Дзе і калі?
Каб не “патануць” у моры кіно, якое разальецца з 2 па 9 лістапада ў Мінску, варта вывучыць “карту” фестывалю. Сёлета асноўны конкурс ігравога кіно будзе праходзіць у кінатэатры “Цэнтральны”. Конкурс маладога кіно “Маладосць на маршы” — у Доме кіно і тым жа “Цэнтральным”. Кінатэатр “Мір” стане асноўнай пляцоўкай конкурсу дакументальных стужак. А спаборніцтва нацыянальных дакументальных кінашкол прыме ў сваіх сценах Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў у корпусе па вуліцы Чычэрына.
“Лістападзік”, па традыцыі, вітае кінатэатр “Піянер”. А вось пазаконкурсныя паказы, якіх сёлета налічваецца каля 20 (!), будуць дэманстравацца пераважна ў “Перамозе” і Доме кіно.
Цырымоніі адкрыцця і закрыцця форуму, як заўсёды, пройдуць у Палацы Рэспублікі. Але сёлета гледачы маюць магчымасць убачыць фільм адкрыцця — тытулаваную стужку Сяргея Лазніцы “У тумане” паводле аповесці Васіля Быкава — яшчэ ў кінатэатры “Кастрычнік”: акурат 2 лістапада, калі распачынаецца фестываль. Паказ карціны з удзелам акцёраў будзе зладжаны для шырокай аўдыторыі 7 лістапада.
Пра беларускае кіно
Святлана Шыцікава зрабіла акцэнт на адмысловых праграмах беларускага кіно, што пройдуць у рамках фестывалю. Акрамя стужак бягучага і мінулага года кінастудыі “Беларусьфільм”, “Белвідэацэнтра” (праграма “Беларуская панарама” ў пазаконкурсных праграмах ігравога і дакументальнага кіно), на форуме асобным блокам “Беларускае архіўнае кіно” будуць прадстаўлены дакументальныя карціны 1960 — 70-х. Таксама, ва ўжо традыцыйнай рубрыцы “Нацыянальныя прэм’еры”, будзе паказана і новая стужка Галіны Адамовіч — “Незвычайная Бенька”.
Не абмінуў увагай фестываль і 20-годдзе Беларускага саюза кінематаграфістаў. “Арганізатары запрасілі старшыняў аналагічных саюзаў на мінскі кінафорум, — зазначыла Святлана Шыцікава, — і запрашэнне прынялі дзевяць чалавек з розных краін”.
Цырымонія адкрыцця
Рэжысёр шоу адкрыцця і закрыцця міжнароднага кінафоруму Вераніка Янушэўская-Алштунец адзначыла, што 2 лістапада публіку чакае шмат сюрпрызаў. “Незвычайнай будзе нават тая ж “чырвоная дарожка”, — паабяцала яна. У цырымоні адкрыцця возьмуць удзел зоркі беларускага кінематографа, а гасцямі фестывалю стануць Карэн Шахназараў, Эмануіл Вітарган, Лінда Нігматуліна, Гоша Куцэнка…
Вядучыя шоу адкрыцця — Кацярына Стрыжэнава і Сяргей Кацьер.
Журы
Каб ацаніць такую колькасць стужак, на фестывалі будуць працаваць шэсць міжнародных журы.
Расійскі рэжысёр Андрэй Звягінцаў узначаліць журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу. Прадзюсар Крысцін К. Уокер з ЗША — каманду, што будзе ацэньваць конкурс маладога кіно. Беларускі рэжысёр Галіна Адамовіч — на чале журы кінематаграфістаў асноўнага конкурсу дакументальнага кіно. Выбіраць жа лепшых на конкурсе нацыянальных кінашкол дакументальнага кіно маюць арт-дырэктар Міжнароднага фестывалю кароткаметражнага і дакументальнага кіно “Пасланне да чалавека” ў Санкт-Пецярбургу, праграмны дырэктар Міжнароднага кінафестывалю маладога еўрапейскага кіно “Voices” у Волагдзе Ігар Гуськоў і яго каманда.
Старшыня журы “Лістападзіка” — праграмны дырэктар Міжнароднага фестывалю фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі ў Зліне (Чэхія) Маркета Пашмова. А кінакрытык, мастацкі кіраўнік Ерэванскага міжнароднага кінафестывалю “Залаты абрыкос” Сусанна Аруцюнян возьме адказнасць за рашэнне журы кінапрэсы, якому выпала нялёгкая доля ацэньваць усе конкурсы ігравога і дакументальнага кіно і, нагадаем, прысудзіць “серабро” “Лістапада” ў намінацыі “Фільм як з’ява мастацтва”.
Праграма
“Я гатовы апладзіраваць дырэкцыі фестывалю за складзеную праграму”, — так генеральны дырэктар "Мінскага кінавідэапракату" Васіль Коктыш прарэкламаваў на прэс-канферэнцыі сёлетні калейдаскоп кінапрапаноў. І падкрэсліў, што магчымасць убачыць выбранае кіно ў гледачоў ёсць, на жаль, толькі пад час фестывалю. “Таму раю купляць білеты на сеансы загадзя”, — падкрэсліў ён.
Сёння асноўная праграма ігравога кіно складаецца з трынаццаці перлін кінематографа краін “колішняга сацблока”. У ёй — і новая стужка румынскага рэжысёра, уладальніка “Залатой пальмавай галіны” Канскага фестывалю Крысціяна Мунджу “За ўзгоркамі”, і нашумелая работа расіяніна Васіля Сігарава “Жыць”, і вядомы Міхаіл Сегал з карцінай “Апавяданні”, і рэжысёр “Класа” Ілмар Рааг з фільмам “Эстонка ў Парыжы”…
Конкурс “Маладосць на маршы” прадставіць работы перспектыўных рэжысёраў з усяго свету.
Асаблівая ўвага нададзена і конкурсу для дзіцячай ды юнацкай аўдыторыі. Адкрыецца ён сёлета, дарэчы, 3 лістапада. “Праграма “Лістападзіка” гэтым разам складаецца з фільмаў, што разлічаны не толькі на дзіцячыю аўдыторыю, — падкрэсліў Ігар Сукманаў, які сёлета з’яўляецца дырэктарам як праграм ігравога кіно, так і праграмы гэтага конкурсу. — Тое будуць разнастайныя жанравыя карціны — лаўрэаты і пераможцы спецыяльных кінафорумаў, — атрымаць асалоду ад прагляду якіх здолеюць і дарослыя. І асабліва — тыя, хто шукае і цэніць светлае кіно...
Што да секцыі дакументальнага кіно, то пэўнай навацыяй у ёй стаўся сёлета конкурс нацыянальных кінашкол. У ім прымуць удзел чатыры адмысловыя інстытуцыі з Арменіі, Расіі, Вялікабрытаніі і Беларусі “ў асобе” Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
Толькі пералічыць назвы пазаконкурсных кінапраграм, колькасць якіх на “Лістападзе-2012” набліжаецца да дваццаці, падаецца справай амаль немагчымай. Ды, тым не менш, не назваць тры з іх падаецца недаравальным: гэта рэтраспектывы літоўскага рэжысёра Шарунаса Бартаса, чэшскага кінамайстра Штэфана Угера і японскага мастака Нагіса Осімы. Дырэкцыя фестывалю прадаставіла шыкоўны выбар тым гледачам, хто не здолее трапіць на паказы асноўных конкурсаў.
Асобна ўзгадаем і персанальную фотавыстаўку Дзмітрыя Елісеева — сябра і пастаяннага аўтара здымкаў для “К” — “Пра тых, каго мы любім і памятаем”, якая адкрыецца ў кінатэатры “Перамога” ў рамках кінафоруму.
Закрыецца жа “Лістапад-2012” паказам фільма — уладальніка “Залатой пальмавай галіны” сёлетняга Канскага кінафестывалю — “Каханне” аўстрыйскага кінарэжысёра Міхаэля Ханэке.