Быццам у знак таго, што гэты фестываль адбываецца адначасова з Міжнародным фартэпіянным конкурсам "Мінск-2010" (а праслухоўванні яго таксама праходзяць у сталічнай філармоніі, толькі ў Малой зале імя Р.Шырмы), у адкрыцці "співакоўскага запрашэння" саліраваў сусветна вядомы піяніст Дзяніс Мацуеў. Выканаўшы з аркестрам "Віртуозы Масквы" Фартэпіянны канцэрт Д.Шастаковіча, ён прадэманстраваў адразу і конкурснае Гран-пры, і пазаконкурсны майстар-клас, і арыгінальную "музычную паўзу" паміж першым турам спаборніцтва, што завяршыўся напярэдадні, і другім, які пачынаўся наступнай раніцай.
З сённяшняга дня фестываль зноў у Мінску - не прапусціце! Сёння вы можаце стаць сведкамі "Чараўніцтва аргенцінскага танга"- так названа праграма з удзелам караля кларнета Гіёры Фейдмана (Аргенціна) і дырыжора Аркадзя Берына, што раней працаваў у нас, а цяпер знакаміты на ўсю Еўропу. Заўтра наш Прэзідэнцкі аркестр на чале з Віктарам Бабарыкіным будзе чараваць над "Рапсодыяй у стылі рок" разам са шведскім піяністам і кампазітарам Робертам Уэлсам. А ў панядзелак, пад час закрыцця фестывалю, слухачоў зачаруе Нацыянальны філарманічны аркестр Расіі на чале з галоўным віноўнікам урачыстасці - маэстра Співаковым. А сярод салістаў будзе наша оперная прымадонна Аксана Волкава.
Ды і на прэс-канферэнцыі У.Співакоў неаднаразова падкрэсліваў папраўдзе сусветны ўзровень беларускіх выканаўцаў і, шырэй, нашай музычнай школы. Невыпадкова нашы юныя таленты станавіліся стыпендыятамі Міжнароднага дабрачыннага фонду Співакова, а Івану Карызне, які цяпер працягвае навучанне ў Францыі, маэстра падарыў віяланчэль. Яшчэ адна наша стыпендыятка фонду, навучэнка Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, габаістка Насця Алясюк саліравала з "Віртуозамі Масквы" на сёлетнім фестывалі.
На здымку: Уладзімір Співакоў на прэс-канферэнцыі.
Фота Юрыя ІВАНОВА