Пераасэнсаваннем вядомага гогалеўскага сюжэта занялася добра вядомая беларусам — дзякуючы пастаноўцы сталічнага Маладзёжнага тэатра “Саша, вынесі смецце” — сучасны ўкраінскі драматург Наталля Варажбіт. Аўтар захоўвае містычнасць арыгінала, але гісторыю пра Панначку прачытвае на свой манер. Яна выпраўляе ў глухую вёску Палтаўскай вобласці двух замежнікаў, якіх да
падарожжа падштурхоўвае знаёмства ў Facebook. На звычайным украінскім вяселлі французы адчуюць, што сучасная рэальнасць куды вусцішнейшая за незямных пачвар.
Рэжысёрам знакавай работы з’яўляецца заслужаны артыст Украіны Андрэй Бакіраў. Яго спектаклі неаднаразова станавіліся лаўрэатамі фестываляў і прэмій на радзіме, а таксама ў Беларусі, Расіі і іншых краінах СНД. Як зазначыў мастацтвазнаўца Дзмітрый Ермаловіч-Дашчынскі, шукаючы новыя падыходы да фальклорнай тэматыкі, “дэміург Бакіраў стварае ўкраінскі космас з новай этнаграфічнасцю, сакральнасцю, экспрэсіяй”. У “Вій. Докудрама” рэжысёру ўдалося паказаць абсурд сучаснай украінскай рэчаіснасці праз прызму еўрапейскага светапогляду.