Развіццё і жыццё любога народа нельга ўявіць без яго традыцыйнай культуры. Маю на ўвазе не толькі вусную народную творчасць, але і асаблівасці побыту, у кожным паселішчы — адметныя. Гэта спадчына нашых продкаў. Без яе захавання засохнуць карані беларускага роду, засмягнуць вытокі сённяшняга дня. З кожнай такой крыніцы піць варта нагбом.
Млыны, караваі і… акарыны
Жыхары Адэльска спрадвеку займаліся млынарствам. А яшчэ тут захоўваецца ўнікальная тэхналогія ткацтва падвойных, двухасноўных дываноў, тэхналогія вырабу адметных велікодных вербачак, якія рабіліся толькі ў гэтым рэгіёне. Адэльчане і хлеб пякуць па адмысловым рэцэпце. Мясцовая традыцыйная кухня занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, як, дарэчы, і творчасць майстра па вырабе драўляных музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча.
Спачатку пра кухню. Ацаніце назвы страў: бабка і кішка бульбяная, капытцы, бігас, цымас, ламанцы... Натуральна, ацэньваць варта не на словах. Таму шчыра чакаем кожнага з вас.
Разьбяр, паэт, кампазітар, віртуозны выканаўца, эксперыментатар і проста сціплы мудры чалавек Мар’ян Скрамблевіч сваю майстэрню абсталяваў у бацькоўскай хаце, а ў цэнтры культуры стварыў музейны пакой, дзе ў далечыні ад гарадской мітусні захоўваюцца звыш 300 музычных інструментаў. Дарэчы, спадар Мар’ян першым у Еўропе пачаў рабіць іх не з гліны, а з дрэва.
Калядоўшчыкі з Жытомлі і Квасоўкі.
Рамонкі і дзьмухаўцы, дубовыя лісточкі, птушачкі, фантазійныя ўзоры — чаго толькі не ўбачыш на велікодных яйках у гарадскім пасёлку Сапоцкін! Да нашых дзён тут захавалася ўнікальная традыцыя роспісу аднаго з галоўных сімвалаў хрысціянскага свята — пісанкі. Спачатку з дапамогай “шпількі” (тонкай палачкі) гаспадыні наносяць на яйка малюнак топленым пчаліным воскам, а затым апускаюць яго ў фарбаваны раствор. Насычаныя адценні — ад залаціста-жоўтага да чырвона-карычневага — атрымліваюцца дзякуючы натуральным фарбавальнікам: лушпайкам цыбулі, кары дуба, кавалкам іржавага жалеза.
Паназіраць за тэхналогіяй роспісу, асвоіць асновы “сапоцкінскай пісанкі” пад кіраўніцтвам майстроў і вырабіць арыгінальны сувенір можна ў Музеі пісанкі, што ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры. А пасля майстар-класаў вас запросяць зазірнуць яшчэ ў незвычайны музей мініяцюр “Нам засталася спадчына”, дзе прадстаўлены копіі архітэктурных жамчужын Гродзеншчыны ў кераміцы.
Ручнікі малой радзімы
Незваротна прайшлі тыя часы, калі ткалі ў кожнай хаце, ды і ручнікі ўжо не выконваюць сваёй натуральнай ролі, як гэта было яшчэ 50 гадоў таму. Амаль перасталі “стукаць” кросны, а калі хто яшчэ і тчэ (пераважна жанчыны сталага ўзросту), дык гэта, у лепшым выпадку, посцілкі ці абрусы.
У 2017 годзе работнікі культуры сабралі мноства разнастайных падоўжаных тканін з вёсак не толькі Гродзенскага раёна, але і Прынямоння. Сёння іх каля сотні, у адзінай кампазіцыі кожны ручнік “размаўляе” з суседнім.
Вельмі радасна, што традыцыі нашых продкаў захаваліся і мы маем цудоўную магчымасць пабачыць на свае вочы прыгажосць працы чалавечых рук у музеі “Мелодыя ручніка” ў вёсцы Зарачанка.
З белай вярбы
Вербная (Пальмавая) нядзеля ў Гродзенскім рэгіёне не абыходзіцца без аднаго з галоўных сімвалаў свята — вярбы. Гродзенскія вербы вельмі адметныя: гэта не толькі святочны атрыбут, але і сапраўдны твор народнага мастацтва.
Традыцыйныя пасхальныя вербы на велікодным кірмашы ў Гродна.
Усе гродзенскія вербы плоскія, вышынёй каля 50 сантыметраў, робяцца абавязкова з трох галінак белай вярбы. Майстры выкарыстоўваюць для іх вырабу самыя разнастайныя па фактуры і пластычных магчымасцях матэрыялы, напрыклад, каласы аўса і жыта, розныя травы (цімафееўка, мятлік і іншыя). Нароўні з травой натуральнай прыроднай афарбоўкі, рознакаляровымі сухавейкамі, якія вытворцы вербаў спецыяльна вырошчваюць, выкарыстоўваюцца расліны, афарбаваныя штучнымі анілінавымі фарбавальнікамі (часцей за ўсё ў чырвоны, зялёны, ліловы, жоўты, аранжавы колеры).
Убачыць калекцыю незвычайных вербаў можна ў Музеі пісанкі ў Сапоцкінскім культурна-турыстычным цэнтры.
Падвойнае мастацтва
“Падвойныя” дываны — адзін з самых вядомых народных брэндаў Гродзенскага раёна. Галоўны сакрэт — дзве асновы розных колераў звязваюцца паміж сабой толькі ў контурных абрысах малюнка. Дзякуючы гэтаму вырабы атрымліваюцца двухбаковыя — светлы ўзор на цёмным фоне і цёмны на светлым; дыван быццам складаецца з дзвюх асобных тканін, якія спалучаюцца адна з адной па краях і ў месцах арнаменту.
Ткацтва — складанае мастацтва. Не пралі ў суботу — “бацькоўскі дзень”. Да “кроснаў” — ручнога ткацкага станка — ставіліся з асцярожнасцю, нават з нейкім забабонным страхам. З хаты ў хату пераносілі аснову, добра накрытую ад ліхога вока, толькі пасля заходу сонца забаранялася пераступаць праз рамку.
За ткацкім станком — Рэгіна Саловіч з Адэльска.
У наш час падвойныя дываны ткуць толькі асобныя майстрыхі. Можна ўмоўна выдзеліць два рэгіёны ў Беларусі, дзе захоўваецца традыцыя падвойнага ткацтва. Дарэчы, яны ўвайшлі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь: вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Цяпер гэта не толькі рэгіянальная, але і нацыянальная каштоўнасць.
Зубр, бусел і грывасты конь
“Беларускае золата” — так у народзе называюць саломку, з якой атрымліваюцца незвычайнай прыгажосці птушкі, грывасты конь, сімвалы Беларусі — зубр і бусел, ганарыстыя прыгажуні — лялькі, цэлыя кампазіцыі з народнага жыцця. Майстры аддзела этнаграфіі, рамёстваў і фальклору Гродзенскага раёна прызвычаіліся здзіўляць. У іх творчым багажы — серыі работ да абрадавых святаў Вялікдня, Калядаў, Купалля.
У 2020 годзе мастацкія практыкі саломапляцення Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і Гродзенскага раёна, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.
Лялькі-абярэгі — не забаўка
Дзецям аграгарадка Індура могуць пазайздросціць малечы з любога іншага кутка нашага рэгіёна — у мясцовым цэнтры культуры з мінулага года адкрыты музей “Лялька ў карагодзе жыцця”, экспазіцыя якога налічвае звыш 300 вырабаў. Як вядома, місія лялек куды больш шырокая, чым забаўка для дзяцей.
Нашы продкі заўсёды бачылі ў ляльках абаронцаў і верылі, што яны валодаюць чароўнымі сіламі, таму існуе шмат лялек-абярэгаў: Багатуха, Зернавушка, Неразлучніца, Спавівачка, Начніца, Дзесяціручка, Жаданніца, Берагіня і іншыя.
У дзень закаханых
Мы шмат пісалі пра падзейна-культурны праект, так званы “сход калядоўшчыкаў” з рэканструкцыяй абрада “Калядаванне” і цыклам мерапрыемстваў “Этнавандроўка ў глыбінку”. Не меншы скарб — Купалле. У Гродзенскiм раёне яго святкуюць 5 лiпеня — у дзень святой Улiяны — дзень сустрэчы закаханых.
Народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага Цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці ды народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” Жытамлянскага Дома фальклору ладзяць традыцыйнае беларускае Купалле не толькі ў сваіх мясцовасцях, але і на Аўгустоўскім канале. Дарэчы, Янка Купала пісаў некалі: “Ах, якое ж Купалейка сёння ў вас,/ Ах, якую ж вы спадчыну маеце!” Такой багатай спадчынай і сапраўды можна ганарыцца.
На шчасце, на багацце!
Нашы продкі шмат увагі надавалі рытуальным дзеянням, якія павінны былі забяспечыць багаты ўраджай. Даўнія традыцыі жывуць. З сівых стагоддзяў дайшоў да нас вельмі прыгожы абрад засевак, альбо, як кажуць інакш, свята першай баразны, што адрадзіў народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага Цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці.
Адзін з самых старажытных земляробчых абрадаў — “Зажынкі” — праводзяць у Гродзенскім раёне. Жанчыны з песнямі па традыцыі жнуць першы сноп — як сімвал пачатку ўборачнай кампаніі.
Першы сноп упрыгожваюць кветкамі і стужкамі. Яго называюць сноп-спарыш, гэта значыць двайны, што сімвалізуе прымнажэнне ўсяго добрага, што ёсць у жыцці. Гэты сноп захоўваюць увесь год каля абраза. Яго каласы лічацца гаючымі. Збожжа нашы продкі выкарыстоўвалі для лячэння людзей і птушак, саломай кармілі хворых жывёл.
Наталля РАМАНОВІЧ, вядучы метадыст Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра
Фота з архіва РКІЦ