zФэст як аб'ект страхавання
Паводле ацэнак праваахоўных органаў, лік наведвальнікаў мінулага сярэднявечнага фэсту ў Навагрудку дасягнуў 40 тысяч чалавек, што супастаўна з насельніцтвам гарадка ў "звычайны" час. Зважаючы на юбілейную дату і шырокую рэкламную кампанію, якая ўжо распачалася ў сталіцы, ды і па ўсёй рэспубліцы, сёлета ў першай сталіцы ВКЛ можа сабрацца яшчэ больш людзей. А масавасць сёння многіх палохае...
- Папярэднія фэсты ўжо паказалі, што калі шмат добрых людзей збіраецца ў адным месцы, нічога страшнага не адбываецца, - адзначыў начальнік аддзела культуры райвыканкама Аляксандр Карачан. - Феномену бескантрольнага натоўпу паспяхова ўдавалася ўнікнуць. Вось і сёлета мы ўжо праводзілі кансультацыі з прадстаўнікамі міліцыі, і тыя зазначылі, што не бачаць невырашальных праблем у забеспячэнні парадку і бяспекі...
Знаёмячыся з праграмай фэсту, хтосьці адзначыць яе разнапланавасць, хтосьці, асабліва - пераборлівы, зверне ўвагу на праявы парушэння "сярэднявечнага фармату" (зрэшты, даволі нешматлікія), а хтосьці зразумее мудры намер арганізатараў: расканцэнтраваць незлічоную колькасць удзельнікаў свята паводле іх упадабанняў.
Напрыклад, у "пікавы час" -
суботні вечар - наведвальнікі займеюць магчымасць выбраць адно з трох мерапрыемстваў. Спектакль Кракаўскага прыдворнага балета "Cracovia Danza" на Замкавай гары здолеюць убачыць толькі 1200 чалавек: колькасць гледачоў абмяжоўвае плошча імправізаванай тэатральнай пляцоўкі. Але тыя, хто ў гэты лік не трапіць, атрымаюць добрую "кампенсацыю" ў выглядзе фестывальнага гала-канцэрта на гарадской плошчы.
- Там будзе як сярэднявечная музыка - скажам, у выкананні "Старога Ольсы", - так і сучасныя інтэрпрэтацыі фольку: той жа гурт "Палац", - распавёў Аляксандр Карачан. - Але, вядома, не эстрада ў чыстым выглядзе...
Для тых, каму гэты даволі нязвыклы фармат не даспадобы, прадугледжана ўласнае свята: паралельна з канцэртам, у гарадскім парку пачнецца дыскатэка на вольным паветры. Камусьці з навагрудскай моладзі па душы будзе менавіта яна, і гэта засцеражэ ад утварэння "крытычнай масы".
Яшчэ адзін "цвік" праграмы - інсцэніроўка, прысвечаная Грунвальдскай бітве, што распачнецца ў нядзелю а 16-й гадзіне, "запаралелена" з іншым "цвіком" - канцэртам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, які, без сумневу, збярэ цэлую плошчу ўдзячных гледачоў. Сапраўды, няпросты выбар паміж шыкоўнай рыцарскай дзеяй і знакамітым калектывам...
Найбольш складаным месцам для забеспячэння парадку з'яўляецца самая вялікая навагрудская адметнасць - Замкавая гара. Туды можна трапіць толькі праз адзін вузкі праход. Платны ўваход на тыя мерапрыемствы, якія там адбудуцца, абумоўлены не толькі эканамічнымі варункамі, але яшчэ якраз і неабходнасцю кантраляваць колькасць публікі. Сёлета цэны на білеты будуць дасягаць 15 - 25 тысяч рублёў. Але гэтага вымагае сама якасць прадстаўленняў. Апрача Кракаўскага балета, у Навагрудак прыедуць таксама рыцары, каскадзёры і музыканты з чэшскага клуба "Berounsti mestane" і літоўскія "Пасланцы Сярэднявечча". Усе гэтыя замежныя калектывы - прызнаныя лідэры ў сваім напрамку.
Шараговыя наведвальнікі здолеюць беспраблемна набыць білеты ў касах, якія размесцяцца на зручных пляцоўках на падыходзе да замка. На жаль, наладзіць іх папярэдні продаж у мінскіх тэатральных касах не атрымалася: арганізатараў фэсту не задаволілі фінансавыя ўмовы супрацоўніцтва. Што да турыстычных фірм... Яны могуць звяртацца непасрэдна ў аддзел культуры. І паколькі месца на Замкавай гары не так і шмат, арганізатары раюць не марудзіць.
Зрэшты, нягледзячы на ўсе меры па захаванні бяспекі, у Навагрудку ўсё ж вырашылі перастрахавацца - у прамым сэнсе слова. На фэст сярэднявечнай культуры выпісаны асобны страхавы поліс - і гэта прытым, што кожны з рыцараў, якія ўдзельнічаюць у баях або пастаноўках, застрахаваны асабіста.
Зрэшты, пра страхавыя выпадкі на свяце думаць не хочацца. І гэта добры стымул, каб пазбегнуць неабдуманых учынкаў - якія, на жаль, ужо былі ў гісторыі фэсту. Пад час інсцэніроўкі штурму замка французская турыстка выйшла па-за межы спецыяльнай агароджы ў пошуку ўдалага ракурсу для фота. Тым часам па схіле высознага вала каціліся "забітыя ваяры" - частка эфектнай пастаноўкі. Адзін з іх выпусціў свой шчыт з вострымі краямі... Уражанні замежнай госці ад вандроўкі былі моцна азмрочаны.
- Пад час чатырох мінулых фэстаў, якія ў сукупнасці наведалі паўтары сотні тысяч чалавек, здарыліся толькі тры выпадкі траўматызму, прычым кожны з іх - па віне пацярпелага, - кажа Аляксандр Карачан. - Адсюль - і мараль...
Дух эпохі ў кулінарыі і сувенірах
Без сумневу, такое масавае свята - сур'ёзнае выпрабаванне і для турінфраструктуры Навагрудка. Тым болей, яна пакуль пакідае жадаць шматкроць лепшага. Але... Стараннямі мясцовых улад фэст створыць уласны аб'ект інфраструктуры. Ля вёскі Сялец, што ўсяго за два кіламетры ад горада, на некалькі дзён з'явіцца вялізны кемпінг, дзе ахвотныя за невялікую плату атрымаюць усе патрэбныя для турыстычнага жыцця выгоды.
Праблему харчавання гасцей вырашаць пункты выязнога гандлю, а вось дабрацца да месца падзей у суботу ранкам і вярнуцца дахаты ў нядзелю ўвечары жыхары іншых гарадоў здолеюць хіба на "ўласных чатырох": апошні рэйсавы аўтобус выпраўляецца на Мінск у 17.00 - і, зразумела, ён зусім не гумовы.
На жаль, транспартныя прадпрыемствы краіны пакуль не разглядаюць падобныя масавыя мерапрыемствы як надзейны спосаб атрымання прыбытку. Абрастанне навагрудскага фэсту ўсімі праявамі належнай турінфраструктуры патрабуе часу. Хаця іншы нязменны яе складнік гэтым разам будзе задзейнічаны ўжо напоўніцу: арыгінальных сувеніраў ручной работы хопіць на ўсіх. Прычым не абы-якіх: арганізатары здолелі сабраць найлепшых майстроў з усёй краіны, якія наследуюць узоры Сярэднявечча. На прасякнутым духам эпохі кірмашы, што разгарнецца на Малым замку, можа будзе спрычыніцца і да такой яе праявы, як кулінарыя.
Зрэшты, эканамічны патэнцыял сярэднявечнага фэсту ў раёне ўжо і сёння ўсведамляюць куды шырэй, чым прадастаўленне турыстам магчымасцей патраціць грошы. У праграме свята пазначана і выстаўка-прэзентацыя прадпрыемстваў краю. А раптам сярод аматараў рыцарскай рамантыкі акажацца зацікаўлены ў супрацоўніцтве бізнесмен?
"Сціплыя" складнікі свята
Абсалютная большасць гледачоў прыедзе ў Навагрудак толькі на ўік-энд. Але часавыя абсягі фестывалю ахопліваюць таксама і пятніцу: 25 чэрвеня ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы пройдзе "круглы стол" "Грунвальд у гісторыі Беларусі". Аляксандр Карачан лічыць гэты "сціплы" складнік свята не менш істотным за масавае шоу:
- Нават самае прыгожае свята хутка праходзіць, а вось вынікі "круглага стала", змешчаныя ў адмысловым выданні, будуць даступныя для ўсіх, хто цікавіцца гэтым перыядам гісторыі (у ім, дарэчы, яшчэ дастаткова "белых плям")...
Фестывальнымі пляцоўкамі стануць і многія іншыя ўстановы культуры горада. У кінатэатры "Зорка" ўвесь суботні дзень будуць дэманстравацца гістарычныя фільмы, а музеі ўжо рыхтуюцца да нечуванага ў звычайныя дні наплыву наведвальнікаў.
- Пад час мінулых "рыцарскіх фэстаў" часам нават даводзілася перакрываць уваход і прасіць людзей трохі пачакаць на ганку, - кажа дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба, - бо сцены нашай установы проста не маглі змясціць усіх ахвотных...
Сёлета сітуацыя паўторыцца. Балазе музей падрыхтаваў да фэсту адмысловую выстаўку - "Успамін пра Грунвальд": там прадстаўлены здымкі, зробленыя на месцы знакавай бітвы. А неўзабаве ў горадзе мае адкрыцца і экспазіцыя запамінальных імгненняў гэтага фэсту: вядомы "майстар камеры" Сяргей Плыткевіч арганізуе фотапленэр. Удзел у ім возьмуць каля 40 аўтараў.
Карысць ад фэсту для раённай культуры - не толькі ў прыкметным павелічэнні аб'ёму платных паслуг. У праграме знайшлося месца і для лепшых калектываў раёна. Да прыкладу, ансамбль народных інструментаў "Гумарэска" адыграе на гарадской плошчы цэлае аддзяленне праграмы.
Але галоўная адметнасць сёлетняга фэсту ў адрозненне ад яго папярэднікаў - гэта ўсё ж павышаная канцэнтрацыя лепшых узораў менавіта прафесійнай культуры. Рэжысёрам адкрыцця, якое ўключае і тэатралізаванае шэсце "з удзелам" Вітаўта і Ягайлы, з'яўляецца галоўны рэжысёр Маладзёжнага тэатра эстрады Вячаслаў Панін. Аздабленне сцэны выканаў мастак Веніямін Маршак...
- Наша традыцыйнае свята вый- шла на новы ўзровень дзякуючы каласальнай дапамозе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, і з'явілася магчымасць прыцягнуць на фестываль вельмі сур'ёзныя творчыя сілы. Самі мы гэтага не пацягнулі б, - адзначыў Аляксандр Карачан.