Адкрываючы пасяджэнне, начальнік аддзела арганізацыйнай работы і дакументазвароту Міністэрства культуры Беларусі Алена Быкава зазначыла, што ў цэлым узровень арганізацыі справаводства ў многіх установах культуры краіны за апошні час значна вырас. Гэта датычыць і пытанняў арганізацыі работ па дакументацыйным забеспячэнні, кантролю за парадкам работы з дакументамі, работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў, арганізацыі “прамых тэлефонных ліній”, работы з дакументамі пад грыфам “для службовага карыстання” ды некаторых іншых.
Падчас семінара.
На семінары выступілі таксама рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская, начальнік аддзела прававой і кадравай работы БДУКМ Марыя Ласкаўнёва, а таксама загадчыца аддзела справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь Таццяна Шаўчэнка.
У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі задалі пытанні на самыя розныя тэмы ў сферы архіўнай справы і справаводства. Напрыклад, асаблівую цікавасць выклікала пытанне падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, адказных за вядзенне справаводства, а таксама выкарыстанне найноўшых камп’ютарных тэхналогій пры стварэнні электронных дакументаў.
Акрамя таго за актыўнае і эфектыўнае садзейнічанне ў правядзенні Міністэрствам культуры мерапрыемстваў па ўдасканаленні і развіцці архіваў дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных міністэрству, калектыў дзяржаўнай установы «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства культуры.
Па выніках мерапрыемства, як адзначыла напрыканцы семінара Наталля Карчэўская, удзельнікам будуць высланы прэзентацыі выступленняў спікераў. Акрамя таго, матэрыялы семінара праз некаторы час будуць размешчаны на афіцыйным сайце БДУКМ, дзе скарыстацца імі зможа любы ахвотны. Натуральна, з мэтай удасканаліць дакументазварот і працу з дакументамі ў сваёй установе культуры.
Завяршылася мерапрыемства прэзентацыяй музейнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў “Скарбы мастацтваў: сувязь часоў”.
Фота аўтара