Як паведаміў "К" намеснік генеральнага дырэктара Аляксандр Хайкоў, да новага сезона былі ўцеплены сцены і заменены старыя вокны. Гэтае абнаўленне зрабіла памяшканні больш утульнымі для супрацоўнікаў цырка, а таксама дапамагло знізіць узровень энэргастрат на ўтрыманне будынка.
У Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" закладзена фінансаванне далейшага капітальнага рамонту цырка. Будуць прадоўжаны ўцяпленне фасада і ўстаноўка шклопакетаў, дбайны рамонт даху. Таксама прыйшоў час замяніць мастацкую падсветку будынка. Акрамя маштабнай знешняй працы, будзе праведзена і аднаўленне інтэр'ераў.
Асабліва вялікія спадзяванні адміністрацыя ўскладвае на пераабсталяванне асвятляльнай манежнай апаратуры.
- Сёння ў распараджэнні трупы - прыборы, якія з'явіліся ў цырку амаль што пад час яго заснавання, - расказаў Аляксандр Хайкоў. - Старая апаратура не адпавядае патрабаванням новага часу па ўсіх параметрах: яна не можа забяспечыць ні выканання мастацкіх задум артыстаў, ні неабходных паказчыкаў па энэргазберажэнні.
Як з гонарам зазначыў Аляксандр Хайкоў, гамяльчане любяць цырк: аб гэтым сведчаць аншлагі на кожным прадстаўленні. Таму ўсе будаўнічыя змяненні і пераабсталяванне ў канчатковым выніку накіраваны на тое, каб стварыць спрыяльную атмасферу для творчых знаходак, якія задаволяць густ патрабавальнага гледача.