Натуральна, мы паабяцалі чытачам прадоўжыць гэтую тэму. На момант першай публікацыі “К” было вядома толькі тое, што на рухавіку самалёта выбіты нумар, па якім можна адшукаць у архівах звесткі пра лётчыка. Меркавалася, што гэта знішчальнік. Супрацоўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клічаўшчыны распавялі, як колішнія сведкі тых ваенных падзей расказвалі, што над Мяжным быў няроўны паветраны бой. Адзін лётчык нібыта выратаваўся з дапамогай парашута. Значыць, другі наш знішчальнік трапіў у балота разам з пілотам? Днямі пошукавікі і высвятлялі гэтыя пытанні.
Член пошукавай групы Лілія Счыслёнак, метадыст Клічаўскага цэнтра дзіцячай творчасці, падтрымліваючы сувязь з нашай рэдакцыяй, паабяцала трымаць нас у курсе спраў. І вось да нас прыйшоў артыкул, дзе расстаўлены амаль усе кропкі над “і”.
Яўген РАГІН
Савецкі самалёт, пра які вядзецца гаворка, быў збіты ля вёскі Мяжное восенню 1943 года. Добра захаваліся цыліндры рухавіка і прапелер. На цыліндрах заўважаны нумары, па якіх з дапамогай расійскіх калег з пошукавага форуму “Трызна” быў устаноўлены і нумар самога самалёта — 11013. Такім чынам, толькі праз семдзесят з лішнім гадоў адкрыліся абставіны гібелі савецкага бамбардзіроўшчыка і двух членаў яго экіпажа.
Так, у балота трапіў не знішчальнік, а менавіта бамбардзіроўшчык. Як высветлілася, 27 кастрычніка 1943 года пяць экіпажаў Іл-4 17-га гвардзейскага бамбардзіровачнага авіяпалка авіяцыі дальняга дзеяння вылецелі з аэрадрома “Адуева” (паўднёва-ўсходняя частка горада Мядынь (тады — Смаленская, сёння — Калужская вобласць) з баявым заданнем бамбардзіроўкі чыгуначнага вузла “Мінск”. Сярод іх быў і экіпаж гвардыі малодшага лейтэнанта Клімачэнкава.
Ва ўзнагародным лісце на камандзіра, які адшуканы на сайце “Мемарыял”, пра гэты вылет гаворыцца наступнае:
“27.10.43 г. пры налёце на чыгуначны вузел “Мінск” і пасля праходжання лініі фронту самалёт быў атакаваны нямецкім знішчальнікам. Пры гэтым стралок і радыст былі забіты, машына згарэла, сам гвардыі малодшы лейтэнант Клімачэнкаў са штурманам Гваздоўскім спусціліся на парашутах на тэрыторыю, занятую праціўнікам. Пасля многіх намаганняў камандзір і штурман дабраліся да партызанскага атрада, адкуль былі перакінуты праз лінію фронту. 25.01.44 г. Клімачэнкаў вярнуўся ў часць і зноў увайшоў у строй баявых лётчыкаў…”
Пацвярджэнне таго, што савецкі бамбардзіроўшчык ДБ-3 (Іл-4) быў збіты 27 кастрычніка на вышыні 4 600 м у квадраце “Мяжное”, было знойдзена ў фашысцкага лётчыка. Яго група начных знішчальнікаў восенню 1943 года базіравалася ў Оршы. Дзякуючы цеснаму супрацоўніцтву з расійскімі даследчыкамі ўдалося ўстанавіць падрабязнасці трагедыі ў Клічаўскім лесе і лёсы лётчыкаў. Усе яны — 20-25-гадовыя хлопцы, служылі ў 17-м авіяпалку.
Камандзір экіпажа Дзмітрый Клімачэнкаў, — 1922 года г. н., ураджэнец Калінінскай (сёння — Цвярской) вобласці — выскачыў з парашутам з палаючага самалёта. Трапіў да партызан, потым вярнуўся ў сваю часць. Працягваў па-геройску ваяваць. Здзейсніў 134 баявыя вылеты, узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Пасля вайны даслужыўся да генерал-маёра. Памёр у Палтаве ў верасні 2012 года.
Штурман самалёта гвардыі старшына Аляксей Гваздоўскі — 1918 г. н., ураджэнец Варонежскай вобласці — выскачыў разам з камандзірам і з дапамогай партызан вярнуўся ў свой полк. 9 ліпеня 1944 года ў складзе іншага экіпажа быў збіты і з баявога задання не вярнуўся…
Стралок-радыст — начальнік сувязі авіяэскадрыльі гвардыі старшына Вячаслаў Хайлаў (1919 г. н., ураджэнец Масквы) і стралок-радыст, малодшы сяржант Хакім Музафараў (1923 г. н., ураджэнец Ташкента) загінулі над Мяжным. Да 3 лютага 2015 года лічыліся прапаўшымі без вестак. Цяпер Магілёўскі пошукавы атрад “Віккру” расшуквае родзічаў загінулых.
Група “Ольса” працягвае пошук. Перазахаванне астанкаў Вячаслава Хайлава і Хакіма Музафарава плануецца правесці 9 мая 2015 года.
Лілія СЧЫСЛЁНАК, член пошукавай групы “Ольса” Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба “Віккру”, метадыст Клічаўскага цэнтра дзіцячай творчасці