Як паведаміў Анатолій Маркевіч, 7 верасня адбылося пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаліся пытанні аб праекце прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2022 год, а таксама аб праекце рэспубліканскага бюджэту на 2022 год і асноўных падыходах па карэкціроўцы Падатковага кодэкса.
Напярэдадні таксама адбылася сустрэча з удзелам віцэ-прэм’ера Ігара Петрышэнкі і намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Луцкага з усімі зацікаўленымі па тэме росту заработнай платы ў сферы культуры. Паводле прагнозаў на 2022 год, сярэдняя заработная будзе паднятая і складзе восемсот дзевяноста шэсць рублёў. Таксама разглядаліся пытанні работы дзяржаўных тэатраў, неўзабаве мусяць быць разгледжаныя бізнес-планы дзейнасці тэатраў на 2022 год, якія будуць прадугледжваць змяншэнне затрат і павелічэнне ўласных даходаў.
Як паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Ірына Дрыга, напярэдадні Дня народнага адзінства, 14 верасня, у Палацы Незалежнасці адбудзецца выстава “Пояс адзінства”, на якой будуць прадстаўленыя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з усёй краіны. 24 верасня ў Брэсце таксама адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды пяцідзесяцігоддзя мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Па выніках візіту прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Рамана Галоўчанкі ў Гродзенскую вобласць неўзабаве будзе прадстаўлены план дзеянняў па выкананні дадзеных ім даручэнняў, якія датычацца канцэпцыі развіцця Навагрудскага замка і аналізу эфектыўнасці рэстаўрацыйных работ у палацава-паркавым ансамблі ў Свяцку Гродзенскага раёна. У Навагрудскім замку на 2022 год запланаваная рэалізацыя пятага пускавога комплексу, які прадугледжвае работы па кансервацыі Дазорнай, Пасадскай і Уваходнай вежаў. У 2023 годзе ў вежы Шчытоўцы мяркуецца стварыць музейную экспазіцыю.