Так што акцыя “Культурная сталіца Беларусі” ў Пінску пачалася паспяхова. А вось праца па стварэнні пінскага “кластару” па вырабе музычных інструментаў толькі цяпер пераходзіць у актыўную стадыю. Між тым, нагадаю, што аказаць мясцовым майстрам усю патрэбную для гэтага дапамогу даручыў мясцовым уладам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
— Бегаю вось па розных адрасах, шукаю памяшканне для майстэрні, — распавёў мне па тэлефоне адзін з пінскіх майстроў Руслан Макарэвіч, чые інструменты высока ацаніў на леташняй выставе ў Мінску Кіраўнік дзяржавы і пра дзейнасць якога “К” пісала летась. — Але пакуль што нічым, на жаль, пахваліцца не магу: ці то памяшканне нам не падыходзіць, ці то вельмі шмат дадатковых патрабаванняў выстаўляецца ад уласнікаў.
Праўда, як адзначыў суразмоўца, нядаўна пры Пінскім гарадскім доме культуры заснавалі Клуб майстроў музычных інструментаў, дзякуючы якому ў пінскіх рамеснікаў з’явілася сваё памяшканне.
— Але гэта не надта вялікі пакой, там надта “не разгорнешся”, — кажа Руслан Макарэвіч. — Натуральна, хацелася б займець вялікае памяшканне, дзе можна было б і інструменты вырабляць, і змясціць усе неабходныя матэрыялы, і нават навучаць усіх ахвотных свайму рамяству. Спадзяюся, мае мары ў хуткім часе стануць рэальнасцю.
Каб не заканчваць на сумным, майстар падзяліўся і добрай навіной: у канцы года на яго выйшлі шэраг кіраўнікоў музычных і мастацкіх школ Беларусі і набылі сем інструментаў.
— Гэтых грошай мне на пэўны час хопіць і на пражыццё, і на набыццё неабходнага матэрыялу для вырабу балалаек і домраў, — адзначыў Руслан Макарэвіч. — Таму цяпер займаюся майстраваннем новых музычных інструментаў. І актыўна шукаю не толькі памяшканне пад майстэрню, але і пакупнікоў. А што будзе далей — пажывём-пабачым. Спадзяюся на лепшае.
Хочацца верыць, спадзяванні спраўдзяцца. Як адзначыла “К” загадчыца сектара культуры Пінскага гарвыканкама Тамара Дземідзенка, самым бліжэйшым часам пытанне з памяшканнем для майстэрні будзе паспяхова вырашана.
— На сёння мы маем некалькі варыянтаў, — кажа яна. — Цяпер трэба вызначыць канчаткова, які з іх нам падыходзіць найлепшым чынам, каб пачаць прыводзіць там усё да ладу — бо, магчыма, будуць патрэбныя пэўныя рамонтныя работы.
На жаль, у канцы мінулага года з Пінска ў Польшчу з’ехаў адзін з мясцовых майстроў — Андрэй Шклёда. Менавіта ён дапамог дэкану факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Аляксандру Сурбе зрабіць скрыпку, якую той потым прадэманстраваў Прэзідэнту Беларусі.
— Але мы працягваем працаваць з тымі мясцовымі майстрамі, якія ахвотна ідуць на супрацоўніцтва — з Русланам Макарэвічам і Мікалаем Ярмальчуком, — кажа Тамара Дземідзенка. — Ужо ў верасні бягучага года яны на базе адной з
мясцовых школ будуць ладзіць факультатывы для навучэнцаў.
Што ж, як бачна, паступова праца па стварэнні пінскага “кластару” па вырабе музычных інструментаў набірае ход. Балазе, у гэтай справе лепей не спяшацца, а рабіць усё грунтоўна і з прыцэлам на будучае. Бо, як летась адзначаў Прэзідэнт Беларусі, важна не толькі сабраць майстроў пад адным дахам, але і стварыць школу, у якой маладыя вучні пераймалі б сакрэты майстэрства ад рамеснікаў старэйшага пакалення.