У першы бой за вёску Курганава Фрыц пайшоў з біноклем. Ён павінен быў весці назіранне за праціўнікам. Разам з партызанам-кулямётчыкам уладкаваўся на гарышчы драўлянага дома. Падпусціўшы гітлераўцаў блізка, партызаны адкрылі агонь. Фрыц паказваў цэлі свайму таварышу. Зарыентаваўшыся, фашысты ўзялі дом пад абстрэл і паранілі кулямётчыка. У гэтым баі Фрыц забіў ворага, які спрабаваў прыхавацца ля сцяны дома, выратаваў параненага таварыша і здабыў сабе зброю — ручны кулямёт. Партызаны прымусілі праціўніка адступіць.
Хадзіў Шменкель у разведдазоры. Аднойчы на дарозе разам з баявымі таварышамі спыніў легкавы аўтамабіль, у якім ехалі двое нямецкіх афіцэраў з суправаджаючым. Западозрыўшы няладнае, фашысцкі лейтэнант схапіўся за кабуру, але Фрыц апярэдзіў яго. Шафёр націснуў на газ, і тут Шменкель чаргой з кулямёта прадзіравіў шыны. Партызаны захапілі штабныя дакументы, зброю і палонных. Пасля гэтай аперацыі ў атрадзе Шменкеля сталі называць Іванам, Іванам Іванавічам, Ванем.
У чэрвені 1942 г. партызаны атрада прынялі прысягу. Фрыц Шменкель цвёрда вымаўляў кожнае слова: “Я, грамадзянін Германіі, клянуся, што не выпушчу з рук зброю датуль, пакуль русская зямля і мая радзіма не будуць вызвалены ад фашыстаў… Я клянуся ўсімі сіламі дапамагаць Чырвонай Арміі, не шкадуючы пры гэтым свайго жыцця…”.
Пра з’яўленне сярод партызан нямецкага ваеннаслужачага даведаліся фашысцкія разведслужбы. За сям’ёй Шменкеля ў Германіі быў усталяваны нагляд, яе пазбавілі выплат, у доме правялі вобыск. За галаву Фрыца была прызначана ўзнагарода: 25000 нямецкіх марак.
Пасля доўгіх і цяжкіх баёў з карнікамі партызаны атрада “Смерць фашызму!” злучыліся з савецкімі войскамі. Фрыца Шменкеля з абмарожанымі нагамі адправілі на лячэнне ў санаторый Міціна на Волзе. Пасля выздараўлення, вясной 1943 г., прыбыў у штаб партызанскага руху Смаленскай вобласці — у новай ваеннай форме, з ордэнам Чырвонага Сцяга на грудзях. На працягу 8 месяцаў праходзіў падрыхтоўку да працы ў тыле гітлераўцаў.
30 снежня 1943 г. Ф.Шменкель перайшоў лінію фронту. Пры выкананні баявога задання ў Мінску яго схапілі фашысты і жорстка катавалі.
Ваенны суд прыгаварыў Шменкеля да расстрэлу, пасяджэнне праходзіла ў будынку на плошчы Свабоды. 22 лютага 1944 г. прысуд быў выкананы...
У 1964 г., у дні святкавання 20-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе супраць гітлераўцаў, Фрыцу Шменкелю было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Яго імя занесена ў беларускія энцыклапедыі, пра яго напісана шмат артыкулаў і кніг. Кінематаграфісты Беларусі і Германіі знялі пра Фрыца Шменкеля фільм “Я хачу вас бачыць”.
Раіса ЧАРНАГЛАЗАВА
Мінск