— Мэтавае накіраванне дапамагае выпускнікам навучальных устаноў займець першае працоўнае месца, здабыць прафесійны досвед і пры жаданні замацавацца ва ўпадабаных месцах. Як цяпер у рэгіёнах адбыўся мэтавы набор ва ўстановы культуры?
Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Гомельскай вобласці Інга Заўгародняя:
— Адміністрацыя вобласці адсочвае патрэбы раёнаў у маладых кадрах. Спецыфіка адукацыі сферы культуры ў тым, што адмысловая падрыхтоўка ў будучага студэнта павінна быць на яе першым этапе, калі чалавек толькі вучыцца ў школе. Таму педагогі галіны таксама павінны ўплываць на вучняў, раіць ім згодна са здольнасцямі абіраць адукацыю ў сферы культуры або не. З нашымі рэгіянальнымі ССНУ — Мазырскім дзяржаўным музычным каледжам, Гомельскім дзяржаўным каледжам мастацтваў і Гомельскім дзяржаўным мастацкім каледжам — у нас заключаны пагадненні на пэўную колькасць набору па мэтавым накіраванні. Менавіта гэта і дазваляе замацоўвацца выпускнікам паблізу ад роднага дому.
— Навучэнцам устаноў адукацыі культуры, як нікому іншаму, трэба дасканала ведаць сваю краіну, яе традыцыі і гісторыю і наогул быць патрыётамі Беларусі. Як працуюць над выхаваннем моладзі ў Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў?
Дырэктар Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў Ірына Абдулаева:
— Мы рэгулярна прапаноўваем нашым навучэнцам наведваць знакавыя для беларускай гісторыі месцы. Летась, як і заўсёды, былі з імі на лініі Сталіна і ў Брэсцкай крэпасці, у мінскім Музеі ВАВ. Таксама мы не абмінаем знакавыя аб’екты роднай Віцебшчыны, напрыклад наведвалі лінію “Прарыў” ва Ушачах, былыя канцлагеры ў Докшыцах і Глыбокім. Ды і ў самім Віцебску наша моладзь ведае пра гета, дзе масава знішчаліся яўрэі. Таксама нашы творчыя навучэнцы рыхтавалі гэтай вясной тэатральнае выступленне і тэматычную выставу карцін у гарадскім Музеі памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
— Матэрыяльнае забеспячэнне галіны культуры ў раёнах краіны для рэалізацыі ўсіх задумак — важная задача. Як у рэгіёнах вырашана пытанне наяўнасці аўтатранспарту?
Намеснік старшыні Клімавіцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Наталля Глушакова:
— Што тычыцца нашага раёна, то, калі ўзнікла патрэба ў транспарце, старшыня магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц прэзентаваў на яго набыццё сертыфікат, прыстасаваўшы гэты падарунак да свята міжнароднага дзіцячага фестывалю “Залатая пчолка”. У выніку за сродкі абласнога бюджэту мы закупілі аўтобус на 12 месцаў. Таксама ў наяўнасці ўстаноў культуры раёна маецца “Газель” і легкавая “Шкода”, усе ў добрым стане.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ