У 2000 годзе ў Томску з’явілася грамадская арганізацыя “Белыя Росы”. Потым аналагічная арганізацыя з’явілася ў Томскім раёне. Спачатку ўпор рабіўся на правядзенне культурна-асветніцкіх акцый для беларусаў. Праз час з’явіліся вакальныя ды харэаграфічныя калектывы, пачалася гастрольная дзейнасць.
Пяць фестываляў
Ужо праз пяць гадоў “Белыя росы” былі перарэгістраваны ў мясцовую грамадскую арганізацыю — Нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў Томска. Працягваліся нашы гастролі. У Томску рэгулярна ладзіліся Дні беларускай культуры. Першым знакавым праектам аўтаноміі стала правядзенне першага Міжнароднага фестывалю беларускай культуры “Радзіма мая — Беларусь”. З 2007 па 2018 гады прайшло пяць такіх фэстаў.
13 — 15 красавіка 2007 года ўдзельнікі згаданага фестывалю выступілі з канцэртнымі праграмамі ў шасці раёнах Томскай вобласці. На гала-канцэрт у абласным палацы народнай творчасці “Авангард” сабралася 600 гледачоў.
2008 год. Мясцовая Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томску рэалізавала праект “Мы — дзеці адной краіны, мы — дзеці адной гісторыі”. Хацелася прастымуляваць інтарэс да вывучэння славянскіх культурных традыцый. З таго часу пашыраецца геаграфія дзейнасці нашай суполкі.
2010-ты. Мясцовая аўтаномія Томска аб’ядналася з аўтаноміяй беларусаў Томскага сельскага раёна ў Рэгіянальную грамадскую арганізацыю — Нацыянальна-культурную аўтаномію беларусаў Томскай вобласці.
Праекты
2014 — 2016 гады. Рэалізоўваюцца маладзёжныя праекты “У адзінстве наша сіла”, “Мы розныя, але мы разам”. Такім чынам развіваецца міжнацыянальнае супрацоўніцтва, выхоўваецца культура міжнацыянальных зносін. Валанцёры асяродку выхаванцаў сярэдніх школ і ВНУ прыцягваюцца да правядзення традыцыйных святаў.
Сакавік — красавік 2016-га. Наладжаны першы адкрыты конкурс лялек у нацыянальных касцюмах, у якім прынялі ўдзел школьнікі горада і вобласці.
2017 год. У сяле Зоркальцава створаны Беларускі падворак. Кіраўніцтва вобласці і партнёры дапамаглі ўзвесці Беларускую хатку. Менавіта тут і ладзяцца беларускія традыцыйныя святы і абрады.
2018 год. Аўтаномія атрымала грант Фонду прэзідэнцкіх грантаў на ажыццяўленне праекта “Мае продкі — з Беларусі!” Ладзяцца Дні беларускай культуры, вывучаецца гісторыя сельскіх паселішчаў — месцаў кампактнага пражывання беларусаў.
Экспедыцыі
і візіты
2019 год. Праведзены даследчыя экспедыцыі ў месцы пражывання беларусаў: у Асінаўскі, Шагарскі і Малачноскі раён Томскай вобласці. Падрыхтаваны электронны даведнік, прызначаны для нашчадкаў перасяленцаў, якія прыбылі ў Сібір па “сталыпінскай” рэформе ў перыяд з 1906 па 1917 гады, зацікаўленых ва ўзнаўленні свайго радаводу і сувязяў з гістарычнай радзімай.
Дэлегацыя аўтаноміі прыняла ўдзел у мінскіх мерапрыемствах, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сябры аўтаноміі ў складзе дэлегацый рэгулярна наведваюць радзіму сваіх продкаў, бяруць удзел у фестывалях і з’ездах.
У апошнія гады беларуская аўтаномія займаецца не толькі культурнымі, сацыяльнымі, але і даследчымі праектамі, што маюць грантавую падтрымку. Таму госці з Беларусі пастаянна наведваюць Томскую вобласць. І стасункі гэтыя пастаянна ўмацоўваюцца.
Любоў АДАСКЕВІЧ, старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томскай вобласці”