Самая ранняя з прыведзеных у альбоме работ была створана ў 1959 годзе, самая позняя — у 2006-м. Ёсць пэўная сімволіка ў тым, што кніга выйшла з друку напярэдадні Дня Перамогі, бо тэма народнага Подзвігу ў Вялікай Айчыннай вайне была ў творчасці Кашкурэвіча стрыжнявой, і яе эмацыйнае водгулле адчуваецца і ў ягоных цудоўных работах “мірнай” тэматыкі.
У альбоме прыведзены такія шэдэўры Арлена Кашкурэвіча, як аркушы з серыі “Партызаны”, “Блакада”, ілюстрацыі да “Фаўста” Гётэ і “Карнікаў” А.Адамовіча. Псіхалагічны стан мастака ў апошнія гады жыцця адлюстраваны ў малюнках цыкла “Concerto Grosso”. Аўтар нібыта кажа, што жыццё — гэта вялікі канцэрт, дзе чалавек — і кампазітар, і выканаўца, і слухач адначасова. А музычны інструмент на гэтым “Concerto Grosso” — Душа...