3-га чэрвеня дзякуючы ініцыятыве і фінансавым сродкам Міністэрства культуры краіны, а таксама падтрымцы генеральнага спонсара - "Прыорбанка" - на 54-м Венецыянскім біенале адкрыецца Нацыянальны павільён Рэспублікі Беларусь. Праект, які цягам свайго канцэптуальнага напаўнення выклікаў столькі абмеркаванняў і непадробнай цікавасці, нарэшце атрымае сваё канчатковае ўвасабленне. Што ўбачыць еўрапейская, ды не толькі, публіка на, умоўна кажучы, куточку "terra Belarus" у прасторы знакамітага і прэстыжнага форуму? Як будзе выглядаць экспазіцыя выстаўкіпраекта? "К" даведалася аб падрабязнасцях, звярнуўшыся да творчай і тэхнічнай групы беларускай каманды.
Ідэя
"Kodex" - такую назву носіць праект, які мае прадставіць беларускае сучаснае мастацтва на "la Biennale di Venezia". Ён прапаноўвае ідэю сучаснай інтэрпрэтацыі афармлення тэксту, пададзеную праз работы пяці творцаў: Юрыя Алісевіча, Артура Клінава, Кастуся Касцючэнкі, Віктара Пятрова і Дзяніса Скварцова.
На думку куратара Нацыянальнага павільёна, рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесара Міхаіла Баразны, "Kodex" цалкам адпавядае заяўленаму дэвізунапрамку сёлетняга Венецыянскага біенале - "ILLUMInations", што можна перакласці як "ілюмінацыі", ці "асвечаныя нацыі"... "У часы Дантэ ілюмінатарам называлі мастака, які сродкамі мініяцюры тлумачыў тэкст: гэта быў папярэднік сённяшняга ілюстратара або дызайнера, - прапанаваў "К" сваю трактоўку Міхаіл Баразна. - Наш праект ставіць за мэту ўзнавіць гэты сэнс слова. Кожны з мастакоў-удзельнікаў аздабляе тэкст сваімі выяўленчымі сродкамі. Што гэта за тэкст? Назавём яго "Беларусь"...".
Іншымі словамі, кожны творца сродкамі сваёй мастацкай мовы - жывапіс, перформанс, скульптура, медыя, інсталяцыя, малюнак - праз пэўныя ідэі і вобразы мусіць распавесці пра культуру Беларусі, яе мінулае, сучаснае. Вядома, гэты расповед будзе адбывацца на канататыўным узроўні, выводзячы на першы план персанальны мэсэдж, пасланне мастакоў свету. Але - менавіта тое, што хаваецца між радкамі персанальных наратываў і будзе ў выніку складаць аснову ўспрыняцця беларусаў як нацыі, якая мысліць сучасна.
"Kodex" - гэта яшчэ прызабытая назва кнігі, распаўсюджаная ў мінулых стагоддзях.
Увасабленне: агульнае праз прыватнае
Каб уявіць сабе экспазіцыю, што будзе прадстаўлена на Венецыянскім біенале, "К" вырашыла разабраць "агульнае цэлае" на асобныя часткі і прапанавала кожнаму мастаку распавесці пра сваю працу ў праекце.
Цела свету
Кастусь Касцючэнка:
- Мая скульптурная работа мае назву "Распяцце". Яна ўяўляе з сябе старонку Бібліі, якая павольна пераходзіць у мужчынскі торс, у раскрыжаванага, умоўна кажучы, чалавека. Малітва, якую можна прачытаць на старонцы, ператвараецца на целе распятага ў татуаж. Я імкнуўся данесці ідэю: цела чалавека - гэта цела свету, якое трымаецца да той пары, пакуль дзейнічаюць запаветы Бібліі, запаведзі, што Бог даў людзям. Ісціны, прапісаныя ў Кнізе кніг, што людзі імкнуцца выконваць, даюць спадзеў на далейшае жыццё. Вось такое маё асабістае пасланне. Што да тэхнічных момантаў - скульптура зроблена з пластыку. Мне хацелася выкарыстаць усе магчымасці гэтага матэрыялу, і таму было вырашана зрабіць яе ярка-чырвонага колеру. Існавала версія пафарбаваць скульптуру ў залаты, "пад бронзу", але потым я спыніўся на чырвоным: так яна выглядае больш сучасна і выразна. Ці магчымы былі іншыя сродкі для ўвасаблення маёй ідэі? Адзінае, што мне трэба было ўлічваць: скульптура не павінна быць вельмі цяжкай - усё ж такі пытанне з транспарціроўкай трэба браць пад увагу. Цяпер яна важыць прыкладна 100 кг. У астатнім я быў абсалютна вольны і абраў пластык, таму што ён падаўся мне найбольш удалым матэрыялам для ўвасаблення маёй думкі.
Тры ў адным
Віктар Пятроў:
- Мае работы будуць прадстаўлены, так бы мовіць, у некалькіх катэгорыях: жывапіс, малюнак, перформанс, камп'ютарная графіка. Калі падрабязней, у экспазіцыі ўдзельнічаюць некалькі жывапісных твораў і адзін вялікі каляровы малюнак - 4х4 метры. Гэта "Апакаліпсіс. Папярэджанне". Ён створаны даволі даўно, але спецыяльна для Біенале быў зменены і дапрацаваны. Я імкнуся ў мастацтве выказвацца на сур'ёзныя тэмы, і, у прыватнасці, гэты твор, які выкананы ў чырвоным колеры, з'яўляецца пэўным знакам - папярэджаннем чалавецтву. На маю думку, сёння людзі падзяліліся на два палярныя сегменты: ёсць тыя, хто ідзе за Хрыстом, за Бібліяй, і тыя, хто не робіць гэтага. Магчыма, для кагосьці ўзнятае пытанне і не падаецца актуальным, але для мяне выказацца ў падобным ключы - справа прынцыповая. Занадта шмат у нашым мастацтве "лёгкіх" тэм, а, на маю думку, творца ў першую чаргу мусіць падштурхоўваць грамадства да размовы на такім узроўні. Прыкладна на гэткую ж тэму я "выкажуся" і ў перформансе. Сімволіка шасці колераў будзе абыграна ў дзеі, але ў якім фармаце гэта будзе зроблена - не здолею зараз апісаць. Асобным блокам будуць прадстаўлены фотаздымкі маіх перформансаў, зробленых за пятнаццаць гадоў дзейнасці. І апошняя частка майго ўдзелу - лічбавыя малюнкі, якія будуць дэманстравацца на маніторы. Іх дакладная колькасць - 320. Я выконваў іх з дапамогай лічбавай праграмы. Такая тэхніка дае сваю спецыфіку: яна стварае поле для эксперыментаў. І на гэтай лічбавай мове я ўжо прадставіў не толькі канцэптуальныя работы, але і творы абстрактнага характару, на агульначалавечыя тэмы, якія часта распрацоўваюць мастакі.
"Прамалёўваю паўсядзённасць". Інтэрактыўна
Юрый Алісевіч:
- "Маё асяроддзе" - такую назву носіць праект за маім аўтарствам у агульнай экспазіцыі. Гэта малюнкі, зробленыя гелевай ручкай на звычайнай паперы. Яны падобныя да накідаў, інтэр'ерных замалёвак - і сапраўды, я фіксую дэталі маіх інтэр'ераў: дома, майстэрні, месца працы... Іншымі словамі, я прамалёўваю сваю паўсядзённасць: з якіх дробязей яна ўтвараецца, што яе складае... Цікава, але пэўную ролю ў гэтых працах выконваюць подпісы: я падпісваю, якога колеру элементы інтэр'ераў. Да прыкладу, падаконнік - белы, фон - чырвоны, драпі-__ роўка - сіняя, і атрымліваецца, што кожны, прачытаўшы апісанне, можа "пафарбаваць" у думках маё асяроддзе ў згаданыя колеры. Адбываецца нешта кшталту інтэрактыўнай гульні. У цэлым, было б сумна без гэтых подпісаў-"падказак" - нават у кампазіцыйным плане. А так ёсць момант стылізацыі, гульні, пэўнай іроніі, жарту. Мне падаецца, мае творы ўяўляюць з сябе гэткае акенца ў наша жыццё, у паўсядзённасць. І графічная падача гэтай рэальнасці надае ўбачанаму магчымасці разнастайных прачытанняў. Ці даўно я працую ў падобнай тэхніцы? Так, са студэнцкіх гадоў. Было шмат замалёвак, якія першапачаткова разглядаліся як падрыхтоўчыя малюнкі да станковых работ у колеры, але паступова гэта ўсё "перарасло" ў самастойны від мастацтва.
Трактоўка кіно
Дзяніс Скварцоў:
- Мая частка - гэта фільм "ББС". Вядома, што кіно можна трактаваць таксама як малюнак - малюнак святлом. Герой карціны імкнецца намаляваць, сфармуляваць свае жаданні і зрабіць іх такім чынам рэальнымі. Калі штосьці адбываецца на палатне - значыць, што пэўная частка памкненняў спраўдзілася. Выяўленне гэтай пачуццёвай хвалі, гэтага нерву нашых жаданняў я імкнуўся перадаць у сваім кіно, якое, можа быць, і не кіно зусім.
Версія "...Вячэры" з алюзіямі
Артур Клінаў:
- Праект з маім удзелам мае назву "Таемная вячэра", і мінскія гледачы маглі яго бачыць год таму на выстаўцы "Дах". У новай версіі работы лепш прапрацаваны фігуры, але яе сутнасць - "даслоўная" копія вядомага твора "Таемная вячэра" Леанарда да Вінчы - засталася. Праект зроблены з саломы, і, улічваючы невялікія памеры Павільёна краіны на Венецыянскім біенале, ён мусіць быць падвешаны пад столлю на вышыні 3 - 3,5 метра. У гэтым ёсць сэнс, таму што арыгінал Леанарда таксама знаходзіцца на вышыні ў міланскім кляштары Санта-Марыя-дэле-Грацыя, - узнікае такая прамая алюзія на арыгінал. Адзінае адрозненне - копія вядомага твора створана аб'ёмная, і можна будзе паглядзець на яе, так бы мовіць, з усіх бакоў. Салома - гэта такі традыцыйны матэрыял: у добрым святле ён будзе выглядаць, нібы золата, плюс да ўсяго, каб стварыць адпаведны эфект, мы яго наўмысна пазалацілі. Праектамі з саломы я займаюся гадоў дзесяць. Сярод іх - работа "Салодкае саламянае жыццё", і вось цяпер я распачаў цыкл рымейкаў на творы вядомых класікаў. Прынамсі, "Таемная вячэра" - першая з гэтага цыкла, улетку запланаваны рымейкі на Веласкеса, Рэмбранта, Сальвадора Далі... Чаму я абраў менавіта салому? Яна падаецца мне вельмі філасофскім матэрыялам: з аднаго боку, увасабляе хараство, раскошу цывілізацыі, манументальнасць, а з іншага - кожны прадмет, зроблены з саломы, у маёй інтэрпрэтацыі ўяўляе з сябе гэткі ўзор распаду матэрыі. І вось падобнае спалучэнне золата, пышнасці і распаду - мяне прываблівае, цікавіць. У "Таемнай вячэры" гэты канфлікт, на маю думку, яшчэ больш узмацняецца. Што сёння ёсць вера? Хрысціянства? Ці дзейнічаюць у наш час, увогуле, маральныя каноны? Або ўсё гэта толькі фікцыя? Відавочна, што, у пэўным сэнсе, свет знаходзіцца ў маральным тупіку. І калі не зрабіць гэты выбар - куды ўсё пакоціцца? Так, у ранейшай версіі праз салому прарастала трава, і гэта быў такі пазітыўны мэсэдж, але цяпер зрабіць гэта тэхнічна немагчыма. Няма часу і магчымасцей. Тым больш, аб'ект будзе вісець у прасторы, і глядач не здолее ўбачыць зялёных парасткаў.
Экспазіцыя
Тое, што пабудова экспазіцыйнай прасторы стварае пяцьдзясят, калі не больш, працэнтаў поспеху выстаўкі, напэўна, ні для кога не з'яўляецца адкрыццём. 170 метраў беларускага павільёна - гэта не тая прастора, якую назавеш вялікай. Тым не менш, архітэктару беларускай экспазіцыі Міхаілу Шыкаву задача стварыць запамінальную кропку ў маршруце патэнцыйнага прыхільніка сучаснага мастацтва не падалася невырашальнай.
Міхаіл Шыкаў:
- Павільён, у якім будуць экспанавацца работы беларускіх мастакоў, не зусім прыстасаваны для выстаўкі сучаснага мастацтва: шмат месца ў зале "забіраюць" офісныя памяшканні. З іншага боку, сцены офісных пакояў дазваляюць замацаваць на іх экспазіцыйныя аб'ёмы, у той час як выкарыстанне муроў гістарычнага будынка, дзе месцяцца тыя офісы, увогуле амаль немагчымае. Згодна з італьянскімі законамі, мы нават цвіка ў падобную сцяну не можам убіць без папярэдніх дазволаў і ўзгадненняў.
Архітэктура беларускай экспазіцыі распрацавана, так бы мовіць, па закальцаваным сцэнарыі: ад прыватнага - да агульнага, і наадварот. Я ахарактарызаваў бы яе як шматпланавую экспазіцыю, сціплую, але - з пачуццём уласнай годнасці. Кожны госць, наведаўшы яе, мусіць займець сваё асабістае меркаванне ад убачанага.
Калі правесці своеасаблівую віртуальную экскурсію па павільёне, трэба пачынаць з двара. Там ля ўвахода наведвальнікаў будзе вітаць яскравая скульптура Косці Касцючэнкі, якая размесціцца на празрыстым пастаменце. Яна будзе нібыта лунаць у паветры над каналам. Вертыкальны банер на будынку з колерамі Дзяржаўнага сцяга паведаміць аб тым, мастацтва якой краіны прадстаўлена ў памяшканні.
Адкрываецца экспазіцыя аб'ёмам вышынёй у чатыры метры. Паралелепіпед, адзін бок якога пафарбаваны ў белы колер, другі - у чорны, прадставіць твор Віктара Пятрова "Апакаліпсіс. Папярэджанне" і фільм Дзяніса Скварцова, што будзе дэманстравацца на экране, уманціраваным у адзін з бакоў чатырохкутніка.
Далей на сценах памяшканняў размесцяцца праекты Юрыя Алісевіча і Віктара Пятрова: творы першага насупраць работ другога.
Экспазіцыю прадоўжыць аб'ёмны трохкутнік: на адным яго баку ў зробленых акенцах будзе прадстаўлена творчасць Юрыя Алісевіча (яму была прапанавана прастора, якую ён распісаў), на другім баку - на маніторы прадэманструюць лічбавыя малюнкі Віктара Пятрова.
На другім падобным трохкутніку, які будзе размешчаны трохі далей, - відэаэкспазіцыя фотаздымкаў перформансаў Віктара Пятрова і яго жывапісная работа "Марфа і Марыя". Яна стварае моцны колеравы акцэнт. Тут жа, на сценах, - жывапісныя творы мастака малых форм.
Кульмінацыяй выстаўкі стане арт-аб'ект Артура Клінава, які будзе вісець на тросах на вышні больш за тры метры. Арт-аб'ект - вялікі: 5,5х1,5 метра, але ён стварае неабходную вертыкаль, якая робіць усё экспазіцыю кампазіцыйна завершанай. Беларускі павільён з'яўляецца, так бы мовіць, шляхам да іншых павільёнаў. І я наўмысна зрабіў яго канструкцыю гэткай, каб ён прачытваўся і ў адваротным парадку: як з увахода да выхаду, так і з выхада да ўвахода. Каб наведвальнік, азірнуўшыся, захацеў прайсці яго яшчэ раз.
■ ■ ■
Вядома, што, пры ўсіх намаганнях, мы не здолеем аб'ектыўна і ўсебакова ацаніць будучы праект. Як ніколі справядліва тут гучыць выслоўе: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Тым не менш, агульнае ўяўленне аб тым, што прадставіць Беларусь на 54-м Венецыянскім біенале, чытачу, спадзяёмся, удалося атрымаць. Вердыкты і персанальныя ўражанні - за тымі, хто ўбачыць усё на ўласныя вочы.