Па словах Мікалая Пашынскага, ужо да 5 ліпеня было рэалізавана 87% білетаў на фестывальныя імпрэзы. Летась гэты паказчык быў куды больш сціплы: каля 60%, прычым па агульных выніках фестывалю.
У чым прычына такога поспеху? Адказы на гэтае пытанне мне давялося пачуць розныя.
Мікалай Пашынскі мяркуе, што попыт быў абумоўлены прапановай: праграма фестывалю патрапіла "ў яблычак" кан'юнктуры глядацкіх запатрабаванняў. Прычым адзін са складнікаў гэтай кан'юнктуры - не толькі жаданне бачыць раскручаных па тэлебачанні зорак, але і разнастайнасць самой праграмы.
- Яшчэ памятаю тыя часы, калі ўся праграма фестывалю змяшчалася на невялічкім аркушыку, - згадвае Мкалай Пашынскі. - Сёлета яна ўяўляе з сябе цэлы "фаліянт". Бачыць канцэрты адных і тых жа выканаўцаў віцябчане, па шчырасці, трохі стаміліся. А вось квіткі на джаз і класіку разыходзяцца надзіва хутка. Прызнацца, мы трохі хваляваліся наконт Дзмітрыя Хварастоўскага: усё ж выканаўца гэты - даволі "нестандартны". Ды, як выявілася, сумневы былі дарэмныя. Больш чым упэўнены, што ягоны сольнік у Амфітэатры збярэ аншлаг.
У выставачным цэнтры сёлетні ажыятаж на білеты звязваюць з ростам папулярнасці як самога фестывалю, так і Віцебска ў цэлым. Колькасць наведвальнікаў установы спакваля более - нават нягледзячы на тое, што горад сёння насычаны мноствам іншых цікавых аб'ектаў паказу. Віцебск становіцца ўсё больш утульным і прывабным для турыстаў, а "Славянскі базар..." - ці не галоўны яго брэнд. Нават тыя, хто прыязджае да нас у "нефестывальны" час, абавязкова наведваюць Амфітэатр, робяць там фота на памяць. Гэтае месца стала адметнасцю само па сабе!
Пакінуўшы "круглік", гэты унікальны "навабуд", у нетрах якога - сведчанне даўніны гісторыі Віцебска, я здолеў пачуць і яшчэ адзін адказ на тое самае пытанне. Ён даносіўся з плошчы Свабоды. Плазмавы экран з ранку да ночы трансляваў рэкламу фестывальных падзей. І гэта была зусім не рэклама ў фармаце "дата/месца".
"Яны ўжо сталі зоркамі ў сваіх краінах, і цяпер засталося толькі высветліць, хто з іх лепшы..." - прыблізна гэтак гучаў заклік набыць білет на конкурс маладых выканаўцаў.
- Так, білеты на "конкурсныя" імпрэзы традыцыйна разыходзяцца "са скрыпам", - прызнаўся Мікалай Пашынскі. - Асабліва гэта тычыцца фіналу, які не прадугледжвае выступленняў запрошаных зорак. Але сёлета сітуацыя выпраўляецца. Мы чарговы раз пераканаліся, што рэклама - рухавік прагрэсу.
Прычым прагрэсу не толькі ў сферы камерцыі, але і ў справе густу глядацкай аўдыторыі. Адчуць яго і задаволіць - справа няпростая. Развіваць - нашмат складаней.
Сёлетні фестывальны "лайн-ап", як ніколі раней, насычаны імёнамі тых выканаўцаў, якіх на FM-хвалях наўрад ці пачуеш - нягледзячы на іхнюю неаспрэчную вартасць. Проста, знайсці для іх месца ў праграме было б пустым марнаваннем бюджэту, ды і выступаць адно для вузкага кола "пасвячоных" тым музыкам ужо надакучыла. І таму фестываль да канца выканаў сваю "культуртрэгерскую" функцыю - вядома, у найлепшым сэнсе слова.
З перыядычнасцю прыкладна ў пяць хвілін над галоўнымі плошчамі Віцебска разносіліся чароўныя гукі "Троіцы" і спевы Ніно Катамадзэ ў суправаджэнні гурта "Insight". Сацыялагічнага апытання я не праводзіў, але больш чым упэўнены, што большасць мінакоў пачула гэтыя цудоўныя калектывы ўпершыню, а канцэрты апошніх, пазначаныя ў фестывальнай праграме, збяруць поўныя залы зацікаўленых слухачоў.
Пагутарыўшы з супрацоўнікамі аддзела рэкламы фестывалю, пацвердзіў слушнасць сваёй высновы: у яго дзейнасці няма выпадковых кампанентаў. Каманда прафесіяналаў дбайна прадумвала кожны аспект прасоўвання "Славянскага базару..." на вуліцах Віцебска. Асабліва гэта тычыцца візуальнага аблічча фэсту: уся яго рэкламная прадукцыя вытрымана ў адным ключы, вынайдзеным дызайнеркай....