У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра выставу студэнцкую. Яна адбываецца ў галерэі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, і бяруць у ёй удзел шэсць студэнтаў чацвёртага курса кафедры графікі мастацкага факультэта — Юлія Давыдава, Паліна Барушка, Таісія Барысава, Кірыл Задворны, Валерыя Жылінская, Лаура Аганесян. Хлопец, як бачыце, у гэтай кампаніі толькі адзін. І, здаецца, гэта невыпадкова. Маем справу з тэндэнцыяй. Дзяўчат усё болей сярод абітурыентаў, студэнтаў і выпускнікоў нашай акадэміі, а таксама сярод удзельнікаў выстаў і творчых конкурсаў.
Памятаю, некалькі год назад я папрасіў вядомага нашага графіка Льва Алімава выказацца наконт эстампаў маладых графікаў, выхаванцаў БДАМ, якія рэдакцыя абрала ў якасці ілюстрацый для свайго традыцыйнага навагодняга календара. Ён тады і звярнуў увагу на своеасаблівую “гендарную няроўнасць” — большасць аўтараў, якіх мы выбралі, прадстаўлялі, як прынята казаць, прыгожую палову чалавецтва. Між тым друкаваная графіка — праца складаная ў тэхналагічным сэнсе і даволі цяжкая ў фізічным. Яна традыцыйна лічыцца справай мужчынскай, як увогуле ўся трыяда “жывапіс — скульптура — графіка”. Лічыцца, што жанчыны неяк больш шчыруюць у мастацтве дэкаратыўна-прыкладным. Спадар Леў тады выказаўся ў тым сэнсе, што, хутчэй за ўсё, праз гэту гендарную перавагу ў перспектыве зменіцца эмацыйна-настраёвы лад беларускай графікі.
Думаю, з мэтрам варта пагадзіцца. Доўгі час наша графіка развівалася ў рэчышчы традыцыі, закладзенай трыма выдатнымі творцамі — Арленам Кашкурэвічам, Барысам Заборавым, Георгіем Паплаўскім.
Цяпер іншы час, іншая эстэтыка. Мастакі, удзельнікі гэтай выставы, у творчасці абапіраюцца не столькі на канцэптуальнасць, як на рэфлексіўнасць. Іх, як падаецца, могуць натхняць рэчы і з’явы досыць выпадковыя. Такія як гарадская вуліца, сфатаграфаваная ў незвычайным ракурсе; выпадковае спалучэнне колераў неба і зямлі, незнаёмы твар у эфектным асвятленні, уражанне ад наведання мастацкай выставы ці гартання мастацкіх часопісаў добра падзабытых 70-х гадоў. Ёсць, безумоўна, і жаданне адпавядаць шматаблічнай і супярэчлівай рэчаіснасці. Але дамінуе ўсё ж памкненне паспрабаваць рознае з таго, што ёсць, у спадзяванні знайсці там сваё. Для студэнта гэта справа нармальная. Навучанне хоць і мае творчы чыннік, але адрозніваецца ад самастойнай творчасці.
Асабіста мне на выставе запомнілася літаграфія Кірыла Задворнага “Заслон”, якую я раней ужо бачыў на вялікай, нацыянальнага маштабу, мастацкай імпрэзе. Яшчэ нізка Валерыі Жылінскай “Акно: аб’ектыўнасць”, якая вяртае мяне ў часы, калі я захапляўся Брэдберы і Стругацкімі. Таксама эфектная дэкаратыўнасць у Паліны Барушка.