У рамках адкрыцця фестывалю з 12:00 да 17:00 пройдзе канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў 25 нацыянальнасцей (азербайджанцы, армяне, афганцы, беларусы, башкіры, грузіны, дагестанцы, яўрэі, ірландцы, італьянцы, індыйцы, карэйцы, кітайцы, літоўцы, малдаване, немцы, палякі, палестынцы, рускія, татары, туркмены, украінцы, цыганы, чувашы, эстонцы).
У якасці запрошаных гасцей удзел у канцэрце прымуць Заслужаны калектыў дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі — вядучы харэаграфічны калектыў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча, салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны ансамбль танца «Дружба» і інш.
На тэрыторыі Верхняга горада таксама будзе размешчана выстава традыцыйных касцюмаў і прадметаў побыту нацыянальных культур, будуць прадстаўлены вырабы народных рамёстваў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, рэстараны Мінска прадставяць стравы нацыянальнай кухні.
Плануецца, што ў афіцыйным урачыстым адкрыцці фестывалю (у 13:00) прымуць удзел прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, прадстаўнікі Пасольстваў замежных дзяржаў у Рэспубліцы Беларусь, СМІ, старшыні нацыянальна-культурніцкіх грамадскіх аб’яднанняў.