— Калісьці я рабіў сюжэты пра людзей, якія атрымлівалі гэтую прэмію. Для мяне яны здаваліся нейкімі небажыхарамі, і на той момант я нават і не думаў, што калісьці наш аўтарскі калектыў апынецца сярод іх! — не хавае радасці Руслан Туркоў. — Калі мы пачыналі здымаць “Справу жыцця”, дык і не марылі ні пра якія ўзнагароды. Гэта вялікі гонар — атрымліваць узнагароду з рук Прэзідэнта!
Нам вельмі важны нашы гледачы і рэйтынгі канала, таму галоўнай задачай для нас было распавесці пра вартых увагі людзей цікава і зразумела. Па шчырасці, калі мы пачыналі працаваць, думалі, што вучоныя вельмі сумныя і замкнёныя ўнутры сябе — ды, як высветлілася, памыляліся. Гэтыя людзі жывуць сваёй мэтай, яны адкрытыя, цікавыя суразмоўцы і ў іх шмат ідэй, якія яны імкнуцца ўвасобіць у жыццё. Для праекта абіралі тых герояў, чые распрацоўкі нам былі ўжо вядомыя, а таксама шукалі даследчыкаў, якія калісьці з цікавымі ідэямі былі намінаваныя на розныя прэміі, але чамусьці не атрымалі іх. Мы працавалі па наступнай схеме: спачатку бралі інтэрв’ю, пераносілі яго на паперу, а потым рэжысёр, сцэнарыст і здымачная каманда зноў вярталіся да чалавека, каб зняць з ім дакументальныя пастаноўкі, што аднаўлялі некаторыя падзеі, якія адбыліся ў яго жыцці.
Наш серыял складаецца з двух цыклаў — навуковага і культурнага. У першы ўваходзяць 12 фільмаў па 15 хвілін, з культурнага да гэтага часу знята пакуль 8 серый. Усё мы зрабілі за два месяцы, пры гэтым адначасова працавала 6 груп. АТН звыклася працаваць аператыўна, хаця здымачны працэс серыяла адрозніваўся ад звычайнага для нас працэсу стварэння навін. Мы змагаліся за якасць карцінкі, таму Агенцтва спецыяльна закупіла новае абсталяванне: камеры 4K Full HD, квадракоптары.
Цяпер жа мы зноў працуем, збіраем матэрыял, але не хочам рабіць цыклавыя праграмы, якія выходзяць кожны дзень, бо якасць у такім выпадку апынаецца ўсё ж такі на першым месцы. Лепей менш, але больш якасна, — да гэтага мы і імкнёмся.
Лічу, што беларусам варта паглядзець серыял “Справа жыцця” хаця б дзеля таго, каб зразумець, што любы чалавек можа ўвасобіць сваю мару. Усе нашы героі — звычайныя людзі. Як і ва ўсіх нас, у іх былі свае мары, і яны дамагліся іх ажыццяўлення. Нам вельмі прыемна кожным разам адкрываць для сябе тых навукоўцаў і дзеячаў культуры, якія ніколі не спыняюць свой рух.