Літаральна днямі, як распавяла "К" начальнік аддзела культуры Ашмянскага райвыканкама Галіна Балінская, там, на магіле паэта, былі ўсталяваны новая, рэканструяваная, стэла і надмагільная пліта.
- Ранейшая стэла паўстала тут яшчэ ў 1975 годзе, - кажа Галіна Іванаўна, - таму з цягам часу яна пачала разбурацца. Патрабавалася замена, і, дзякуючы спонсару, мы змаглі гэта зрабіць.
Фінансавую дапамогу ў гэтай пачэснай справе аказаў мясцовы ўраджэнец Юрый Гурскі. Юрый Іванавіч сам ездзіў на Украіну за патрэбным па колеры гранітам - і прывёз яго ажно тры з паловай тоны!
Таму матэрыялу хапіла не толькі на стэлу Францішку Багушэвічу, але і на тое, каб рэканструяваць помнік і надмагільную пліту сваякам паэта, што знайшлі свой спачын побач з магілай класіка. Дапамога была аказана і пры добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі.