Сферы Полацкага княства
Доктар архітэктуры, прафесар, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Лакотка, характарызуючы канструктыўныя асаблівасці курганоў на нашых землях, адзначае, што тыя з'яўляліся складанымі збудаваннямі: гэта была не проста купка насыпанага пяску, але пэўнага кшталту маўзалей.
У эпоху росквіту Візантыі купальныя канструкцыі набылі далейшае развіццё. Тады наспела неабходнасць у стварэнні вялікай падкупальнай літургічнай прасторы. Гэтага можна было дасягнуць дзякуючы сферычнай канструктыўнай аснове, наяўнасці апорных слупоў: на іх абапіралася ўся купальная сістэма.
Вынаходніцтва новых канструкцый спрыяла фарміраванню таго вобраза візантыйскага хрысціянскага храма, які быў успрыняты ва Усходняй Еўропе, у тым ліку Полацкім княствам. У Кіеве, Полацку, Ноўгарадзе з'явіліся Сафійскія храмы. Затым узніклі мураваныя крыжовакупальныя саборы рэгіянальнага значэння ў Смаленску, Чарнігаве, а таксама ў Віцебску, Магілёве, Тураве, Гродне. Гэта ўсё карэнным чынам уплывала на асяродак славянскіх гарадоў. Белакаменныя, ружовакаменныя або стракатыя, з прымяненнем валуноў, як у Каложскай царкве ў Гродне, зведаўшыя ўплыў раманскай і гатычнай традыцый, сакральныя збудаванні маляўніча ўпісваліся ў ландшафт. Яны надавалі гораду зусім іншы каларыт, іншыя суадносіны складваліся з навакольным пейзажам.
Увогуле, як лічыць Аляксандр Лакотка, у праваслаўнай архітэктуры традыцыя купалаў - вельмі ўстойлівая: з ёй асацыіруюцца ўяўленні пра нябесны звод. Такія канструкцыі аздоблены шматлікімі вокнамі і з'яўляюцца сімвалам крыніцы святла Нябёсаў - носьбіту Божай ісціны.
Новая сакральнасць
У часы Вялікага княства Літоўскага своеасаблівай інтэграцыяй у заходнюю культуру з'яўляецца гатычная традыцыя працяглага нефу ў архітэктуры сакральных будынкаў, што адлюстроўвала ўжо зусім іншую арганізацыю храма. Як такіх купалаў у гатычных храмах не было. Прыкладам таму - царква ў Сынкавічах. Простыя гатычныя чатырохгранныя, васьмігранныя шатры, аскетычныя і даволі суровыя формы не заўсёды адпавядалі ўяўленням аб прыгажосці, аб тым, што спрадвеку было характэрна для ўсходніх славян. З надыходам эпохі Рэнесанса, а пазней - барока, такая ж тэндэнцыя пачала назірацца і ў Заходняй Еўропе: суровыя вежы рабіліся больш пластычнымі, фігурнымі. У выніку гістарычнага развіцця ў праваслаўных храмах Беларусі шырокае распаўсюджанне атрымалі купалы, а ў каталіцкіх цэрквах - галоўкі над вежамі.
Буйны аб'ём у дрэве
Асаблівае месца ў архітэктуры Беларусі займае народнае драўлянае дойлідства. Купалы драўляных цэркваў мелі свае - рэгіянальныя, мясцовыя - адрозненні. Да таго, як з'явіліся каменныя Сафійскія храмы ва Усходняй Еўропе, цягам многіх стагоддзяў у Беларусі пераважала драўлянае манументальнае дойлідства. Узвялі цудоўныя Ільінскі, Троіцкі саборы ў Маркавым манастыры Віцебска, драўляныя цэрквы ў Оршы.
У цэлым, для Усходняй Еўропы былі характэрны дзве тэндэнцыі. Адна з іх звязана з паўночна-ўсходняй часткай, да якой тэрытарыяльна адносіцца і беларускае Паазер'е - Віцебск ды навакольныя землі. Для рэгіёна характэрны драўляныя цэрквы цэнтрычнай кампазіцыі, з цэнтрычнымі ж купаламі, іх каскадамі. Драўлянай архітэктуры Беларусі па гістарычных прычынах і згодна з традыцыямі не былі ўласцівы буйнааб'ёмныя купальныя будынкі.
Іншая, таксама глабальная, тэндэнцыя ахоплівае паўднёвы ўсход еўрапейскага арэала. Яе сутнасць заключаецца ў наступным: на падставе крыжападобных планаў, роўнаканцовых, выцягнутых, узводзілі шматузроўневыя зрубныя аб'ёмы. Кожны з гэтых ярусаў заканчваўся фігурнай глаўкай. Найбольш яркі прыклад- Міхайлаўская царква ў Слуцку ХVІІІ ст.: яна ўвасабляе традыцыі і рысы, уласцівыя драўлянай архітэктуры, купалам паўднёва-ўсходняга рэгіёна Еўропы. Такіх будынкаў вельмі шмат на беларускім Палессі.
Ёсць і іншая традыцыя цэркваў - так званая валынская: царква ў Давыд-Гарадку сярэдзіны ХVІІІ ст., храмы ў вёсках Сінкевічы Лунінецкага, Велевічы Столінскага, Хаціслаў Маларыцкага раёнаў і многія іншыя. Храмы Заходняга Палесся маюць у сваёй архітэктуры рысы, што ахопліваюць арэал, які трапіў пад уплыў валынскай архітэктуры. Шатры цэркваў вянчаюцца невялікім купалам з маляўнічым, даволі выразным, пластычным абрысам. І ў гэтым - мясцовая традыцыя, уласны каларыт.
- Дзеля гістарычнай справядлівасці трэба сказаць, што ў ХІХ стагоддзі для нашых гарадоў і мястэчкаў распрацоўваліся ўзорныя тыпавыя праекты, - рэзюмуе Аляксандр Лакотка. - Так ці інакш, чыноўнікі, якія кіравалі на землях Беларусі таго часу, улічвалі спецыфіку краю, ёсць добрыя прыклады такіх пабудоў: цэрквы ў вёсцы Вешня Капыльскага, у вёсцы Чырвоны партызан Добрушскага раёнаў...
Наталля КІРПІЧЭНКАВА