Па словах Уладзіміра Карачэўскага, на сённяшні дзень адчуваецца недахоп прафесійных тэатраў у рэгіёнах. Разглядаючы досвед паспяховага існавання такіх калектываў у Бабруйску і Слоніме, Міністэрствам культуры ставіцца пытанне аб адкрыцці адпаведных устаноў у Лідзе і Полацку.
Адзначана і паспяховае выкананне Дзяржаўнай праграмы рэканструкцыі будынкаў тэатраў. Але, улічваючы вялікія аб'ёмы гэтых работ, было вырашана прадоўжыць яе дзеянне да 2013 года. Такім чынам яшчэ ў пяці тэатрах працягваецца капітальны рамонт, у тым ліку і ў сталічных Купалаўскім, ТЮГу, Маладзёжным.
Першы намеснік міністра культуры падкрэсліў, што дзяржава надае вялікую ўвагу тэатральнаму мастацтву. Нават калі параўноўваць толькі сумы выдаткаваных грошай у 2010 - 2011 гг. на бягучае ўтрыманне тэатраў, то гэтыя лічбы ўзраслі з 53 да 73 мільярдаў беларускіх рублёў. Таксама павялічыліся субсідыі, якія выдзяляюцца на новыя пастаноўкі і тэатральныя праекты.
- Але хацелася б, каб людзі, якія прафесійна займаюцца тэатрам, праяўлялі больш ініцыятывы. 2011-ы - Год прадпрымальнасці, і Міністэрства культуры спадзяецца, што тэатры больш актыўна ўключацца ў гастрольна-камерцыйную дзейнасць, прапануюць крэатыўныя праекты, якія будуць хаця б часткова самаакупныя, - акцэнтаваў Уладзімір Карачэўскі.
Па словах першага намесніка міністра культуры Цэнтр візуальных мастацтваў, створаны пры падтрымцы аднаго з камерцыйных банкаў, будзе займацца тэатральнымі праектамі, да фінансавання якіх прыцягваюцца спонсары і мецэнаты. На сёння Цэнтру перададзена правядзенне Міжнароднага фестывалю тэатральнага мастацтва "Панарама", Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" і Нацыянальнай тэатральнай прэміі.
Цяпер ідзе актыўная падрыхтоўка да правядзення цырымоніі ўручэння Першай Нацыянальнай тэатральнай прэміі. На сённяшні дзень у аргкамітэт пададзена 26 заявак з розных рэгіёнаў рэспублікі. Плануецца, што з 31 мая па 5 чэрвеня ў Мінску пройдзе Тэатральны тыдзень, цягам якога сталічныя гледачы змогуць пазнаёміцца з апошнямі дасягненнямі тэатральнага мастацтва Беларусі. Напрыканцы яго адбудуцца ўрачыстасці, пад час якіх уручаць прэміі лепшым з лепшых. Уладзімір Карачэўскі ўпэўнены, што гэтая прэмія стане сапраўднай падзеяй у культурным жыцці краіны як для прафесіяналаў, так і для аматараў.