Гэтыя дні поўніліся здавён і песнямі. Спявалі найчасцей жартоўныя, але абавязкова згадваліся і просьбы да Бога, да Божай Маці, каб у наступным годзе жыццё было лепшым, чым сёлета.
Многія калядна-навагоднія абрады на Палессі звязаны з хлебам ці зернем. Менавіта гэтыя традыцыі ў найвышэйшай ступені сакралізаваны, акружаны шматлікімі забаронамі і рэкамендацыямі. Сфера функцыянавання хлеба ў побыце, а таксама ў абрадавай паэзіі беларусаў-палешукоў вельмі шырокая. Хлеб быў неабходным атрыбутам разнастайных каляндарных абрадаў.
Прыкладам, пад Новы год вечарам наразаюць хлеб на наступны дзень — каб не рэзаць рукі і ногі на працягу года. У час вячэры ядуць хлеб, стараючыся не рабіць крошак: інакш не будуць весціся авечкі. На Каляды сыплюць збожжа на стол з той мэтай, каб быў ураджай на хлеб. Гэтак мяркуюць старажылы ў вёсках Івацэвіцкага раёна.
З дапамогай хлеба праводзілі рытуалы, каб уздзейнічаць на будучы ўраджай (у сувязі з верай у апладняльную сілу прадметаў, якімі б’юць аб дрэва, кладуць на галінкі), як, напрыклад, на Драгічыншчыне: “На Богаты вэчор пэкуть пірогі. Тым пірогом прыдэмо ўжэ, до яблоні прыйдэш, сметечко цэ ужэ покідаеш, а з тым пірогом ужэ подвязывають яблоні пэревясламі. Пірог на руках, в кожну яблоню стукнэш пірогом, шчоб роділа”.
Хлеб выкарыстоўваўся як важны элемент не толькі ў розных культавых абрадах ды дзеяннях, але і ў варожбах пра будучае замужжа, пра тое, які лёс чакае будучых мужа і жонку.
На Піншчыне з хлеба скатвалі шарыкі, а дзяўчаты, як гадаюць, кідаюць іх сабе за спіну: куды трапіла — адтуль і жаніх будзе. На Ганцавіччыне кралі скарынку хлеба, тры разы кусалі ды клалі пад галаву, кажучы: “Хто прыйдзе хлеб доедаць — з тым буду век коротаць”. Жанчына, што распавяла пра гэтую варажбу сваёй нявесткі, дадала: “Тоды раніцою прыйшоў мой сын (у арміі быў) і з’еў той хлеб”.
Тэксты, запісаныя пад час уласных дыялекталагічных экспедыцый па тэрыторыі беларускага Палесся, сведчаць: калядныя і навагоднія традыцыі дасюль жывуць у народзе.
Хоць, бадай, цяпер забабоны і прымхі нашых продкаў часцяком успрымаюцца маладым пакаленнем з усмешкай…
Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
Пінск
Пінск