ПРАЛОГ
Двухдзённая талака з нагоды дня нараджэння пісьменніка Якуба Коласа (3 лістапада), якая прайшла ў Сёмкаве 29 кастрычніка, мела немалы рэзананс. Падтрымаў яе сваёй прысутнасцю тэлеканал АНТ, адгукнуліся публікацыямі іншыя СМІ. У тым ліку — і наша газета. Напрыканцы той лістападаўскай публікацыі “Суботнік у Сёмкаве. “А што зрабіў я?”, мы прывялі словы Аляксандра Мацяса, спецыяльнага карэспандэнта тэлеканала АНТ, які, каментуючы падзею, выказаўся так: “Людзі не просяць “адбудуйце нам”. Яны проста прыходзяць і наводзяць парадак, бо гэтая любоў да чысціні навокал — у нашым менталітэце”.
А ШТО ЗРАБІЎ Я?
Рыхтуючы публікацыю пра кампазітара Міхала Грушвіцкага (“К” №№ 46, 49, 2021), мы вырашылі пабываць у ягоных мясцінах — наведаць маёнтак Грушвіцкіх у Выганічах, завітаць у Ракаў, дзе ён пражыў апошнія некалькі год і дзе быў пахаваны на старых каталіцкіх могілках. Стоячы на занядбаных падмурках сядзібы, нам прыйшла ідэя адсвяткаваць “новы” Дзень народзінаў Міхала Грушвіцкага тут, на Ракаўшчыне. “Новы”, бо раней лічылася, што ён нарадзіўся ў Выганічах 29 лістапада 1828 года , а як паказала знойдзеная намі метрыка яго хросту, нарадзіўся ён 30 лістапада (12 снежня) у Мінску. З маёнтка, які ў некалькіх кіламетрах ад Ракава, мы перамясціліся на ракаўскія могілкі, дзе наведалі магілы Грушвіцкіх — Міхала і Караля (сын кампазітара), якія захаваліся і даглядаюцца месцічамі. Чаго нельга сказаць пра даволі вялікі па памерах сектар старых пахаванняў, які непралазна зарос хмызняком. На вялікі жаль, не толькі хмызняк перашкаджаў расчытаць надпісы шматлікіх напаўзасыпаных і перакуленых надмагілляў ХІХ стагоддзя. Даглядаючы пахаванні сваякоў, месцічы не заўсёды клапаціліся аб тым, каб і побач з імі было чыста. Праўда, да таго, каб пераўтварыць якую-небудзь занядбаную магілу ў сметнік, тут не дайшло. Але ўзгадаліся нам могілкі зніклай у часы апошняй вайны вёскі Радкоўшчына, што ў Смалявіцкім раёне. Там на месцы магіл бацькоў іншага беларускага кампазітара Станіслава Манюшкі мясцовыя жыхары, па няведанні, такі сметнічак і арганізавалі (“К” № 21, 2019).
Блуканні па гушчарах ракаўскіх могілак дарэмнымі не былі. Высветлілася, што непадалёк ад цаглянай піраміды і побач з высокай чыгуннай стэлай Гіпаліта Горскага ёсць сямейнае пахаванне прадстаўнікоў роду Хелхоўскіх. А гэтыя Хелхоўскія, дзякуючы сваяцкім сувязям з родам Хмараў, былі апошнімі дарэвалюцыйнымі ўласнікамі палаца ў Сёмкаве. І менавіта ў іх часы працаваў на сёмкаўскай смалакурні Янка Купала! Пазней высветлілася, што бацькі самога Адама Хмары доўгі час жылі ў Ракаве і нават былі пахаваныя ў старым касцёле (цяпер не існуе). Так нарадзілася ідэя правесці на ракаўскіх могілках суботнік, прысвечаны і Грушвіцкім, і Хмарам-Хелхоўскім, які і адбыўся 4 лістапада. Бралі ў ім удзел валанцёры з Сёмкава Таццяна Хамянкова, Васіль Сідарэнка, Сяргей Пірожнікаў, Ігар Івашкевіч, а з боку рэдакцыі газеты “Культура” — аўтар гэтых радкоў. Змаганне з хмызняком доўжылася ўвесь светлавы дзень. Спрыяла таму сонца і лёгкі мароз. І завершылася ўжо ў прыцемках, пад снегавы “салют” і сумныя развагі. Справа ў тым, што ракаўскія монілкі, як і любыя іншыя старыя клады, што называецца, “жывыя”. Замест старых, занядбаных пахаванняў з’яўляюцца новыя. Прычым, падаецца, часам гэтае “занядбанне” робіцца штучна. Старое надмагілле проста перакульваецца тварам уніз, або ссоўваецца ўбок, каб вызваліць месца для новага пахавання, або проста затоптваецца ў зямлю. Акурат апошнім акордам нашага суботніка стала ўсталёўка такога паваленага надмагілля Кацярыны з Янчэўскіх Дзюдзевіч (памерла ў 1881 годзе), праз якое прайшла сцежка да сметніка. І гэтая праблема — сапраўдная трагедыя, бо свае ж землякі, не прыхадні, сціраюць не толькі адзіную памятку пра гэтых людзей, але і нашу агульную гісторыю. Не кажу ўжо, што за кожным такім знішчаным пахаваннем можа хавацца цікавая або нават сенсацыйная гісторыя. Вельмі хацелася б, каб месцічы, а не толькі жыхары Сёмкава і Мінска, выказалі клопат пра могілкі.
АД СУБОТНІКА ДА КАНЦЭРТА
Пасля вяртання ў Мінск мы ўзяліся за падрыхтоўку да ўрачыстага святкавання Дня народзінаў Міхала Грушвіцкага. І вось 12 снежня, пасля таго як на магіле кампазітара быў запалены зніч, у Januskievic Concert Hall (канцэртнай зале Янушкевічаў), якая знаходзіцца ў прыватным музеі вядомага беларускага мастака Фелікса Янушкевіча, распачалася дзея, вядучай якой была харэограф Алена Прохарава.
Вельмі ўрачыста прагучаў “Паланэз на шлюбную ўрачыстасць” Міхала Грушвіцкага, які выканала трыа Ірэны Афонінай (фартэпіяна), Алены Мялешкі (скрыпка) і Сабіны Пятроўскай (скрыпка). У гістарычнай частцы імпрэзы выступілі пачынальнікі папулярызацыі асобы кампазітара — літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч, які разам з братам Феліксам яшчэ ў 1970-х гадах адшукаў надмагілле кампазітара на могілках, а пазней прысвяціў кампазітару брашуру, і музыказнаўца Святлена Немагай, аўтар некалькіх публікацый пра Міхала Грушвіцкага. Аўтар гэтых радкоў, на падставе сваіх архіўных знаходак, падзяліўся новай і ўдакладніў некаторую старую інфармацыю пра род і асобу кампазітара.
Канцэртная праграма вечарыны, падрыхтаваная Святленай Немагай і Аленай Прохаравай, была надзвычай цікавая і багатая на рэ-прэм’еры. Гучалі адшуканыя і прывезеныя з замежных сховішчаў музычныя творы Міхала Грушвіцкага. А таксама кампазіцыі яго бліжэйшага сваяка і знакамітага скрыпача-віртуоза Міхала Ельскага ды іншых знаных кампазітараў беларускага і польскага рамантызму: Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Фрэдэрыка Шапэна, Напалеона Орды, Генрыха Вяняўскага, Фларыяна Міладоўскага. У імпрэзе, акрамя згаданых вышэй музыкантаў, бралі ўдзел салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі Тамара Рэмез (сапрана) і Аляксей Загорскі (скрыпка), музыказнаўца Святлена Немагай (фартэпіяна), Ева Волкава (скрыпка). А гаспадар канцэртнай залы Валяр’ян Янушкевіч (фартэпіяна) завяршыў музычную частку вечарыны “Паланэзам Агінскага”. Дарэчы, у той вечар, магчыма, упершыню пасля смерці кампазітара, у Ракаве загучала “Малітва” (верш Міхаіла Лермантава з музыкай Міхала Грушвіцкага). У ХІХ стагоддзі партытура “Малітвы” была надрукавана ў Мінску, доўгі час лічылася зніклай, але нядаўна была знойдзена Святленай Немагай.
Асобную частку імпрэзы складала мастацкая выстава краявідаў Ракаўшчыны. Вядомая мастачка Марыя Сыракваш прадставіла серыю акварэльных малюнкаў, створаных у апошнія гады. А мастак-жывапісец Алесь Родзін паказаў два творы 1980-х, адзін з якіх быў падараваны музею Фелікса Янушкевіча. Завяршылася вечарына экскурсіяй па музеі і дыскусіямі пра мастацтва, музыку і, вядома ж, самога Міхала Грушвіцкага.
Адзінае, што прымушала сумаваць у той вечар: далёка не ўсе жадаючыя змаглі патрапіць на імпрэзу. Эпідэміялагічная абстаноўка прымушала нас як арганізатараў увесці такія-сякія абмежаванні на колькасць наведвальнікаў. Але нішто не замінае зрабіць нам яшчэ адну вечарыну пазней. Тым больш што асоба кампазітара ўсё яшчэ патрабуе папулярызацыі.