Адкрываючы цырымонію, міністр культуры Анатолій Маркевіч падкрэсліў важнасць зберажэння памяці пра мужнасць продкаў: «Амаль 77 гадоў аддзяляюць нас ад самай страшнай і крывавай вайны ў гісторыі чалавецтва. Усё далей адыходзіць той трагічны час, але подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў ніколі не згасне. Сёння спрабуюць сказіць гісторыю і адабраць Вялікую Перамогу ў нашага народа. Таму адстаяць праўду пра падзеі тых гадоў — свяшчэнны абавязак беларусаў. Адказам на сучасныя выклікі паслужаць змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, дзе гаворыцца пра захаванне гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа ў гады вайны». Таксама Анатолій Мечыслававіч падзякаваў тым, чыімі намаганнямі ў музейным зборы з’явіліся новыя творы мастацтва.
Заслуга належыць мясцоваму дабрачыннаму фонду імя Аляксея Талая і праекту «Алея расійскай славы». Ініцыятыва нашых усходніх суседзяў, на чале якой некалі стаяў народны артыст СССР Васілій Ланавой, прысвечана ўвекавечанню памяці пра славутых суайчыннікаў. Аўтары праекта ствараюць скульптуры асоб, вядомых сваімі працоўнымі і баявымі подзвігамі. За гады існавання суполка ўсталявала больш за паўтары тысячы помнікаў у Расіі і замежжы. Воінскім часцям, установам культуры і адукацыі мемарыяльныя скульптуры перадаюць у дар. Добры падарунак зрабілі і Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Для яго экспазіцыі абралі бюсты асоб, чыя біяграфія звязана з нашай рэспублікай.
Легендарны военачальнік Васіль Маргелаў меў беларускія карані. Тут, на радзіме свайго бацькі, хадзіў у школу і пачынаў працоўны шлях, пазней скончыў аб’яднаную ваенную школу імя ЦВК БССР і атрымаў накіраванне ў кулямётны ўзвод 33-й стралковай дывізіі Беларускай ваеннай акругі. Славу камандзіру прынесла фарсіраванне Дняпра і вызваленне Херсона сіламі яго гвардзейскай стралковай дывізіі. Менавіта за гэтыя аперацыі Васіль Маргелаў атрымаў званне Героя Савецкага Саюза. Пазней яго падраздзяленне вызваляла Паўднёва-Усходнюю Еўропу.
Удзельніца камсамольскага падполля і партызанскага руху Зінаіда Партнова нарадзілася ў Ленінградзе, але ваенныя выпрабаванні ёй давялося прайсці на беларускай зямлі. Пасля заканчэння навучальнага года ў чэрвені 1941-га дзяўчынка прыехала на адпачынак да бабулі, якая жыла каля чыгуначнай станцыі Обаль у Шумілінскім раёне. Там Зінаіда супрацоўнічала з падпольшчыкамі і партызанамі: распаўсюджвала лістоўкі, ладзіла дыверсіі, здабывала каштоўныя звесткі пра ворага. У снежні 1943 года па дарозе ў атрад трапіла ў рукі гітлераўцаў. Тыя пасля доўгага катавання расстралялі камсамолку.
Бюсты двух герояў, па словах намесніка дырэктара музея Ганны Галінскай, зоймуць годнае месца ў пастаяннай экспазіцыі. Скульптура Зінаіды Партновай дапоўніць залу партызанскага руху і антыфашысцкай падпольнай барацьбы. Аб’ёмны партрэт Васіля Маргелава размесціцца ў прасторы, прысвечанай разгрому Германіі і яе саюзнікаў. Таксама музей атрымаў у падарунак мініяцюрныя бюсты яшчэ 39 гістарычных асоб: Канстанціна Ракасоўскага, Аляксандра Васілеўскага, Мікалая Ватуніна і іншых. Іх плануюць выставіць у зале «Спадчыннікі Вялікай Перамогі».
У калекцыі можна пабачыць статуэтку Героя Савецкага Саюза, камандзіра танкавай роты «Дзяржынец» Андрэя Серабракова, які загінуў пры абароне Варонежа. На цырымоніі ў Мінску выступіла яго дачка Людміла.
— Праект «Алея расійскай славы» ўнікальны. І я вельмі ўсцешана, што на стэндзе сярод іншых палкаводцаў выстаўлены бюст майго таты, — падзялілася Людміла Андрэеўна. — Я люблю беларускую зямлю. Бывала тут часта, калі працавала педагогам, вадзіла дзяцей у паходы па месцах баявой славы. Беларусь у нас заўсёды заставалася маршрутам нумар адзін.
Дарэчы, не застаюцца ўбаку ад зберажэння гісторыі і сучасныя падлеткі. Курсанты Мінскага ваеннага сувораўскага вучылішча даглядаюць магілу танкіста Зіновія Калабанава, які за адзін бой падчас Ленінградскай абарончай аперацыі з засады падбіў 22 варожыя танкі. На сустрэчы ў музеі сувораўцам аддзячылі падарункамі за клопат аб пахаванні героя. Таксама ўзнагароды атрымалі школьнікі, чые эсэ пра Вялікую Айчынную вайну трапілі ў 45-томны зборнік «Жывая памяць удзячных пакаленняў».
Ініцыятар праекта, член Нацыянальнай паралімпійскай зборнай па плаванні і грамадскі дзеяч Аляксей Талай падвёў рысу сустрэчы і агучыў агульны настрой удзельнікаў урачыстасці: «Мы высока шануем памяць нашых дзядоў і прадзедаў. Будзем працягваць іх традыцыю служэння роднай краіне і далей умацоўваць дух нашага народа».
Данііл ШЭЙКА