Паралельна з тынкоўкай, шпатлёўкай, афарбоўкай залаў ідуць працы ў сутарэннях, рэстаўруюцца дзверы, будуюцца дванаццаць ганкаў. Рэстаўратары “чаруюць” над складанымі ляпнінай, столевымі карнізамі, разеткамі пад люстры. Здымаюць злепкі, каб вырабіць столевыя карнізы там, дзе іх практычна не засталося. А наперадзе — вялікае добраўпарадкаванне тэрыторыі плошчай каля 4000 квадратных метраў.
На завяршэнне работ па рэканструкцыі помніка архітэктуры XVIII стагоддзя з мясцовага бюджэту выдаткавана 13 мільярдаў рублёў, а неабходна, папярэдне, 22 мільярды. Паспяхова ўвесці аб’ект можна будзе пры ўмове своечасовага фінансавання падрадных работ.
Пакуль жа плануецца, што палац расчыніць свае дзверы ў Дзень беларускага пісьменства. А потым “Маленькі Версаль” стане пляцоўкай Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Раённага гістарычнага музея, а таксама канферэнц-залай для дзелавых і культурных імпрэз.
Нагадаю, што Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне быў узведзены ў 1900 годзе віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім. Князь Ксаверый Друцкі-Любецкі быў накіраваны Расійскай імперыяй Паслом у Францыю, а вярнуўшыся, стварыў “маленькі Версаль” проста ў Шчучыне. Князі валодалі палацам да 1939 года. У савецкія часы там размяшчаўся Дом афіцэраў.
Ала БІБІКАВА
Шчучын
Фота аўтара