Рэвалюцыйным цэнтрам становіцца Мінск
У снежні 1876 года Пляханаў стаў адным з арганізатараў і актыўных удзельнікаў палітычнай дэманстрацыі, якая адбылася на плошчы каля Казанскага сабора ў сталіцы Расійскай імперыі Пецярбургу. У гэты час малады Георгій, як і старэйшыя таварышы-народнікі, быў прыхільнікам Вісарыёна Бялінскага (сваяк Пляханава па маці) і Мікалая Чарнышэўскага. Не выпадкова, што першае сур’ёзнае палітычнае мерапрыемства, у якім удзельнічалі рабочыя і студэнты, ураджэнцы беларускіх губерняў, было прысвечана Чарнышэўскаму, які знаходзіўся ў той час у ссылцы. Сярод пецярбургскіх аднадумцаў Георгія Пляханава, а пазней і актыўных удзельнікаў “Чорнага перадзелу” ў Мінску, былі былыя студэнты пецярбургскага ўніверсітэта Анатоль Бонч-Асмалоўскі (ураджэнец Віцебска), мінчане Ісак Гурвіч і ягоная сястра Яўгенія — арганізатар пляханаўскай друкарні ў Мінску, перакладчыца “Капітала” Карла Маркса, актыўная ўдзельніца падрыхтоўкі І з’езда РСДРП і І з’езда Бунда, а таксама (у 1917 годзе) член выканкама Мінскага савета дэпутатаў.
Калегі і сябры Георгія Пляханава, у прыватнасці тыя, з кім ён ствараў арганізацыю “Вызваленне працы”, паўплывалі на ягоныя ідэйна-тэарэтычныя погляды. Сярод іх былі людзі, якія мелі беларускія карані і звязвалі сваё жыццё з этнічнымі беларускімі землямі — Вера Засуліч, ураджэнка Смаленскай губерні, Павел Аксельрод, што доўгі час жыў і вучыўся ў Магілёве (там жа — і народніца Ганрыета Дабрускіна, якая дастаўляла рэвалюцыйную літаратуру ў Беласток і Варшаву), а пазней і Любоў Аксельрод з Віленскай губерні.
У 1877 і 1878 гадах за сваю рэвалюцыйную дзейнасць Пляханаў арыштоўваўся. З прычыны ўзмацнення ціску ўладаў ён вымушаны быў некалькі разоў эміграваць за мяжу, але сувязі з Расійскай імперыяй, у прыватнасці, з беларускімі народнікамі (у першую чаргу з “чорнаперадзельцамі”), не спыніліся. Гэтаму садзейнічала тое, што да эміграцыі Пляханаў неаднаразова прыязджаў у Мінск, дзе займаўся арганізацыяй падпольнай друкарні “чорнаперадзельцаў” (у ёй выйшлі газеты “Чорны перадзел” (№№ 3 — 5) і “Зерне” (№№ 3 — 6). Частка супрацоўнікаў друкарні мінскай групы пад пагрозай арышту была вымушана з’ехаць за мяжу). Наогул, у заходніх губернях імперыі народнікі першапачаткова (пасля расколу арганізацыі “Зямля і воля”) прытрымліваліся пазіцый пляханаўскага “Чорнага перадзелу”. Асабліва шмат яго прыхільнікаў знаходзілася ў Мінску. Да ліку самых актыўных адносяць Анатоля Бонч-Асмалоўскага, Яўгенію Гурвіч і членаў іх сем’яў.
1880 год Пляханаў з жонкай пад прозвішчам дваран Сямашкаў сустрэлі ў Пецярбургу, адкуль Георгій Валянцінавіч павінен быў зноў тэрмінова з’ехаць. Спачатку ў Мінск, куды перамясціўся цэнтр палітычнага жыцця “Чорнага перадзелу”, а потым — за мяжу. У гэты час у сталічных гарадах і буйных губернскіх цэнтрах вяліся масавыя арышты рэвалюцыянераў-народнікаў — асабліва пасля каранацыі імператара Аляксандра ІІІ. Рэпрэсіі значна ўзмацніліся і ў заходніх губернях, у тым ліку ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне і Вільні. Разам з тым, Аляксандр ІІІ у 1883 годзе амнісціраваў удзельнікаў паўстання 1863 — 1864 гадоў. Верагодна, гэтыя абставіны надалі дадатковы аптымізм студэнцкім арганізацыям Пецярбурга, якія выступалі з ініцыятывай аб’яднання народніцкіх арганізацый Беларусі і стварэння групы “Гоман”. Сярод галоўных ідэолагаў і арганізатараў “Гомана” быў Аляксандр Марчанка, які ў 1881 годзе ўзначальваў студэнцкі гурток “Беларуская грамада”.
Замоўца кніг — паэт Адам Гурыновіч
Народнікі-эмігранты значна паўплывалі на аднапартыйцаў, што засталіся, у прыватнасці, у Беларусі, у тым ліку на паэта і рэвалюцыянера Адама Гурыновіча, ягоных аднадумцаў, а таксама на дэлегатаў І з’езда РСДРП ды іншых беларускіх сацыялістаў. Так, Адам Гурыновіч стварыў у Пецярбургу групу рэвалюцыйнай моладзі. Затым праз сваіх сяброў звязаўся з Георгіем Пляханавым і замаўляў рэвалюцыйную літаратуру. Па меркаванні даследчыка Івана Лушчыцкага, замовы кніг Пляханава і ягоных калег дасягалі 30 — 50 і нават 200 экзэмпляраў. Вядома і тое, што Гурыновіч падтрымліваў сувязь з Пляханавым і ягонай групай “Вызваленне працы”. Наогул, Лушчыцкі быў перакананы: на светапогляд беларускага паэта, мысліцеля і членаў ягонай групы вялікі ўплыў аказалі работы Пляханава “Сацыялізм і палітычная барацьба” і “Нашы рознагалоссі”. Такія высновы былі зроблены на аснове ліста Адама Гурыновіча (ад 2 лістапада 1892 года) у Швейцарыю, а таксама іншых архіўных дакументаў.
Мінскія бібліятэкі Пляханава і Гурвіча
Вядома, што ў 1922 годзе бліжэйшы паплечнік Пляханава па рэвалюцыйным руху і мінскім народніцкім падполлі Ісак Гурвіч, які да гэтага часу стаў доктарам філасофіі і аўтарытэтным вучоным-эканамістам у Нью-Ёрку, падарыў нядаўна створанаму Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту асабістую бібліятэку, у якой налічвалася некалькі тысяч тамоў. Менш вядомы лёс значнай часткі бібліятэкі Георгія Пляханава, збіраць якую ён пачаў яшчэ ў той час, калі адкрываў у Мінску друкарню і ствараў органы кіравання народніцкай арганізацыі “Чорны перадзел”.
Наогул, унікальную бібліятэку Пляханава дапамаглі стварыць ягоныя беларускія паплечнікі і сябры. Асабліва вялікую ролю ў яе фарміраванні аказала фінансавая падтрымка Мікалая Судзілоўскага (нарадзіўся ў Магілёве), больш вядомага як доктар Русэль. Пляханаў набываў (часта галадаючы) кнігі, у прыватнасці, “Капітал” Маркса, накіроўваў на выданне і набыццё кніг амаль усе сродкі сям’і (так, да канца ХІХ стагоддзя ў ягонай бібліятэцы налічвалася амаль дзве тысячы кніг на 18 мовах).
Лёс кнігазбору
Легенда бібліятэчнай справы ў Беларусі Іосіф Сіманоўскі (1892 — 1967) не толькі стаў першым дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі ён скончыў Бернскі ўніверсітэт (1914) і быў знаёмы з першымі сацыял-дэмакратамі Расіі, у тым ліку з Пляханавым, Гурвічам і іншымі вядомымі асобамі. Сярод іх была і Яўгенія Гурвіч, у якой у 1922 годзе ён прымаў бібліятэку БДУ.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце і яго бібліятэцы дасюль шануюць першую загадчыцу і складальніцу кніжнага фонду БДУ Яўгенію Адольфаўну Гурвіч, сястру вядомага народніка і сацыял-дэмакрата, бліжэйшую супрацоўніцу друкарні Пляханава ў Мінску. Аднак і старажылы БДУ не могуць згадаць лёс вядомай бібліятэкі ў некалькі тысяч тамоў, што была падаравана ўніверсітэту прафесарам з Нью-Ёрка Ісакам Гурвічам (зразумела, у ёй маглі аказацца і кнігі са збору Пляханава). А справа ў тым, што бібліятэка БДУ ў 1922 годзе была аб’яднана з Дзяржаўнай бібліятэкай БССР. Апошняй (цяпер гэта галоўная бібліятэка краіны) быў перададзены амаль увесь фонд кніг БДУ, у тым ліку і падараваная бібліятэка Гурвіча.
Пасля трагічных падзей Другой сусветнай вайны ў Нацыянальнай бібліятэцы засталося літаральна некалькі кніг, гаспадаром або аўтарам якіх з’яўляўся Ісак Гурвіч. Супрацоўнікі аддзела рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі дапамагалі аўтарам знайсці гэтыя вельмі ўнікальныя выданні.
Сувязі “Вызвалення працы” з рэвалюцыянерамі Беларусі былі распаўсюджаны на працягу ўсяго перыяду дзейнасці гэтай арганізацыі. Яны садзейнічалі пераходу перадавой часткі рэвалюцыянераў ад народніцтва да сацыял-дэмакратыі, а пазней і арганізацыі ў Беларусі вялікай колькасці рэвалюцыйных партый. Значную ролю ў гэтым адыгралі газеты, кнігі і іншая літаратура з бібліятэк Георгія Пляханава, Ісака Гурвіча і іх аднадумцаў, якія засталіся ў Мінску, Вільні — гарадах, што адыгралі адметную ролю ў будучым лёсе незалежнай Беларусі.
Рыгор ЛЯНЬКЕВІЧ, дацэнт кафедры культуралогіі БДУ, кандыдат філасофіі,
Вольга СТАШКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі НАН Беларусі