў. Калі вернісаж ужо набліжаўся да лагічнага завяршэння, на прахадной музея раптам быў заўважаны дзіўны джэнтльмен з вялізнай валізай. “Where I can find Mr. Shchukin?” — марна дапытваўся ён у ахоўнікаў, дадаючы ў паважны антураж музейнага асабняка крыху здаровай фантасмагарычнасці.
Натуральна, гэта адзінкавы выпадак. Аднак няма сумневу ў тым, што выстаўка, размешчаная на запатрабаванай не толькі масквічамі, але і турыстамі пляцоўцы, здатная істотна пашырыць аўдыторыю беларускага сучаснага мастацтва — і культуры ў цэлым.
Што ж такое “ўчарашні дзень”?
Пакуль цяжка сказаць, як будзе ўспрыняты беларускі спецпраект у айчынным арт-асяроддзі. Хаця, зважаючы на мінулы досвед, можна прагназаваць: водгукі зноў будуць рознымі. Зрэшты, варта ўлічваць, што выстаўка скіравана перадусім на замежных гледачоў ды экспертаў. Сваім меркаваннем адносна “Дэкадзіроўкі…” карэспандэнт “К” папрасіў падзяліцца каардынатара праграмы спецыяльных праектаў і паралельнай праграмы V Маскоўскага біенале Надзею ПРАСКУРАКАВУ, адмыслова падабраўшы для яе ўсе тыя скептычныя пытанні, на якія толькі хапіла ягоных глуздаў.
— Ці лёгка трапіць у праграму Біенале?
— Ужо цяжэй. Мінулым разам у ёй было 65 спецпраектаў, сёлета ж — толькі 46. Прынцып па-ранейшаму вельмі дэмакратычны: за год да старту чарговага біенале на нашым сайце аб’яўляецца прыём заявак, і даслаць сваю прапанову можа любы куратар. Аднак мы вырашылі, што адбор павінен стаць больш удумлівым, і таму была арганізавана спецыяльная камісія, у якую ўвайшлі паважаныя куратары і мастацтвазнаўцы.
— А ці вялікім быў конкурс? Колькі ўвогуле вы атрымалі заявак?
— Канкрэтны лік я зараз назваць не гатова, таму проста скажу, што іх было безліч.
— На вашу думку, чаму быў абраны менавіта беларускі праект?
— Тут увогуле не ўзнікла ніякіх сумневаў. Камісія настолькі яго ўпадабала, што без усялякіх ваганняў і дыскусій прапусціла ў праграму Біенале. Без сумневу, гэта выдатны праект, у які мы ўсе адразу ўлюбіліся. Асабіста мне больш за ўсё імпануе нават не філасафічнасць тэмы, але гэткая сапраўднасць, шчырасць, якіх бракуе многім іншым творам сучаснага мастацтва, з іх звышмерным наслаеннем алегорый і канцэптаў.
√
— Адзін беларускі мастак ужо паспеў ахарактарызаваць гэты праект “учарашнім днём”, праўда, так і не патлумачыўшы, чаму…
— Мне гэта тым больш няўцям.
— А ці не здаецца вам, што праекту бракуе актуальнасці?
√
— Паняцце “актуальнасць” — гэта чыстай вады густаўшчына. Ёмістае слова, якое кожны можа вытлумачыць па-свойму. Дык вось, на маю думку, праект — цалкам актуальны. Больш за тое: падазраю, што яго тэма будзе актуальнай заўсёды.
— Гаворка не пра тэму, але пра выяўленчыя сродкі. Аўтары працуюць “па старынцы”, выкарыстоўваючы тую візуальную мову, якую многія лічаць ужо састарэлай: мадэрнісцкую па сваёй сутнасці скульптуру і фатаграфію. Наколькі я магу меркаваць, цяпер увогуле модна адмаўляцца ад карпатлівай мастацкай візуалізацыі і “работы рукамі” на карысць “чыстай ідэі”...
— Падаецца, акурат гэтую моду ўжо смела можна назваць “учарашнім днём”. На маю думку, сёння акурат прыспеў час трохі адысці ад высакалобых канцэптуальных праектаў (па шчырасці, нам яны трохі ўжо надакучылі) у бок, так бы мовіць, асязальнай візуальнасці, здатнай не толькі трансліраваць ідэі, але і выклікаць пачуцці.
— Гледзячы на гэтыя творы, ці можна прыйсці да высновы, што іх аўтары маюць мастацкую адукацыю?
— Не памятаю іх біяграфій, але амаль упэўнена, што гэта так.
— А ці патрэбна яна сучаснаму мастаку? Ці не шкодзіць станаўленню яго індывідуальнасці?
— Не ўсе са мной пагодзяцца, але асабіста я пераканана: нават у тым выпадку, калі мастак збіраецца ўсё жыццё рабіць інсталяцыі з цукеркавых абгортак, ён усё адно павінен прайсці акадэмічную школу: гэта фарміруе нейкі ўнутраны стрыжань. Ды і кшталтаваць, “гадаваць” свой талент трэба ўсім…
Мінск — Масква — Мінск
Фота Андрэя ШЧУКІНА