У прэс-канферэнцыі, што прайшла на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, прымалі ўдзел генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, старшыня “Лістапада” народны артыст Беларусі Аляксандр Яфрэмаў і генеральны дырэктар УП “Кінавідэапракат” Павел Скалабан. “Сапраўднае мастацтва збліжае людзей, вучыць іх ствараць, адчуваць і любіць. Таму і галоўная мэта “Лістапада” — аб’яднаць самы шырокі спектр формаў і жанраў кінамастацтва ў гарманічную сімфонію”, — так Уладзімір Карачэўскі патлумачыў ідэю і слоган фестывалю.
Сёлета дырэкцыя атрымала 273 заяўкі з 54 краін. Найбольшую цікавасць у замежных кінематаграфістаў выклікаў конкурс маладзёжнага кіно “Кіно маладых”. У выніку пасля праведзенага адбору ў асноўным конкурсе ігравога кіно прымуць удзел 13 стужак, у конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі — 14. У конкурсе дакументальнаго кіно за ўзнагароды будуць спрачацца 17 кінакарцін, а ў намінацыі “Кіно маладых” — 23. Спіс фільмаў-удзельнікаў дырэкцыя пакуль не публікуе. Вядома, што ў конкурсе дакументальнага кіно будзе ўдзельнічаць новая карціна вядомага беларускага рэжысёра Галіны Адамовіч “Страла”, у “Лістападзіку” — новая анімацыйная работа знакамітага беларускага рэжысёра Ігара Воўчака “Прэлюдыя і фуга”. На адкрыццё конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” будзе паказаны беларускі анімацыйны мюзікл “Зоркі сёмага неба” рэжысёра Алены Туравай.
Змястоўнай атрымліваецца і пазаконкурсная праграма 27-га кінафестывалю “Лістапад”. Асобныя мерапрыемствы будуць прысвечаны 50-годдзю беларускай анімацыі і 85-годдзю з дня нараджэння класіка беларускага кінематографа рэжысёра Віктара Турава. Таксама пройдуць майстар-класы, творчыя сустрэчы і вялікі круглы стол па пытаннях кінематаграфіі. Пад фестывальныя кінапаказы адведзеныя Дом кіно і сталічныя кінатэатры “Масква”, “Беларусь”, “Цэнтральны” і “Піянер”. Таксама фільмы з фестывальнай праграмы змогуць убачыць гледачы ў іншых рэгіёнах Беларусі. Цырымоніі адкрыцця і закрыцця фестывалю па традыцыі адбудуцца ў кінатэатры “Масква”.
Ужо вядомыя склады прафесійных журы. Пераможцаў і лаўрэатаў у асноўным конкурсе ігравога кіно будзе абіраць журы пад старшынствам знакамітага расійскага рэжысёра і кінапрадзюсара Рэната Даўлецьярава. Разам з ім у журы: акцёр і рэжысёр з Кітая Лю Чжунчжэ, рэжысёр і прадзюсар з Расіі Аляксей Пятрухін, заслужаны артыст Беларусі, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Мішчанчук і папулярная сербская актрыса і рэжысёр Івана Жыгон. Старшыня журы конкурсу дакументальнага кіно — дырэктар тэлеканала “Беларусь 3” Наталля Марынава, старшыня журы “Лістападзіка” — знакаміты рэжысёр і кінадзеяч з Узбекістана Юсуп Разыкаў, журы ў намінацыі “Кіно маладых” узначаліць расійскі рэжысёр і прадзюсар Аляксей Цяльноў.
Старшыня XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” Аляксандр Яфрэмаў адзначыў скіраванасць фестывалю на патрэбы сучаснага гледача: “Зараз людзі не разлічваюць, што ім будуць расказваць пра цяжкасці, з якімі ўсім даводзіцца сутыкацца. Яны чакаюць гісторый са шчаслівым канцом, хочуць пазнаёміцца з героем з пазітыўным поглядам на ўласнае жыццё і рэчаіснасць, здольнага дасягаць вяршынь. Гледачы спадзяюцца, што кіно дасць ім упэўненасць — жыць сапраўды варта і ў ім ёсць сэнс. І мы абавязаны гэта зрабіць. Спадзяюся, задачу выканаем годна”.